У сучаснай антыміграцыйнай амерыканскай палітыцы беларускія карані. Біяграфію Стывена Мілера, які пачаў адыгрываць істотную ролю ў Белым доме яшчэ падчас першай кадэнцыі Дональда Трампа, вывучаў «Штодзень».

Стывен Мілер. Фота: Вікіпедыя
Стывен Мілер далучыўся да перадвыбарнай каманды Дональда Трампа ў 2016 годзе. З таго часу пачаўся ягоны імклівы кар’ерны рост. Пачаўшы як спітчрайтэр (Мілер – аўтар інаўгурацыйнай прамовы 2017 года), хутка заваяваў поўны давер эксцэнтрычнага палітыка і стаў адным з яго галоўных дарадцаў.
Ужо тады Мілер праводзіў жорсткую антыміграцыйную лінію і спрычыніўся да скарачэння колькасці мігрантаў, што можа прыняць ЗША. Папулярызаваў вобраз сярэднестатыстычнага мігранта як «гвалтаўніка і гандляра наркотыкамі з Мексікі». Спрыяў забароне публікацыі дадзеных даследаванняў, якія аналізавалі станоўчы ўплыў працы мігрантаў на эканоміку. Зрабіў шэраг спрэчных заяў, напрыклад, пра фальсіфікацыі на выбарах, не маючы даказаў. «Чысціў» адміністрацыю ад нелаяльных трампізму, агрэсіўна абараняў Трампа ад крытыкі ў СМІ.
Падчас другой перадвыбарчай кампаніі Трамп абвясціў, што Мілер будзе саветнікам па ўнутранай бяспецы. 20 студзеня 2025 года 39-гадовы палітык стаў самай маладой асобай на гэтай пасадзе і першым міленіялам. Зараз Стэфан Мілер – адна з самых уплывовых постацей у адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта і аўтар значнай часткі палітычных рашэнняў.
У палітыка даволі шырокія паўнамоцтвы. Ён асабіста кантралюе працэс дэпартацыі мігрантаў, які, па словах прадстаўнікоў судовых інстанцый, праходзіць з парушэннямі заканадаўства. Замест бандытаў і мафіёзі дэпартацыі падлягаюць тысячы асоб з легальнай працай, жыллём а часам нават і ўжо атрыманым амерыканскім грамадзянствам. Паколькі адміністрацыя Трампа разглядае працэс дэпартызацыі як частку знешняй бяспекі, суды юрыдычна пазбаўлены магчымасці супрацьстаяць правапарушэнням.
Але, як трапна заўважыў Дэвід Глосэр, дзядзька Стэфана Мілера, калі б Трамп прыйшоў да ўлады 120 год таму, продкі сённяшняга галоўнага амерыканскага антымігратыста не здолелі б эмігрыраваць у ЗША і, з вялікай долей верагоднасці, загінулі б падчас Халакосту.
Продкі Мілера па мацярынскай лініі, што збеглі ад распаўсюджаных па ўсёй Расійскай імперыі яўрэйскіх пагромаў у бяспечнае месца з добрымі магчымасцямі працы, паходзілі з мястэчка Антопаль (сёння Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці).

Антопаль на дарэвалюцыйным здымку. Фота: Вікіпедыя
Антопаль, як і іншыя беларускія гарады, цесна звязаны з гісторыяй яўрэйскага народу. Напрыканцы ХІХ ст. тут дзейнічалі сінагога і 5 малітоўных яўрэйскіх дамоў. Па перапісу 1921 года з 2206 жыхароў яўрэямі былі 1792. Аднак сям’я Глосэраў у гэтую колькасць не патрапіла, бо яшчэ раней вырашыла эмігрыраваць у ЗША.
Успамінае Дэвід Глосэр, брат маці Стэфана Мілера, нейрапсіхолаг на пенсіі, былы выкладчык неўралагічных факультэтаў Медыцынскай школы Бостанскага ўніверсітэта і Медыцынскага каледжа Джеферсана:
«Гісторыя пачынаецца на мяжы ХХ ст. у бруднай халупе ў вёсцы Антопаль, дзе жылі сяляне, на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ва ўмовах жорсткіх антыяўрэйскіх пагромаў і прымусовага пабору ў царскую армію глава сям’і Вольф-Лейб Глосэр выехаў з мясцін, дзе стагоддзямі жылі яго продкі, каб пашукаць шчасця ў Амерыцы.
Ён сышоў з карабля на выспу Эліс 7 студзеня 1903 года з 8 доларамі ў кішэні. Добра ведаў польскую і рускую мовы, ідыш, але зусім не разумеў па-англійску. Хутка за ім паспяшаўся і старэйшы сын Натан. Дзякуючы гандлю на рогу вуліцы і цяжкай працы на прадпрыемстве бацька і сын змаглі даслаць дастаткова грошай, каб сплаціць усе пазыкі і набыць квіткі ў Амерыку для ўсёй сям’і. У тым ліку і для Сэма Глосэра /1985– ? гг., прадзед Стэфана Мілера па мацярынскай ліні – заўвага рэдакцыі/.
Хутка сям’я Глосэр адышла ад гандлю на вуліцы і адкрыла галантарэйную краму ў Джонстаўне, якая пазней перарасла ў сетку супермаркетаў і дысконтных універмагаў.
Сям’я выйшла з галечы ў варожай краіне і пераўтварылася ў квітнеючы і адукаваны клан бізнесоўцаў, навукоўцаў, спецыялістаў і, самае галоўнае, амерыканскіх грамадзян.
Я з трывогай і нарастаючым жахам назіраў, як мой пляменнік, адукаваная асоба, што добра ведае сваё паходжанне, стаў архітэктарам міграцыйнай палітыкі, якая аспрэчвае саму базу жыцця нашага роду ў гэтай краіне.
Калі б Вольф-Лейб пачакаў /маюцца на ўвазе абмежаванні на ўезд у ЗША для мігрантаў, якія, пад лозунгам «Амерыка перадусім», уводзіліся ў 1920-я гады – заўвага рэдакцыі/, яго сям’ю, хутчэй за ўсё, забілі б нацысты разам з 2000 яўрэяў (выжыла толькі 7).»
Стэфан Мілер уплывае не толькі на міграцыйную, але і на знешнюю палітыку (як прагназуецца, ён можа заняць пасаду Саветніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы).