Былы дырэктар гомельскага завода «ЗЛіН» Андрэй Кузняцоў зноў пайшоў на падвышэнне — цяпер ён прызначаны міністрам прамысловасці Беларусі. У апошні час ён працаваў намеснікам міністра прамысловасці.
На «ЗЛіНе» Кузняцоў запомніўся як кіраўнік з «лагернымі» метадамі: жорстка караў супрацоўнікаў за недастатковую лаяльнасць да ўлады, увёў строгую дысцыпліну і рабіў стаўку на ідэалагічны кантроль. Ён нават атрымліваў граматы ад Мікалая Карпянкова — аднаго з галоўных сілавікоў рэжыму — за «цеснае ўзаемадзеянне і дзелавую супрацу з унутранымі войскамі».
Акрамя гэтага, Кузняцоў актыўна прасоўваў супрацоўніцтва з Кітаем. Напрыклад, на нядаўняй «Выставе кітайскіх тавараў і паслуг» ён заклікаў павялічваць колькасць супольных беларуска-кітайскіх праектаў і ўзмацняць інтэграцыю ў галіне вытворчасці.
Такім чынам, беларускім прадпрыемствам варта падрыхтавацца. Новы міністр прамысловасці будзе працягваць курс на жорсткую дысцыпліну, павышаны ідэалагічны кантроль і яшчэ больш цесную арыентацыю на кітайскія праекты.