Шмат беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Адзін з яскравых пракладаў – «Гомельхлебпрам». Здавалася б, лідар рынка прадукту, які штодзённа ёсць на кожным стале. Буйное прамысловае прадпрыемства, якое магло сабе дазволіць лепшыя тэхналогіі і сыравіну. Але пры гэтым галоўныя хлебапёкі Гомельшчыны не аднойчы за апошняе дзесяцігоддзе знаходзіліся на мяжы банкруцтва.
40-метровы пірог ад «Гомельхлебпрам» да дня славянскага адзінства 2025. Фота: gomelhlebprom.by
Нягледзячы на дзяржаўныя датацыі, шэраг мерапрыемстваў і спроб аптымізацыі вытворчасці, «Гомельхлебпрам» не мае прыбытку. Вось дадзеныя баланса прадпрыемства за 2024 год.:
У графе, дзе павінен быць прыбытак, мы бачым знак мінус, то бок гэта страты. У 2023 г. у памеры –86 848 BYN, у 2024 страты выраслі да –87 333 BYN.
Чаму так адбываецца? «Гомельхлебпрам» прайграе ў канкурэнтнай барацьбе прыватным пякарням, якія лепей адчуваюць трэнды. Іх хлеб смачнейшы і не пакрываецца цвіллю (лепшая тэхналогія і мука). Выглядае больш прывабна (парэзаны і запакаваны ў пластыкавыя пакункі на заводзе хлеб не можа мець хрумсткай скарыначкі ці пухнатага мякішу, губляецца і водар). Сучасна аформленыя месцы продажу – стылёвыя фірмовыя крамы – таксама адрываюць сваю ролю. «Гомельхлебпрамаўскія» магазіны колісь былі ў кожным раёне, але яны даўно прададзеныя ці здадзеныя ў арэнду.
Прадпрыемства захрасла ў мінулым, бо наёмнае кіраўніцтва ў дзяржаўных арганізацыях не мае стымулу, каб працаваць добра. Каб зрабіць прадпрыемства прыбытковым, трэба прыкласці неверагодныя намаганні, а што ў замен? Шанцаў стаць адным з уласнікаў няма. Кіраваць прыбытковым прадпрыемствам будзе больш ахвотных. І замест падзякі таго, хто выратаваў завод, могуць змясціць (ці нават пасадзіць), каб даць пасаду патрэбнаму чалавеку.
Лекцыя па ідэолагі падчас працы на Гомельхлебпрам. Крыніца: gomelhlebprom.by
Мінулае стагоддзе даўно даказала неэфектыўнасць дзяржаўнай формы ўласнасці там, дзе тэарэтычна павінна быць канкурэнцыя. Але і прыватным прадпрыемствам на Гомельшыне працаваць цяжка, хоць цяжкасці маюць іншы характар: кожная юрыдычная асоба залежная ад інфраструктуры і заканадаўства.
Пра тое, што ў Гомелі закрываецца шмат кавярань, «Штодзень» пісаў раней. Ёсць верагоднасць, што гэты спіс у бліжэйшы час будзе толькі расці.
Ужо зачыніўся бар «Андэграўнд». Справы ў бара шлі кепска не першы год. Неаднойчы ўласнікі спрабавалі прадаць установу, але ахвотных не знаходзілася. Інтэр’ер патрабаваў рамонту, кухня і бар – новай тэхнікі. Але неяк выжывалі. Цвіком у труну стала забарона працы пасля 23.00 (чым перашкаджала праца размешчанага на Цэнтральным стадыёне, не ў жылым доме, бара – невядома), што зрабіла працу начнога клуба немагчымай.
Праблемы з часам працы і ў караоке-хола «Арэна». Увесну ўстанове, што ўжо 22 гады працавала да пятай гадзіны ранка, дазволілі працаваць толькі да 01.00 з-за нібыта скарг месных жыльцоў (з агаворкай, што калі праблема не вырашыцца, час працы скароцяць да 23.00).
Як паведаміў месяц таму ў сваім Інстаграм карыстальнік з нікам leshkabalalaev, навіны сумныя: двум начным установам – «Арэна» і «Еўропа» – прадпісана перайсці на рэжым працы да 23.00 (на старонках гэтых устаноў, праўда, інфармацыі аб змене рэжыму працы пакуль няма). Калі гэта пацвердзіцца, то клубы не змогуць працаваць, а аматарам начнога жыцца прыйдзецца мяняць свае звычкі, бо Гомель на клубы зусім не багаты.
Некаторыя з каментатараў параілі маладзёнам знаёміцца… у бібліятэках і выказаліся супраць начнога жыцця. Але большасць (незалежна ад узросту) разумее, што начныя клубы – неабходная часта культурніцкага жыцця, яны патрэбныя кожнаму гораду.
Вось некаторыя з каментарыяў. «Маладосць павінна праходзіць у клубах і паходах, а не маршах БРСМ», «Клубы зачыняюць, а на цягнік перамогі без білета не пускаюць. Перамога не для ўсіх, а толькі для выбраных». «Другі горад у краіне, і няма нармальных рачных клубаў». «Кіно пад адкрытым небам усю ноч. Пра вайну».
Шмат хто заўважыў, што масіраваная атака па начных клубах пачалася пасля адкрыцця ў Гомелі караоке-рэстарана «РОЯЛЪ» (за апошні год ў Гомелі адкрыліся дзве ўстановы з «Ъ» на канцы). Гэта, канешне, можа быць усяго толькі супадзеннем. Цалкам магчыма, што негатыўнае стаўленне ў гомельцаў да «Раяля» выклікана іх псеўдагламурнай рэкламай, пасля якой сапраўды захочацца хутчэй пайсці ў бібліятэку, чым ў клуб.
Фота са старонкі караоке-рэстарана «Раяль». Фота: караоке-ресторан «RОЯЛЪ»