Бізнесмен з Гомеля, які прыдумаў лозунг пратэстаў “беларус беларусу беларус”

Гісторыя былога палітвязня Сяргея Гуня

by ZB

У кастрычніку 2020 года інтэрнэт абляцелі фотаздымкі збітага міліцыянтамі маладога мужчыны. На твары з крывападцёкамі і гематомамі, нягледзячы на траўмы, лунала ўсмешка. Пазней сталі вядомыя абставіны збіцця Сяргея Гуня. Так звалі гэтага беларуса. Ён трапіў пад рэпрэсіі за тое, што зняў на відэа момант, як супрацоўнікі АМАП жорстка разганяюць марш салідарнасці пенсіянераў у Менску. З гэтага моманту яго жыццё змянілася на “да” і “пасля”. Штодзеньпаразмаўляў з былым палітвязнем, які цяпер жыве ў Варшаве, пра ягоную “гомельскую гісторыю”, што ён вынес з турэмнага часу і далейшыя планы.

Ураджэнец Гомеля Сяргей Гунь пабудаваў у Беларусі паспяховы бізнес, адкрыў івэнт-агенцыю. У 2020 годзе ён, як і шмат хто з беларусаў, далучыўся да пратэстаў супраць фальсіфікацыяў выбараў, яго затрымлівалі, збівалі, ён адбыў тэрмін у калоніі. Мы публікуем першую частку інтэрв’ю з Сяргеем пра ягонае ранейшае “апалітычнае жыццё”, пра трансфармацыю свядомасці, турэмны досвед і эміграцыю.

Штодзень: Распавядзі пра сябе, пра свой гомельскі перыяд

Сяргей Гунь: Нарадзіўся я ў Гомелі ў 1980-м алімпійскім годзе. Жыў там у Красным, там жа скончыў школу. Калі мы былі ў 10 класе, мае сябры пайшлі ўсе ў музыкалку вучыцца на гітары. А я тады ўжо навучыўся і спяваў песні. Але ўсе пайшлі, дык і мне гэта патрэбна.

Прыйшоў да дырэктара той школы і спытаў, ці ёсць у іх саксафон. А дырэктар быў кларнетыстам, раней у рэстарацыях граў на саксафоне. І ён так узрадаваўся, што тут нехта пра саксафон загаварыў. Музыкальная школа ж – сельская.

 

Саксафаніст. Малюнак Сяргея Гуня

Я пачаў займацца на гэтым інструменце, і так добра ў мяне атрымлівалася, што я вырашыў паступаць пасля 10 класа ў каледж Сакалоўскага ў Гомелі. Паступіў, але сумаваў па школе. І так атрымалася, што я здаваў са сваім класам экстэрнам іспыты за 11 клас.

Пасля мае сябры ўсе пачалі паступаць ва ўніверсітэты. Я пайшоў на падрыхтоўчыя курсы ў ГДУ і пачаў рыхтавацца да паступлення на фізкультурны факультэт, бо займаўся спортам.

І калі ўжо прыйшоў час гэтых іспытаў, я ўжо нешта падумаў: “Ай, можа ў Сакалоўскага і лягчэй, там творчая атмасфера, і так, файна было” . Пайшоў здаваць, фізкультуру здаў лепей за тых майстроў спорта, таксама была найлепшая адзнака па моўным іспыце. А біялогію я заваліў.

І неяк іду з гэтай біялогіі і радуюся, што не паступіў.

 

Сяргей Гунь. Актуальнае фота

Калі вучыўся ў Сакалоўскага, працаваў у гомельскім цырку, у аркестры. І там так атрымалася… мы рыхтаваліся да дзяржіспытаў, гэта недзе ў траўні на чацвёртым курсе. Тады ў нас па Беларусі гастраліраваў цырк-шапіто, у ім саксафаніст з’ехаў на кантракт. Трэба было выручаць.

І мы па чарзе з сябрам: тыдзень ён катаецца з тым шапіто, тыдзень я. І пры гэтым трэба ж было дзяржпраграму здаваць. Але гэтая праца ў цырку дала вельмі шмат для маіх прафесійных якасцяў, бо там якраз эстрада, джаз – гэтыя напрамкі.

Атрымалася паступіць у ВНУ?

У 2000 годзе я скончыў Сакалоўскага. З сябрам мы з’ездзілі ў роту ганаровай варты на праслухоўванне. Мы збіраліся паступаць, але калі не паступім, то пайсці ў войска на месца, дзе можна было займацца на інструментах. Але атрымалася паступіць у Інстытут культуры ў Мінску.

Калі я там вучыўся, да нас прыйшоў новы выкладчык-саксафаніст, вельмі круты. У яго былі суперкрутыя хлопцы, баявыя, з дзяцінства. Мы збіраліся і гралі ў ансамблі, быў такі прадмет. І там трэба было граць джазавую музыку.

Мяне, як толькі паступіў, панесла мяне ва ўсе цяжкія: КВЗ, клуб, стэнд. Таму я да спецыяльнасці ставіўся так… гультайнічаў. Гэты выкладчык на мяне наязджаў. І тут мы сталі граць у гэтых ансамблях, а ў мяне ўсё атрымліваецца. Я ж у цырку граў. А ў хлопцаў ягоных класічная падрыхтоўка, таму з джазам ім было цяжка, бо трэба было адчуць манеру. А ў мяне так усё файна атрымлівалася, што да гэтага часу запомніўся гэты момант.

У нас да 2000 года ва ўніверсітэце культуры самадзейнасці не было. Ды і такі адносіны да яе былі: мы ўсе прафесіяналы, а тут нейкая самадзейнасць. Хаця гэта ж студэнцкае жыццё, практыка.

І вось хлопец-выпускнік нашага ўніверсітэта арганізаваў СТЭМ (студэнцкі клуб эстрадных мініяцюр), студэнцкі клуб і пайшоў туды працаваць дырэктарам. Там сабралася шмат людзей. Напэўна, чалавек трыццаць нас было. Мы рабілі там нейкія канцэрты, да нас палова ўніверсітэту прыходзіла паглядзець, усе былі ў захапленні.

Пасля той хлапец звольніўся, і студклуба не стала. Мы тады самі сталі нешта рабіць. Вырашылі, што СТЭМ больш для дзяўчынаў, і самі пайшлі ў КВЗ. Мы сабралі добрую каманду. З універсітэта культуры ў ёй была толькі палова, астатнія – з іншых вну.

Каманда называлася «Коза ностра». З ёй мы перамаглі Вышэйшую беларускую лігу. Потым мы перамаглі Еўралігу Міжнароднага саюза КВЗ, Мукавозчык яе вёў (Андрэй Мукавозчык, цяпер прапагандыст, Штодзень). Паехалі ў іншыя лігі, перамаглі ўсіх каго змаглі.

У КВЗ патрэбныя былі грошы на ўнёскі, недзе пад 500 долараў за гульню. Мы тады прыдумлялі розныя варыянты заробкаў, выступалі на нейкіх карпаратывах – і ўсе грошы з гэтага спускалі ў КВЗ.

Тады ж мы зрабілі сваю лігу ўніверсітэцкую рэспубліканскую. Да нас прыязджалі хлопцы з Гомеля, Віцебска, мінскія каманды. Мы знайшлі спонсараў, была рэклама і даволі добрыя прызы, чаго не было ў іншых. Атрымаўся такі файны невялікі бізнес-праект, з яго мы ў тым ліку і на гульні ў іншых лігах зараблялі.

Наступная прыступка – Прэм’ер-ліга Маслякова ў Маскве. Але далей не пайшлі, бо на той момант пазаканчвалі ўніверсітэты, і трэба было ўладкоўвацца, жыць.

І як далей было? Як знайшоў сваё месца ў жыцці?

– Я вучыўся на факультэце музычных мастацтваў, а мой сябар, з якім мы гулялі ў КВЗ, – на факультэце культуралогіі. І ў мяне ў групе былі адныя хлопцы, а ў яго – адныя дзяўчыны. Ён быў адзіным хлопцам. Мы з ім паразмаўлялі, трэба было нешта рабіць з выпускнымі.

