Абмянялі ідэолага на тэхнакрата. Кадравыя перастаноўкі на ЗЛіН-е

На гомельскім заводзе “ЗЛіН” памянялася кіраўніцтва. Дырэктарам прызначылі Мікалая Панфіленку, які з 2010 па 2018 гг. працаваў на прадпрыемстве галоўным інжынерам. У 2021-м, да прызначэння на пасаду кіраўніка завода адыёзнага Андрэя Кузняцова, ён, праўда, быў выконваючым абавязкі дырэктара.

Мікалай Панфіленка. Фота: “Гомельскія ведамасці”

У афіцыйным тг-канале завода “ЗЛіН” – некалькі дзясяткаў віншаванняў ад кіраўнікоў і рабочых на адрас Мікалая Панфіленкі. Частка з іх, відавочна, мае арганізаваны зверху характар, але некаторыя, можна дапусціць, напісаныя ад душы. Справа ў тым, што, у адрозненне ад папярэдняга дырэктара Андрэя Кузняцова, які ўвёў на прадпрыемстве “лагерны” парадак і караў супрацоўнікаў за нелаяльнасць уладзе, Панфіленка выглядае звычайным тэхнакратам. Многія з калег новапрызначанага дырэктара ведалі яго і раней па працы.

На фоне папярэдніка, які атрымліваў ад Мікалая Карпянкова граматы за “цеснае ўзаемадзеянне і дзелавую супрацу з унутранымі войскамі”, новы дырэктар не быў надта заўважны ў нейкіх палітычных мерапрыемствах, калі не браць у разлік удзел у выбарчых камісіях, ад чаго не адверцішся на такой пасадзе. Таксама Мікалай Панфіленка фігуруе ў некалькіх артыкулах мясцовых СМІ як прадстаўнік завода, які перадае абсталяванне раённай паліклініцы альбо ўдзельнічае ў цырымоніі ўзнагароджання прэміі якасці ўраду Беларусі.

Грамата ад Карпянкова

А вось Андрэй Кузняцоў, які да чэрвеня 2024 года кіраваў “ЗЛіНам”, пайшоў на падвышэнне. Цяпер ён займае пасаду намесніка міністра прамысловасці. Нядаўна Андрэй Кузняцоў выступаў на “Выставе кітайскіх тавараў і паслуг”, дзе выказваўся наконт неабходнасці павелічэння колькасці супольных беларуска-кітайскіх праектаў.

Андрэй Кузняцоў на беларуска-кітайскай выставе. Трэці злева. Фота: minprom.gov.by

Такім чынам, калі гомельскія працоўныя са “ЗЛіН-у” могуць часова расслабіцца ад кадравай перастаноўкі, то ўсім астатнім беларускім прадпрыемствам варта падрыхтавацца да таго, што пытанні дысцыпліны, ідэалогіі і супрацы з КНР хутка для іх персаналаў стануць прыярытэтнымі.

Штодзень

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары