Беларускія пісьменнікі ў тапаніміцы Гомеля практычна не ўшанаваныя

by ZB

Да Дня роднай мовы Штодзень прааналізаваў назвы гомельскіх вуліц, названых у гонар літаратараў. Высветлілася, што 22 вуліцы носяць імёны расейскіх пісьменнікаў (Астроўскага, Гайдара, Герцэна, Гогаля, Горкага, Дабралюбава, Дастаеўскага, Караленкі, Крылова, Лермантава, Маякоўскага, Някрасава, Пушкіна, Радзішчава, Салтыкова-Шчадрына, Талстога, Тургенева, Фадзеева, Фурманава, Чарнышэўскага, Чэхава) і толькі 7 (менш за трэць!) – беларускіх: Багдановіча, Броўкі, Коласа, Купалы, Макаёнка, Мележа, Шамякіна.

Не самая парадная вуліца ў горадзе носіць імя Івана Шамякіна. Фота: gomelstreet.by

Канешне, ніводная нацыя не мусіць замыкацца ў межах уласнай культуры. Цалкам можна зразумець наяўнасць вуліц Талстога, Дастаеўскага, Гогаля – іх творы сталі класікай, якую чытаюць не толькі ў суседняй краіне, але і ва ўсім свеце. Але чаму ў Гомелі няма вуліц у гонар тых, каго вывучаюць у межах школьнай праграмы (Караткевіч, Быкаў, Гілевіч, Панчанка, Барадулін, Брыль, Маўр, Ставер, Куляшоў, Крапіва, Дунін-Марцінкевіч і г.д.) і дакладна чытаў кожны беларус, але ёсць шмат рэвалюцыйна-савецкіх аўтараў, з якімі не знаёмае ўжо не адно пакаленне беларусаў? Як сталася, што масквіч Лермантаў мае тутака персанальную вуліцу, а Анатоль Грачанікаў, які нарадзўся ў Шарпілаўцы, дачакаўся ўсяго толькі памятнай шыльды?

Такое становішча не толькі ў літаратурным пытанні. Нуль вуліц у гонар беларускіх музыкаў, затое – вуліцы Глінкі і Чайкоўскага. Няма вуліц Напалеона Орды ці Адама Ідзкоўскага, якія пакінулі выявы Гомеля, але ёсць вул. Рэпіна.

Што прыемна, дык гэта наяўнасць вуліц Францішка Скарыны і Еўдакіма Раманава. Толькі знаходзяцца яны на такіх ускрайках горада, што значная частка гомельцаў пра іх нават не ведае.

Янка Купала нібы глядзіць на сучасных гомельцаў з дакорам . Фота: wikimapia.org

Яшчэ хацелася б звярнуць увагу на такую акалічнасць. Згодна з дзейсным заканадаўствам тапонімы павінны менавацца па-беларуску, а потым, пры неабходнасці, транслітарыравацца (не перакладацца!) на рускую мову. Напрыклад, вуліца павінна мець назву “Сялянская” па-беларуску і “Селянская” (а не “Крестьянская”) па-руску. Зразумела, што большасць гомельскіх тапонімаў займела імя ў савецкія часы, калі патрабаванні былі зусім іншыя. Але ці ёсць у Гомелі вуліцы, названыя адпаведна сучасным моўным і заканадаўчым нормам? Ёсць! Вось як гучаць некаторыя тутэйшыя вуліцы па-руску: “Выратавальная, Житняя, Карагодная, Кветковая, Мытная, Незалежности, Радимитская, Ракитный переулок, Суничная, Сядибная”. Пытанні выклікае, канешне, правапіс вуліц “Радимитская” і “Сядибная”. Напэўна, лепей было б захаваць спалучэнне літар “дз”, як, на прыклад, у рускім варыянце прозвішча “Радзивилл», але не будзем чапляцца да дробязей…

Канешне, перайменаванне вуліц вымагае шмат рэсурсаў, а ў Гомелі хапае больш значных праблем. Але спадзяемся, з цягам часу больш імёнаў беларускіх творцаў, навукоўцаў і іншых вядомых асоб знойдзе адлюстраванне ў мясцовых тапонімах.

Дарэчы, а каго вы лічыце вартым для “захоўвання” ў гомельскай тапаніміцы? Падзяліцеся сваімі думкамі!

Штодзень  

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png