Алесь Бяляцкі: “Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве небяспечная для суверэнітэту Беларусі”

У сваім апошнім слове на судзе Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру і старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі заклікаў улады “пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне”. На думку праваабаронцы, “перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій”, — перадае сайт “Вясны”.

“Штодзень” публікуе са скарачэннямі апошняе слова Нобелеўскага лаўрэата міру, выхадца з Гомельшчыны Алеся Бяляцкага.

Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў “Вясны” — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст.

А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва. Паўтары гады цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фініша. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.

Відавочна, калі мы азнаёміліся з некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў “Вясны” любым коштам, знішчыць “Вясну” і спыніць нашую працу. Так можна патлумачыць нечаканую змену абвінавачвання з “нявыплаты падаткаў” (яно існавала фактычна 13 месяцаў фактычна са дня нашага затрымання) на “кантрабанду арганізаванай злачыннай групіроўкай”, якую зрабілі з “Вясны”. Відавочна, што ўлады парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне абароны праваабаронцаў у межах аб’яднаных пагадненняў ААН і АБСЕ.

(…)

Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон “Аб зваротах грамадзян”: калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачванне.

Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў “Вясны” сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Пад катком рэпрэсій апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолагі, прафсаюзныя актывісты з незалежных прафсаюзаў, лідары і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, як і самі кандыдаты ў прэзідэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмены, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў ды і проста выпадковыя людзі. У краіне сёння паўтары тысячы палітычных зняволеных. Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасля пакарання выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах. Нічога дзіўнага, што ў гэты час, калі ў Беларусі паляцелі ў тартарары правы чалавека і праваабаронцы таксама апынуліся ў турме. Гэта кіраўніца Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, валанцёрка Таццяна Ласіца і іншыя валанцёры, якія дапамагалі ахвярам масавых рэпрэсій.

Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з’яўляюцца ў СІЗА. Так, нядаўна была арыштаваная праваабаронца Наста Лойка. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодныя, неўяўляльныя і нябачныя дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадства з боку ўладаў! У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе. Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.

Я перакананы, што курс узяты ўладамі на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму, думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзору таталітарнага грамадства а-ля “Савецкі саюз 70-х гадоў” зусім бесперспектыўны. Свет ідзе наперад — у постіндустрыяльную эпоху. Ужо вырасла новае пакаленне, і мільёны беларусаў, якія маюць інакшае ад яшчэ той савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасці. Яны не хочуць жыць у савецкай казарме. Для іх мала скіркі хлебы палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала пасмажанае на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаным і палічаным. Яны хочуць жыць у эканамічна развітай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

(…)

Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: “Той самы нерат, з якога ні ў зад, ні ўперад”. Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якой апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства. Дзеля захавання Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народу, нам усім, а найперш — уладам, трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Я згадваю наш заклік, Праваабарончага цэнтра “Вясны”, перад выбарамі 2020-га году, які быў апублікаваны на нашым сайце і ў іншых сродках масавай інфармацыі. У ім мы заклікалі ўлады не ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужылі — і чым гэта скончылася?

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране. Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь, як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць”.

Штодзень

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары