“Атрымаць бясплатна дом і жыць у спакоі”. Як улады Гомельшчыны крэатыўна прывабліваюць у Беларусь украінцаў

Жыхар Мазыра Сяргей Цярэшчанка вось ужо некалькі год вядзе ўласны блог пра ўсё на свеце пад назвай “Я жыву”.


“Штодзень” пагартаў ягоныя відэа, зробленыя за апошнія тры гады. Збольшага яны ўтрымліваюць нейтральную інфармацыю пра тое, як зрабіць “ачмурэнную баклажанную ікру”, прыгатаваць рульку альбо курыцу ў “часночным кефіры”. Аўтар у апісаннях відэа пазначае, што яго цікавіць рыбалка, адпачынак на прыродзе і рэцэпты ежы. Сярод усяго гэтага кантэнту да нядаўняга часу практычна не было ніякай палітыкі. Толькі падчас падзей 2020 года ён выставіў на старонцы ў сацсетцы “Укантакце” саматужна змантаванае відэа з дыскрэдытацыяй Святланы Ціханоўскай, актывістаў Маладога Фронту і нацыянальнай сімволікі. У гэтым роліку на відэашэраг з апазіцыянерамі накладзеная нямецкая музыка часоў нацыстоўскай Нямеччыны. У профілі Сяргея Цярэшчанкі напісана, што ён вызнае праваслаўе і прытрымліваецца манархічных поглядаў.

Блогер Сяргей Цярэшчанка

Але з нядаўняга часу сярод ролікаў, прысвечаных агляду кансерваў і жыццю ў аграгарадках рэгіёна, сталі трапляцца відэа, у якіх аўтар заклікае ўкраінцаў пераязджаць на сталае месца жыхарства ў Беларусь і ўладкоўвацца механізатарамі-даяркамі ў калгасы.

У роліку “СЕМЬЯ ИЗ УКРАИНЫ. Третий месяц в Беларуси! Как живут, итоги что и как!” аўтар з дапамогай пытанняў распавядае пра тое, як уладкавалася жанчына з Украіны з двума непаўналетнімі хлопцамі на Мазыршчыне. Рэспандэнтка гаворыць пра тое, наколькі яна ўдзячна мясцовым людзям і кіраўнікам. Украінка Людміла сцвярджае, што з’яўляецца нараджэнкай Кіеўскай вобласці. У дадзены момант працуе жывёлаводам 4 разраду. “Да працы дабірацца 15 хвілін пехатой. За месяц атрымала заробак 1475 рублёў. Яшчэ далі паёк у 120 яек, 12 кг свініны, 6 кг кураціны. Таксама далі прэмію да 8 сакавіка ў 350 рублёў…”, – адказвае на пытанні блогера ўкраінка. Далей у інтэрв’ю яна падкрэслівае, што да яе ў мясцовых беларусаў выключна добрае стаўленне.

Грамадзянка Украіны Людміла з дзецьмі

Каментары пад гэтым відэа, якое набрала 64 тысяч праглядаў, досыць тыповыя, ухваляюць цяперашні палітычны рэжым:


У іншым відэа з украінскім перасяленцам распавядаецца пра тое, як чалавек з Мікалаева прамяняў з задавальненнем жыццё ў Еўропе на перспектывы ўладкавання ў Беларусі. Аляксандр (так завуць героя роліка з гучнай назвай “СРОЧНО смотреть всем! Еще одна семья из Украины выбрала Беларусь для жизни! Как въехать в Беларусь?) расказвае пра тое, як ён без праблем на машыне з польскімі нумарамі ўехаў у Беларусь, пазней дабраўся да Мазыра. І тут, як і ў папярэднім сюжэце, герой распавядае пра тое, як добразычліва да яго паставіліся мясцовыя ўлады.

Грамадзянін Украіны Аляксандр

“Мы сёння былі на прыёме ў намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікса Галюка. Гэта цудоўны чалавек! Я да яго ўсіх, хто прыязджае, прыводжу. Гэты чалавек таксама дапамагае людзям. І мы аб’ехалі некалькі аграгарадкоў, сустракаліся з кіраўнікамі. Ёсць, хлопцы, такая магчымасць у самыя кароткія тэрміны атрымаць работу і жыллё”, – дапаўняе за кадрам аповед Аляксандра блогер Цярэшчанка.

Намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікс Галюк, які адказвае ў раёне за пытанні ідэалогіі

Для беларуса, абазнанага ў сучасных рэаліях жыцця ў нашай краіне, такая даступнасць і дэмакратызм кіраўнікоў выканкаму могуць выклікаць толькі іранічную ўсмешку. Відавочна, дзейнасць гэтага блогера, які прасоўвае ў інтэрнэце сярод украінскіх і расейскіх гледачоў пазітыўны вобраз Беларусі, каардынуецца мясцовымі ўладамі. Апрача гэтага, калі прааналізаваць змест падобных відэа, можна зрабіць выснову пра тое, што ўлады насамрэч заклапочаныя праблемай недахопу працоўных кадраў. І дэфіцыт працоўнага рэсурсу яны намагаюцца кампенсаваць за кошт прарасейскіх украінцаў.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса