“Агентура”, “здрада Радзіме” і “рэабілітацыя нацызму” – як і за што жыхароў Гомельшчыны працягваюць жорстка судзіць па “палітыцы”

by ZB

Размовы ўсе часцей заходзяць пра наступныя “выбары” ў Беларусі, а ў судах усе яшчэ бясконцым канвеерам ідуць палітычныя справы над беларусамі, якія не пабаяліся выказаць сваю пазіцыю пасля выбараў 2020. “Штодзень” прааналізаваў расклад гомельскіх судоў і высветліў, як часта і за што жыхароў Гомельшчыны судзяць за “палітыку”, а таксама хто і наколькі жорстка іх судзіць. Спойлер: калі хтосьці думаў, што палітычных судоў праз некалькі гадоў пасля выбараў стала меней, вы моцна памыляецеся.

Ілюстрацыйнае фота

Большая частка ўсіх судоў у Гомелі праходзіць у Гомельскім раённым, а таксама ў Гомельскім абласным судзе. Не забываемся таксама на паказальныя выязныя судзілішчы, якія праходзяць у будынках РАУС і нават у навучальных установах. Судзяць часцей за ўсе ў буднія дні. Хоць часам суды праходзяць і па суботах. Нейкая частка “палітычных” судоў праходзіць і ў іншых гарадах Гомельшчыны. Але іх доля, вядома, нашмат меншая, чым у судах абласнога цэнтра.

“Штодзень” уважліва вывучыў расклад гомельскіх судоў за бягучы тыдзень. І, шчыра кажучы, пазітыву з гэтай нагоды ў нас вельмі мала.

Для пачатку мы палічылі, колькі ўсяго палітычных судоў значыцца ў судовых раскладах горада на гэтым тыдні, то бок з 12 па 18 чэрвеня.

Толькі 16 палітычных судоў мы налічылі ў Гомельскім раённым і Гомельскім абласным судзе. Усе яны ўпісаны ў расклад з панядзелка па пятніцу. Гэта значыць, што ў сярэднім кожны працоўны дзень у Гомелі праходзіць па 3 палітычныя суды.

Мы не паленаваліся і параўналі, колькі палітычных судоў у гэтых жа судах значылася ў 2021 і ў 2022 гадах. І вось пра што даведаліся. У 2022-м годзе з 12 па 18 чэрвеня ў гомельскіх судах прайшло 10 палітычных судовых пасяджэнняў, а ў 2021-м у гэты ж перыяд – 6 судоў. Таму, калі хтосьці думае, што палітычныя суды ўжо сходзяць у гісторыя, то гэта дакладна не так. Яны па-ранейшаму праходзяць канвеерам. А артыкулы, па якіх за краты працягваюць кідаць беларусаў, літаральна бянтэжаць сваімі фармулёўкамі і жорсткасцю пакаранняў. Чаму мы прыйшлі да такой высновы?

Мы ўважліва вывучылі ўвесь пералік артыкулаў, па якіх часцей за ўсё за “палітыку” судзяць жыхароў Гомельшчыны.

Вось самыя папулярныя з іх :

  • “Абраза прэзідэнта” (арт. 368. ч. 1)
  • “Паклёп і абраза прэзідэнта” (арт. 361-1 ч. 1)
  • “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”(арт. 130 ч. 1)
  • “Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзелу ў ім” (арт. 361-1 ч.3).
  • “Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-4 ч. 1 і ч. 2)
  • “Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-2, ч. 1),
  • “Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі” (арт. 290-5 ч.2).
  • “Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі” (арт.290-5 ч. 2)

 

“Свае ж судзяць сваіх”?

Але гэта не ўсё. Да нашага здзіўлення мы знайшлі некалькі рэдкіх артыкулаў і “незвычайных” судоў, якія прайшлі ў Гомелі на гэтым тыдні.

Адзін з іх у закрытым рэжыме прайшоў 13 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. Сяргея Уладзіміравіча Бойку па арт. 358 – 1 абвінавачваюць – увага! – у агентурнай дзейнасці. Назва артыкула так і гучыць – “Агентурная дзейнасць”.

І калі вы думаеце, што гэта адзіны такі выпадак, вы таксама памыляецеся. Мы ўважліва вывучылі папярэднія спісы судоў, і аказалася, што 9 сакавіка ўсё ў тым жа Гомельскім абласным судзе завяршыўся працэс па справе аб “!агентурнай дзейнасці на карысць Украіны”. За “маніторынг грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі”, а таксама за “перадачу інфармацыі аб размяшчэнні і перамяшчэнні па Беларусі вайсковай тэхнікі” абвінавачаным прысудзілі ад 7 да 10 гадоў калоніі.

Яшчэ адзін дзіўны суд  – гэта суд па артыкуле “Здрада дзяржаве” (арт. 356, ч. 1 – у рэдакцыі Закона ад 09.01.2019), пасяджэнні па якім у раскладзе Гомельскага абласнога суда ўпісаны на  12 і 14 і 16 чэрвеня. І яны таксама праходзяць у закрытым рэжыме.

Інфармацыю з залы суда даведацца немагчыма (суд бо закрыты), але некаторыя акалічнасці гэтай справы ўсё ж ёсць. Падсудны – начальнік аднаго з цэхаў “Гомсельмаша”. Пра тое, што мужчыну абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, падчас нядаўняга выступу перад калектывам прадпрыемства распавёў пракурор Гомеля Юры Булынка, які “адукоўваў” працоўных у тэме “адказнасці за дзейнасць экстрэмісцкай накіраванасці”. У якасці прыкладу Булынка згадаў начальніка цэха завода. Падрабязнасцяў і ён не раскрыў, зрэшты, як і прозвішча абвінавачанага. Аднак работнікі прадпрыемства адразу зразумелі, пра каго гаворка. Меўся на ўвазе Уладзіслаў Пудзяк. Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў. Вядома, што першы суд над гомельцам адбываўся 7 чэрвеня. Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Таксама вядома, што жонка Уладзіслава родам з украінскай вёскі Дабранка. Населены пункт размешчаны на самай мяжы з Беларуссю, усяго ў 50 кіламетрах ад Гомеля.

Абвінавачаны ў дзяржздрадзе Уладзіслаў Пудзяк

Пры гэтым мы ведаем і вось якую інфармацыю: поўны “цёзка” Пудзяка ў 2017 годзе быў намеснікам старшыні камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання на ўчастку №25 Чыгуначнага раёна Гомеля. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён быў намеснікам старшыні камісіі ўчастка №20. Ёсць дадзеныя, што ў 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах ён жа быў намеснікам старшыні камісіі на тым жа ўчастку. Такім чынам, прыйшлі часы, як “свае” судзяць “сваіх”.

Яшчэ адну не самую папулярную судовую справу ў Гомельскім абласным судзе разглядаюць 14 і 15 і 16 чэрвеня. Там Вячаслава Гацмана абвінавачваюць у “рэабілітацыі нацызму” па арт. 130-1 ч.1), а таксама яшчэ па некалькіх палітычных артыкулах. Але падрабязнасцяў гэтай справы пакуль няма ніякіх.

Характэрна, што 9 з 16 палітычных судоў, якія на гэтым тыдні прайшлі ў Гомелі, праходзілі за зачыненымі дзвярыма. І гэта значыць, што даведацца хоць нейкія падрабязнасці максімальна складана. Затое вядомыя прозвішчы суддзяў, якія працягваюць без усялякіх сумневаў выносіць палітычна матываваныя прысуды. Іх прозвішчы, на шчасце, не ўтоіш. У топе палітычных суддзяў Гомеля сёння значацца: Царук, Піскуноў, Доля, Бабыроў, Сотнікаў і Баль.


Даведка “Штодня”

Па дадзеных праваабаронцаў, за ўвесь мінулы год у Беларусі па палітычных матывах асудзілі 1242 чалавекі (942 мужчыны і 300 жанчын). У большай частцы выпадкаў (51,21%) суды прызначалі турэмныя тэрміны. “Хатнюю хімію” (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) прызначалі ў якасці пакарання ў 30,03%. “Хімію”, гэта значыць абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, суды прызначалі ў 15,3% выпадкаў.

Самая вялікая колькасць асуджаных па палітычных матывах – у Мінску(542 чалавекі). Далей ідуць Брэсцкая і Гомельская вобласць – там па палітыцы асудзілі 166 чалавек.

Палічылі нават сумарныя на ўсіх беларусаў пакаранні.

  • 636 чалавек прысудзілі да 2501 года і 3 месяцаў пазбаўлення волі на ўсіх;
  • у дачыненні да 373 чалавек прымянілі пакаранне ў выглядзе 893 года і 6 месяцаў “хатняй хіміі”).
  • 190 чалавек атрымалі 452 года і 2 месяцы “хіміі”;
  • для 24 чалавек – 5 гадоў і 7 месяцаў арышту;
  • для 144 чалавек – 38 010 базавых велічынь штрафу ў якасці дадатковага пакарання, а гэта амаль 557 тысяч долараў;
  • у дачыненні да 12 чалавек – 2380 базавых велічынь штрафу  (амаль 35 тысяч долараў) у якасці асноўнага пакарання;
  • для 6 чалавек – прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png