Ад чаго памёр гомельскі падпалкоўнік

Стала вядомая афіцыйная прычына смерці гомельскага высокапастаўленага сілавіка, які памёр у разгар пратэстаў 2020 года. У лістападзе 2020 года на сайце Генеральнай пракуратуры з’явіўся нечаканы і лаканічны некралог з нагоды сыходу з жыцця 41–гадовага падпалкоўніка юстыцыі Аляксея Гаўрыкава.

Аляксей Гаўрыкаў. Фота: сайт Генпракуратуры

Намеснік пракурора Гомеля памёр у адной з бальніц 12 лістапада 2020 года. Адзначым, што нечаканая смерць пракурора спарадзіла сярод гомельцаў шматлікія чуткі, паколькі многія ведалі Аляксея як сумленнага чалавека. Ён быў адкрыты да дыялогу, не цураўся беларускай мовы ў справаводстве і актыўна прасоўваў яе сярод калегаў па ведамству. Гэтага чалавека цяжка было ўявіць у якасці арганізатара рэпрэсій. Словам, не быў тыповым служакам. Таму ягоная смерць выклікала пытанні і спачуванні сярод гараджанаў.

“Штодзень” з дапамогай “Кіберпартызанаў” высвятліў заключэнне лекараў адносна прычыны смерці Аляксея Гаўрыкава. Як вынікае з афіцыйных дадзеных, падпалкоўнік памёр праз праблемы з сэрцам (у распараджэнні рэдакцыі ёсць больш дакладны дыягназ, але мы не падаем яго з этычных прычын). Можна дапусціць думку, што на заўчасны сыход маглі паўплываць стрэсы, звязаныя з працай. Будучы пракурорам, ён не мог не ўсведамляць сітуацыю прававога дэфолту ў краіне, які здарыўся пасля падзей жніўня 2020 года.

Аляксей Гаўрыкаў з’яўляецца выпускніком юрфака ГДУ імя Францыска Скарыны. Працаваў следчым пракуратуры ў Чачэрскім і Жлобінскім раёнах. З сярэдзіны 2000-х гадоў быў намеснікам пракурора ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах. З 2014 – га года працаваў на пасадзе намесніка пракурора Гомеля.

Штодзень

Related posts

“Яна была кілерам”. Дзе цяпер адыёзная суддзя Домненка, якая да 2020 года была ў лідарах па палітычных прысудах

Чарговай магчымасцю для беларусаў выехаць за мяжу менш

У Кармянскім раёне за 84 рублі прадаюць будынак школы, шэфамі якой былі КДБшнікі