9 мая 2024 года ў Гомелі адкрылі басейн “Дэльфін”. На пафаснай цырымоніі прысутнічала старшынька Савета Рэспублікі Наталля Качанава і кіраўнік Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко. Тады жыхарам горада давялі інфармацыю, што з’яўленне новага спартовага аб’екта – гэта падарунак да важнага дзяржаўнага свята. Сучасны басейн з трэнажорнымі залямі, дзе “ўсё прадумана да дробязяў”, павінен быў стаць увасабленнем дасягненняў сацыяльнай палітыкі ў Беларусі. Але на практыцы дадзены аб’ект расчароўвае гомельцаў.
Аднак на практыцы жыхароў Савецкага раёна Гомеля чакае невялічкае расчараванне. Шмат хто планаваў наведаць новы басейн “Дэльфін” падчас адключэння гарачай вады. Колькасць наведвальнікаў месцаў, дзе можна прывесці сябе ў парадак без мітусні з тазікамі і імбрыкамі (лазні, СПА і г.д.), шматкроць павялічваецца ў гэты перыяд. Але, як высветлілася, сістэма аўтаномнага нагрэву вады ў свежа пабудаваным спартыўным аб’екце не прадугледжана, таму басейн гэтыя пару тыдняў будзе зачынены.
Зразумела, што цэнтралізаванае забеспячэнне неабходнымі рэсурсамі таннейшае за аўтаномнае. Але гэта робіць будынак залежным ад розных фактараў і павялічвае рызыку спынення працы аб’екта па незалежных ад яго абставінах (рамонт ці аварыя).
Нагадаем, што ў Гомелі калісьці існаваў басейн “Дэльфін”, але пару гадоў таму аварыйны будынак знеслі, пабудаваўшы на ягоным месцы спортпляцоўку. Новы “Дэльфін” узвялі на іншым месцы, праз дарогу ад стадыёна “Прамень” па вуліцы Валгаградскай.