Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці прэзентавалі маштабны праект у падтрымку незалежнай школьнай адукацыі. Ініцыятары праекта падкрэсліваюць ягоную беларускую скіраванасць.
Стартаваў адукацыйны праект “Васьміног”, які адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. У межах праекта плануецца стварэнне навучальнай анлайн-платформы, падтрымка адукацыйных праектаў для беларускіх школьнікаў. А таксама стварэнне базы для будучай рэформы школьнай адукацыі ў Беларусі.
Андрэй Ягораў, гендырэктар Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, які выступае адным з партнёраў праекта, адзначае: “Мы імкнёмся да стварэння свабоднай адукацыйнай прасторы, дзе б захоўваўся і развіваўся сучасны змест адукацыі, напрацоўваліся новыя мадэлі адукацыі, ішла падрыхтоўка школьных рэформаў, дзе незалежныя беларускія адукацыйныя ініцыятывы маглі б атрымаць падтрымку і наладзіць узаемную камунікацыю, дзе б дзеці маглі атрымаць зручны доступ да свабодных ад ідэалогіі і сучасных школьных ведаў.”
Кіраўнік праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў заўважае, што праект арыентаваны на дзяцей і настаўнікаў як унутры Беларусі, так і за мяжой: “Курсы беларускай мовы, гісторыі і культуры Беларусі будуць дасяжныя на платформе для ўсіх ахвотных вучняў і настаўнікаў, незалежна ад геаграфіі знаходжання.”