“Белы Армстранг”. Эдзі Рознэр: жыццё ад Берліна – да Гомеля

Выбітны джазмэн, якому зайздросціў Леанід Уцёсаў. Ён падымаўся на вяршыні славы і трапляў у “чорныя спісы”. Незвычайны талент і пакручасты лёс. Эдзі Рознэр нарадзіўся 26 траўня 1910 года ў Берліне.  Пра яго распавядае “Мова Гомель” паэт, журналіст і даследчык Віктар Сямашка.

Эдзі Рознэр

– У габрэйскім варыянце яго звалі Пінхас Бэн-Іцхак. Адольф – гэта ўжо еўрапейскае імя. З Адольфа з’явіўся спачатку сцэнічны псеўданім Адзі. Гэта было ў той час, калі сам Рознэр у рэкламных мэтах пазіцыянаваў сябе і свой бэнд як амерыканскі. У тагачаснага шоў-бізнесу такія ўлоўкі былі даволі распаўсюджаныя: прыязджае нібыта  амерыканскі бэнд, а насамрэч – гэта габрэі з Берліна. А потым з гэтага Адзі і ўтварыўся псеўданім Эдзі, які ўжо за ім і замацаваўся.

Берлін на той час называлі “Еўрапейскім Вавілонам”

У Берлін з’язджаліся розныя людзі з Еўропы, габрэі, у тым ліку з Беларусі – літвакі. Эдзі Рознэр граў у аркестры Weintraub Syncopators, у якім, мяркуе Віктар, набраўся розных сцэнічных эфектаў і навучыўся ствараць відовішчнае шоў. Былі выступы і гастролі, але ўсё скончылася ў 1933 годзе з прыходам да ўлады нацыстаў. Як вынік – уцёкі ў Польшчу, а ў верасні 1939 года – у Беласток, які ўжо быў у складзе БССР.

– Польскія даследчыкі лічаць Эдзі Рознэра адным з пачынальнікаў польскага джазу. Справа ў тым, што Рознэр быў блізкі да сутнасці джазу. Ён не проста граў нейкія танга і факстроты, а мог імправізаваць, віртуозна граў на трубе, быў у курсе ўсіх навінак, якія прыходзілі з Амерыкі. Нібыта нават адбылася яго сустрэча з Луі Армстрангам. Хоць трэба сказаць, што з Рознэрам было шмат містыфікацый, шмат чаго ён перапісваў у сваёй біяграфіі ў залежнасці ад сітуацыі.

Адна з чарговых гісторый або містыфікацый: нібыта, каб уцячы з захопленай нацыстамі Варшавы, Рознэр пераапрануўся ў форму нямецкага афіцэра.

БССР, Панамарэнка і Юры Бяльзацкі

– Цікава прасачыць як змянялася стаўленне савецкай улады да джазу. У розныя перыяды гэта была ці буржуазная культура і “музыка тоўстых”, ці музыка прыгнечаных цёмнаскурых рабоў Амерыкі.  Калі БССР кіраваў Панамарэнка, у канцы 30-х  акурат па Саюзе была разнарадка, каб пры кожнай Рэспубліцы існаваў сярод іншага і свой джазавы аркестр. Так паўстаў Дзяржаўны джаз БССР, а дзякуючы Юрыю Бяльзацкаму (дзеду журналісткі Ірыны Халіп) яго фронтмэнам стаў Эдзі Рознэр.

Выступ перад Сталіным і зайздрасць Уцёсава

Віктар Сямашка кажа, што нібыта, каб канчаткова зацвердзіць Дзяржаўны аркестр БССР, адбыўся закрыты паказ. Музыканты выступалі ў пустой залі, а потым здагадаліся, што недзе ў ложы іх слухаў Сталін і яму спадабалася. Яшчэ кажуць, што Эдзі Рознэру зайздросціў сам Уцёсаў. Рознэр прынёс з сабою сапраўдную джазавую школу, кантынентальны ўзровень.

Здымкі ў фільме “Карнавальная ноч”

– У 40-я гады асноўнай аўдыторыяй Рознэра былі савецкія салдаты і ў тым ліку палякі з дывізіі Касцюшкі. Ён выконваў ім нешта простанароднае, добра зайшла тады песня “Парень-паренёк”, народжаная ў складзе Джазаркестра БССР, якая потым і стала польскай народнай “Cicha woda”.

Пасля Другой Сусветнай і з пачаткам “халоднай вайны” джаз трапіў пад забарону як амерыканская культура, а Рознэр у 1946 – у сталінскія лагеры. Пасля вызвалення (1954) гучнай кропкай вяртання стаў знакаміты фільм  “Карнавальная ночь”, які пад Новы год заўсёды круцілі, і ў якім граў адноўлены аркестр Рознэра.

Дык прычым тут Гомель?

– З прычыны моцнай цэнзуры Эдзі Рознэр у пачатку 70-х пераехаў з Масквы ў Гомель. У мясцовай філармоніі яму прапанавалі добрыя ўмовы. Праўда, джазавы аркестр Рознэра ў складзе Гомельскай філармоніі праіснаваў менш за год. Сярод больш-менш вядомых удзельнікаў таго складу аркестра варта ўзгадаць Роберта Балотнага, які потым стварыў ВИА “Синяя птица” і сам паходзіў з Гомеля.

Гомельскі аркестр Рознэра не быў шараговым, да прыкладу ў Ленінградзе яго выступы з аншлагам праходзілі цягам 15 дзён!

– А пазней – зноў абвінавачванні ў буржуазнасці, у сувязі з падзеямі ў Ізраілі – антысеміцкія настроі. Сімфаджазавыя аркестры сталі не моднымі і не рэнтабельнымі, бо прыйшлі маладыя людзі з электрагітарамі.

Эдзі Рознэра звольнілі, аркестр распусцілі. У 1973 годзе, пасля доўгага чакання на дазвол, яму атрымалася вярнуцца ў Берлін, дзе ў 1976 годзе ён і памёр ва ўзросце 66 гадоў.

P.S.: Наступным разам дазнаемся пра гомельскія джаз-бэнды воднікаў і чыгуначнікаў, чаму яны ўдзельнічалі ў Алімпіядах, і якім чынам з горадам над Сожам звязаны “самавар” і “Маша”.

“Мова Гомель”, адмыслова для “Штодня” 

Фота: Бессмертный барак

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі

У турму за музыку: год, як рагачоўскаму Tor Band прысудзілі вялізныя тэрміны за іх творчасць