Аднавілася будоўля яшчэ аднаго даўгабуду Светлагорска – забаўляльнага цэнтра Global

by ZB

Гісторыя са з’яўленнем Global цягнецца ў Светлагорску ўжо амаль 10 год: у 2016 годзе прадалі будынак мясцовага кінатэатра «Юнацтва», на яго месцы павінны быў з’явіцца забаўляльны і гандлёвы цэнтр. Але нешта пайшло не так.

«Юнацтва» – Global

Светлагорскі кінатэатр прадалі на аўкцыёне ў 2016 годзе. Ва аўкцыёне ўдзельнічаў адзіны ўдзельнік ААТ «Тэтра-стыль», які будаваў аналагічныя цэнтры ў Гомельскай вобласці. Яны заплацілі за будынак 229600 рублёў. Стары кінатэатр збіраліся знасіць. Але ўмовай да новага ўладальніка стала з’яўленне ў цэнтры кіназала спачатку на 150 месцаў, а пазней і чатырох на 500 чалавек.

Абяцалі да таго, што ў будынку будзе супермаркет, аптэка, банк, крама з адзеннем і бытавой тэхнікай, а таксама і боўлінг. І на гэтым сітуацыя завісла, знасіць «Юнацтва» задумалі ў 2021 годзе, г.зн. праз 5 год пасля продажу.

У 2021 годзе з’явіліся першыя звесткі пра зацягванне будаўніцтва. У цэнтры надумалі зрабіць трохузроўневую паркоўку. Гісторыя працягнулася ў 2022 годзе, калі забудоўшчык называў цяжкасці часовымі.

Праблемаў, відавочна, стала болей, як пісаў светлагорскі «Ранак»: адсутнасць банкаўскіх крэдытаў на фінансаванне будоўлі, сыход буйных замежных кампаній з рынку рытэйла і паслуг, адмова айчынных рытэйлераў ад ранейшых дамоўленасцей, а таксама агульная нявызначанасць сітуацыі ў эканоміцы краіны. Улічваючы, што размова вялася ўжо пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне, хіба не будзе памылкай сказаць, што светлагорскі Global зачапілі санкцыі звязаныя з удзелам у ёй беларускіх уладаў.

«Наш праект (рэканструкцыі кінатэатра «Юнацтва» ў ТРЦ) прайшоў экспертызу, мы атрымалі станоўчае заключэнне па ім і ўжо хацелі б прыступіць да рэалізацыі, але ўзніклі фінансавыя складанасці», – распавёў тады дырэктар ТАА «Тэтра-Стыль» Анатоль Ляшчынскі.

Ён паскардзіўся, што «такая сітуацыя ў эканоміцы»: «сітуацыя нявызначаная, назіраецца, можна сказаць, нейкая стагнацыя», «буйныя сеткі па продажы бытавой тэхнікі і электронікі, з якімі мы вялі перагаворы аб супрацоўніцтве, зараз уціскаюцца, гавораць, што няма гандлю, няма паставак тавараў». Адмовіўся ад светлагорскага цэнтра нават Green.

Як паведамлялі журналісты, на той момант нават не знеслі стары кінатэатр.

А што сёння?

Прайшлі яшчэ амаль два гады, і, як піша лакальны тэлеграм-канал: «Зноў заўважанае «варушэнне» на будоўлі будучага Global». Аказваецца, што былі планы, што ён адкрыецца да канца 2024 года, але нават па фота бачна: яны не будуць рэалізаваныя.

«Многія гараджане (і мы таксама) ужо ў думках глядзяць там кіно ў запланаваным кінатэатры, ходзяць за пакупкамі па шматлікіх фірмовых крамах, гадаюць, будзе ў гэтым ГЦ Burger King або KFC. Але мы ўжо разумеем, што да канца гэтага года, як было раней запланавана, Global не адкрыецца. Тэрміны здачы аб’екта пераносяцца», – адзначылі аўтары «Раней усіх. Навіны».

Па тэрмінах рэалізацыі Global можа паспрачацца з яшчэ адным знакамітым светлагорскім даўгабудам – лядовым палацам. Наперадзе можна будзе ацаніць, ці будзе такой жа якасць выканання, бо ў палацы пасля адкрыцця ўжо даводзілася тое-сёе дарабляць.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png