Беларуская дуда можа трапіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Таксама ў гэты ганаровы спіс плануецца ўнесці знакамітыя неглюбскія ручнікі. Мова Гомель вырашыла прыгадаць, якія беларускія аб’екты ўжо ацэнены належным чынам на сусветным узроўні і ўваходзяць у згаданы спіс ЮНЕСКА.
Сусветная нематэрыяльная культурная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі на сёння прадстаўлена шасцю элементамі. Чатыры з іх уваходзяць у рэпрэзентатыўны спіс (Будслаўскі фэст, Бортніцтва, Саломапляценне і Выцінанка), а два – у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (абрады “Калядныя цары” і “Юраўскі карагод”).
АБРАД “КАЛЯДНЫЯ ЦАРЫ”
Гэта самабытны народны абрад каляднага цыклу, які звязаны з вёскай Семежава Капыльскага раёна Менскай вобласці. Ходзяць “цары” на Шчодры вечар з 13 на 14 студзеня. Аўтэнтычны абрад існаваў у вёсцы Семежава да канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Пасля знік, але ў канцы 1990-х гадоў мясцовыя жыхары яго адрадзілі.
Калядных цароў звычайна сем, гэта маладыя нежанатыя мужчыны, якія пераапранаюцца ў белыя нагавіцы і сарочкі, грудзі перавязваюць крыж-накрыж паясамі з традыцыйным арнаментам. На галовах – высокія шапкі з рознакаляровымі стужкамі, на шыі – пярэстая жаночая хустка. Вось у такім выглядзе і ходзяць цары з хаты ў хату разам з Дзедам, Бабай, Лекарам, з барабаншчыкам і механошай, з танцамі, песнямі і віншаваннямі, паказваюць прадстаўленне і атрымліваюць падарункі. Абавязковыя персанажы – цары Максімільян і Мамай.
Шмат дзе можна прачытаць, што абрад “Калядныя цары” зарадзіўся ў 18-м стагоддзі, калі ў вёсцы Семежава стаялі царскія войскі. Салдаты на Каляды хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, спявалі і атрымлівалі за гэта падарункі, адтуль нібыта і пайшоў абрад. Але сучасныя даследаванні паказваюць, што абрад з’явіўся задоўга да царскай арміі. Дый сам сюжэт нагадвае народную драму “Цар Максімільян”, якую звычайна паказвалі на Калядныя святы тыя ж батлеечнікі. Да таго ж старадаўняе Семежава належала Радзівілам, і на паўстанне абраду мог паўплываць радзівілаўскі тэатр. Абрад “Калядныя цары” трапіў у спіс ЮНЕСКА ў 2009 годзе.
БУДСЛАЎСКІ ФЭСТ, або Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай
Традыцыйны штогадовы фэст у Будславе – гэта важная частка ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вёскі Будслаў Мядзельскага раёна. Паводле падання, у Будславе 2 ліпеня 1588 года явілася Маці Божая, а сам абраз у яе гонар звязваюць са шматлікімі цудамі. Гэта святыня для вернікаў не толькі каталіцкай, але і іншых канфесій, у Беларусі і за яе межамі.
Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першыя выходныя ліпеня, калі ў Будслаў накіроўваюцца тысячы вернікаў (паломнікаў), сярод якіх асаблівай павагай карыстаюцца тыя, якія прыйшлі на фэст пешшу.
Будслаўскі фэст трапіў у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА у 2018 годзе.
АБРАД “ЮРАЎСКІ КАРАГОД”
Гэты архаічны палескі абрад на сёння захаваўся ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны. Традыцыйна падчас абраду выпякалі і ўпрыгожвалі хлеб – “карагод”, а пазней ішлі шэсцем па вёсцы з гэтым хлебам, зоркай, ручніком, абразом і граблямі з начэпленым на іх фартушком, вадзілі карагоды ў полі і абыходзілі двары з ваджэннем карагодаў.
Раней абрад “Юраўскі карагод” існаваў у кожнай вёсцы на Тураўшчыне. Ролю племяннога быка тура, які вымер у XVII стагоддзі, стаў выконваць абрадавы хлеб – “карагод”. Пазней ахоўную і прадукцыйную функцыю, якую выконваў прыручаны дзікі племянны бык тур, перанеслі на двух валоў, якімі абворвалі вёску да ўзыходу сонца на Юр’е. Пра гэта яшчэ памятаюць старэйшыя
жыхары Пагоста. “Юраўскі карагод” унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2019 годзе.
КУЛЬТУРА БОРТНІЦТВА БЕЛАРУСІ І ПОЛЬШЧЫ
Бортніцтва — гэта старадаўні лясны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах — борцях. Бортніцтвам на тэрыторыі Беларусі займаліся са старажытных часоў. Статуты ВКЛ сведчаць, што гэта была асобная галіна гаспадаркі, а ў гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіравання.
Аж да XIX стагоддзя бортніцтва было найбольш распаўсюджаным відам пчалярства на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Сёння захавалася ў многіх вёсках Лельчыцкага раёна, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, асобныя бортнікі дзейнічаюць і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Таксама традыцыя бортніцтва захавалася ў некаторых частках Падляшскага ваяводства Польшчы.
Варта звярнуць увагу на youtube-канал “Бортніцтва Беларусі”, дзе можна паглядзець серыял пра бортнікаў Убарцкага Палесся.
“Культура Бортніцтва Беларусі і Польшчы” была ўключана ў спіс ЮНЕСКА у 2020 годзе.
САЛОМАПЛЯЦЕННЕ БЕЛАРУСІ: традыцыі, рамяство, уменне
Саломапляценне – гэта адно з самых старажытных народных рамёстваў. У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна: саломай пакрывалі дахі, з яе выраблялі вопратку, хатнія рэчы, цацкі і ўпрыгожванні.
Усім вядомыя і самыя таямнічыя саламяныя вырабы – павукі, якія традыцыйна вырабляліся да дня зімовага сонцастаяння. “Павукам” прыпісвалася здольнасць збіраць у сабе негатыўную энергію, таму старога павука трэба спаліць, а замест яго вырабіць новага.
“Беларускае саломапляценне падкрэслівае духоўную каштоўнасць і сімвалічнасць матэрыялу і вырабаў. Некаторыя вырабы з саломы маюць асаблівае значэнне, напрыклад, абрадавыя вянкі і павукі, якія, як лічацца, ахоўваюць дом ад бяды і хвароб”, — пішуць на сайце ЮНЕСКА. У спіс спадчыны ЮНЕСКА беларускае саломапляценне ўключылі ў 2022 годзе.
ВЫЦІНАНКА – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі
Беларуская выцінанка – незвычайнае рамяство, далікатнае і прыгожае. Вось што пра гісторыю выцінанкі распавядала даследчыца народнай культуры Алена Ляшкевіч для Беларускай службы Польскага радыё:
– Лічыцца, што ў народным побыце выцінанка з’явілася ў другой палове ХІХ стагоддзя. Выцінанка была таксама ў высокай, салоннай культуры, ва ўпрыгожванні цэркваў, абразоў. У другой палове ХІХ стагоддзя выцінанка ўвайшла ў побытавае жыццё, рабілі ўпрыгожванні са звычайнай паперы, не крафтавай. Часцей за ўсё гэта былі ўпрыгожванні палічак, фіранкі на вокны. Але ж і вокны, такія, як мы гэта ўяўляем, з’явіліся ў ХІХ стагоддзі, да гэтага былі курныя хаты. Таксама выцінанкамі маглі ўпрыгожваць абразы, фотаздымкі, якія ў дамах шырока з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны. Мастацкае адраджэнне выцінанкі было ў 1970–1980-ых гадах. Сёння выцінанка — сапраўды від мастацтва. ЮНЕСКА ўключыла беларускую выцінанку ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў 2024 годзе.
Штодзень
Аўтар: Мова Гомель
Фота: living-heritage.by (аўтар – А.Мікус, “Юраўскі карагод”); Будслаўскі фэст. 2014 г. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны; travel.by (“Калядныя цары”); heritage.gov.by (бортніцтва); vytinanka.by; dudutki.by (майстэрня саломапляцення).