А ў Мінску тады ўвогуле не было традыцый нешта рабіць з выпускным, проста групамі ішлі пасядзець недзе, ды і ўсё. А мы з сябрам дамовіліся аб’яднаць групы.

І, напэўна, на фоне гэтай размовы я ў наступную ноч пабачыў сон, што я на выпускным як у галівудскіх фільмах: на сцэне нехта з гітарамі, кароль, каралева, і нас шмат.

Прачнуўся я вельмі натхнёны і сказаў сябру, што трэба на выпускны збіраць увесь універсітэт на выпускны. А ў нас там 4 факультэты, 400 чалавек агулам заканчвалі. Мы два месяцы кожны дзень хадзілі і з кожным асабіста размаўлялі і распісвалі, прыдумвалі, як зрабіць добры выпускны.

Назбіралі мы тады паўтары сотні, напэўна, людзей. Зрабілі такі сапраўдны выпускны баль, куды паклікалі рэктара, дэканаў, вальс танчылі – усё было цудоўна.

Гэта натхніла мяне, каб займацца арганізацыяй выпускных на камерцыйнай глебе, бо ў Мінску не было ніякіх такіх прапановаў. Тым болей, што выпускнікі з універсітэту наступных гадоў запытваліся і прасіць зрабіць такое ж свята і ім.

Мы пайшлі па вну. Адна з нашых перавагаў была ў тым, што мы прапаноўвалі аб’яднаць дзяўчынаў з хлопцамі, бо на розных факультэтах было болей ці тое адных, ці тое другіх. Атрымлівалася проста супер.

Мы і грошы зарабілі, і дабро людзям зрабілі.

Атрымалася зрабіць з гэтага паспяховы бізнес?

Год ад года мы ўдасканальваліся. Праект «Выпускнік.бай» быў лідарам рынку. І калі б Лукашэнка ў 2024 годзе не закрыў наш праект, яшчэ б ён існаваў.

З 2009 года пачалі з’яўляцца канкурэнты, але ўсе яны глядзелі на нас і казалі, што ў іх тое ж, толькі за меншыя грошы. Але зрабіць той якасці, як рабілі мы, ніхто не змог, як ні стараўся.

У нас была супер-праграма, я кантраляваў усе працэсы. Пачынаючы з 2008 года я рабіў новыя праекты для выпускных. У 2008-м гэта было шоу пясчаных карцінаў, на той момант гэта быў піск моды. Пасля гэтага я пачаў прадаваць гэты праект на іншыя мерапрыемствы.

У наступным годзе зрабіў шоу барабаншчыкаў, і таксама яны пачалі прадавацца. І так кожны год. Нешта не атрымлівалася, а нешта проста выстрэльвала.

Аднойчы дамовіліся з сябрам узяць лодку на пракат у Траецкім прадмесці, узялі саксафаніста. І вось пасля феерверку ён зайграў, мы яго падсвяцілі промням пражэктару. Дзяўчынкі – у слёзы… там такая рамантыка была. Шоу на 30 баксаў адпрацавала на 30 тысячаў еўра.

Пасля выпускных карпаратывы пайшлі, мы зрабілі сваё агенцтва. Працавалі ў мяне 10-15 чалавек, плюс чалавек трыццаць, якіх мы наймалі на мерапрыемствы канкрэтныя.

У 2015 годзе я ажаніўся. Мы з жонкай да таго сустракаліся сем год. У 2018 годзе ў мяне нарадзіўся сын. Але напрыканцы 2019-га мы развяліся.

У мяне на той момант прыйшоў крызіс сярэдняга ўзросту, было ўжо 40 год, і кідала па сэнсах жыцця. А тут яшчэ каронавірус пайшоў, закрыліся ўсе івэнты, наша сфера моцна пацярпела. Мы ўсё роўна неяк працавалі, нешта рабілі, але гэта было вельмі цяжка.

 

Працяг будзе…

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png