Прыхаджане БПЦ з вёскі Дуброўка (Добрушскі раён Гомельскай вобласці) звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі і мітрапаліта Веньяміна з просьбай адхіліць ад пасады і прыцягнуць да адказнасці архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. Падставай для калектыўнага звароту стала скандальная прамова ўладыкі, якую ён прачытаў у гомельскай царкве Пятра і Паўла ў прысутнасці 50-ці чалавек, у тым ліку дзяцей. У прамове, фрагменты якой “Штодзень” публікуе на старонках свайго выдання, царкоўны іерарх ужыў рыторыку, далёкую ад святарскіх канонаў.
Са зместу выступу царкоўнага начальніка вынікае, што прычынай для яго гневу стаў нечаканы візіт фінансавай міліцыі ў епархію, які адбыўся пасля скаргі вернікаў: “Напісалі, што мы мафія цэлая, гандлюем свечкамі і абразамі, забіраем іх незаконна. Сабраліся, зладзілі малебен напаказ у Дуброўцы гэтай. Серада, чацвер, епархію правяраў ОБЭП. Два дні нас трэслі, правяралі дакументы…”
Вернікі, сваёй чаргой, пасля экспрэсіўнай прамовы ўладыкі склалі чарговы зварот да свецкіх і царкоўных уладаў: “Ягоны зварот да прыхаджан сабора святога Пятра і Паўла горада Гомеля аб распачатай праверцы праваахоўнымі органамі носіць парушэнні маральных норм статута і дзейнасці БПЦ, паклёп і абразу ў адносінах да вернікаў. У звароце змяшчаюцца неадпаведныя факты (…) Просім прыцягнуць да адказнасці архіепіскапа Стэфана за публічную знявагу, абразу гонару і годнасці законных правоў грамадзян РБ…”
Канфлікт архіепіскапа з паствай, зрэшты, мае глыбокія карані. Яшчэ ў пачатку 2020 года прыхаджане царквы з вёскі Дуброўка абвінавацілі мясцовае праваслаўнае духавенства ў прысабечанні каштоўнай іконы. Гаворка ідзе пра цудатворны абраз Маці Божай “Скорапаслушніцы”, створаны, імаверна, у канцы ХІХ стагоддзя ў Новым Афоне. Гэтую ікону, якая належала мясцовай старажылцы, скраў злодзей. Пазней злачынцу затрымалі, ікону знайшлі, але перадалі чамусьці не ўласнікам, а Гомельскай епархіі БПЦ. Гэта і стала першапрычынай канфлікту, які прывёў у далейшым да судовых разбіральніцтваў.
На адрас складальнікаў звароту пакрыўджаны іерарх выказаўся ў стылі, далёкім ад мовы дыпламатыі: “Няхай народ ведае, чаго хаваць! Калі ў яе (гаворка ідзе пра адну з меркаваных аўтарак звароту — заўвага рэд.) зусім ненармальна з галавой, што ж паробіш. Яна крычыць, што гэта іх абразы. Іконы належаць БПЦ. Гэта ўстаноўлена судом. Як судом Добруша, так і абласным нашым судом. І ні адна ікона — ні ў гэтым храме, ні ў якім іншым нікому асабіста не належыць. Калі нехта з людзей прынёс абраз праз парог царквы, усё! Вы не з’яўляецеся гаспадаром гэтай іконы! Яна ўжо належыць БПЦ. Не мне, я нічога на той свет з сабой не вазьму (…) Я проста хачу папрасіць усіх памаліцца за гэтых трошкі хворых жанчын. Раісу, Ганну…”
“Трошкі хворыя” Раіса і Ганна — гэта жыхаркі той самай вёскі Дуброўка, якія вось ужо некалькі год спрабуюць дабіцца вяртання ва ўласнасць іконы, якая апынулася ў распараджэнні Гомельскай епархіі БПЦ. Вернікі вінавацяць архіепіскапа Стэфана ў тым, што ён фактычна прысабечыў чужую маёмасць. На што царкоўнік адказвае: “Калі мы забіраем нейкія іконы, то найперш выпісваецца акт аб канфіскацыі гэтых ікон. Забіраем у тым выпадку, калі прыход не можа іх адрэстаўраваць. Але складваецца такое ўражанне, што няхай усё гніе, няхай усё пераўтвараецца ў пацяруху, няхай усё крадуць… Але што мы пакінем пасля сябе? І для кожнага адкрыты храм-музей… З панядзелка па пятніцу…”
Аднак вернікі ў звароце заўважаюць, што выказванне Стэфана пра акты на адабраныя іконы не адпавядае рэчаіснасці: “У Дуброўцы і іншых парафіях царкоўныя абразы канфіскоўваліся ім таемна, акты выпісваліся заднім чыслом…”
Але найбольш скандальныя выказванні Стэфана датычацца зусім не лёсу ікон. Абураны ўладыка паспрабаваў у прысутнасці 50 прыхаджанаў давесці абсурднасць чутак, якія віруюць вакол яго асобы. Што праўда, незвычайная шчырасць і эмацыйнасць згулялі злы жарт з аратарам. Замест абвяржэння “плётак”, ён яшчэ больш настроіў вернікаў супраць сябе.
“Штодзень” прыводзіць дакладную цытату з прамовы Стэфана, у якой ён імкнецца пракаментаваць розныя чуткі (у распараджэнні рэдакцыі ёсць відэазапіс з выступам уладыкі): “Што архірэй блуднічае, блуднік такі-сякі. У Карме (населены пункт на Гомельшчыне — заўвага рэд.) ведаюць гэта ўсё, не толькі дарослыя, але і дзеці, што ён блуднік страшны. І што людзі не жадаюць на службу хадзіць, калі ён здзяйсняе службу. Не хрысціць, не вянчацца, нічога… Людзі не жадаюць з ім датыкацца, з распуснікам такім… Зразумейце, нават можа быць падзяліце такое меркаванне, як чалавеку дрэнна, крыўдна… Але я разумею, што ні адна добрая справа не праходзіць без такіх вось паклёпаў. Прабачце, я скажу так, як інакіня Вера распавядала: “Калі я збіраў жаночы манастыр, дык я манашак там згвалтаваў”. Гэта Раіса так людзям гаворыць. Гэта ж па свеце разыходзіцца! Добра, я разумею, тут стаяць людзі, якія ўсё гэта ведаюць, манашак ведаюць, усіх… Але ёсць жа такія, што скажуць: “О, глядзі, якія папы, чым толькі займаюцца!”
Архіепіскап тлумачыць, што абараняць гонар і годнасць у свецкім судзе яму перашкаджае кананічнае права. “Мне задаюць пытанне, чаму вы не падаеце ў суд за паклёп? Я ведаю кананічнае права. Калі хто з царкоўных пайшоў судзіцца ў свецкай уладзе, хай будзе зрынуты з сану. А ёсць яшчэ такія словы: “Добраслаўляй тых, хто кляне”.