Грамадскаму актывісту Алегу Кацапаву прад’явілі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах, суд над ім ідзе з перапынкамі з лістапада 2023 года.
Справу ў Гомельскім абласным судзе разглядае суддзя Сяргей Салоўскі, які, па звестках праваабаронцаў, у 2020 годзе згадваўся як “самы жорсткі суддзя Гомельшчыны”. Сярод гучных спраў Салоўскага – суд над праваабаронцамі з Гомельшчыны Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай і справа рагачоўскіх музыкаў з Tor Band.
Алег Кацапаў быў асуджаны на “суткі” яшчэ ў сакавіку мінулага года. Пазней дадаліся крымінальныя абвінавачванні: у распальванні сацыяльнай варожасці, абразе Аляксандра Лукашэнкі, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Пра працэс практычна нічога невядома, бо ён адбываецца ў закрытым рэжыме. Праваабаронцы з “Вясны” адзначаюць, што бліжэйшым часам па справе можа быць вынесены прысуд.
Алег Кацапаў – не публічная асоба, але некаторую інфармацыю пра яго атрымалася знайсці.
Ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў Гомелі. У 1994 годзе скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння працаваў у Ірынінскай гімназіі.
Алег піша вершы.
“Вершы пачаў пісаць яшчэ ў сёмым класе. А потым набралася столькі твораў, што настаў час пазнаёміць з імі не толькі блізкіх сяброў, але і чытачоў – аматараў паэтычнага слова. Алег Кацапаў мае свой погляд на сусвет і шукае яму адпаведную форму”, – пісалі пра яго ў выданні факультэта кафедры Беларускай літаратуры ГДУ.
Вершы друкаваліся ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Крыніца”, “Маладосць”, у зборніку “Ягамосць: вершы прысвячэнні Анатолю Сысу”.
Калека просіць мяне,
каб я дапамог яму
спусціцца з лесвіцы.
Ён быў вельмі лёгкі.
Да чаго ж лёгкае яно —
Чужое гора!
Нядоўгі час ён быў старшынём легендарнай гомельскай “Талакі”. Як прыгадваюць старажылы арганізацыі, гэта было яшчэ ў пачатку 1990-ых гадоў.
Падтрымаць Алега Кацапава можна лістамі. Алегу Анатольевічу Кацапаву, СІЗА №3, Кніжная 1А, Гомель, 246003.