Статыстычныя звесткі пра пазітыўную дынаміку адкрыцця школ апублікавала галоўнае дзяржСМІ вобласці «Гомельская праўда»: З 1994 года на Гомельшчыне з’явіліся 44 новыя школы ці прыбудовы да іх, а таксама 23 дзіцячых садкі. Па-першае, гэта ў якія такія часы ўлічваюцца прыбудовы? Па-другое, «Штодзень» паглядзеў статыстыку па закрытых школах, і карціна адразу становіцца не такой вясёлай.
У Гомельскай вобласці ўсяго 506 школ і гімназій, 478 дзіцячых садоў. Пры гэтым, па колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту, Гомельшчына займае трэцяе месца сярод абласцей.
Цяпер паглядзім на статыстыку закрытых школаў. На пачатак навучальнага 2023 года, па звестках Белстата, ў Гомельскай вобласці функцыянавалі 542 школы. Гэта значыць, што нават за год іх стала меней на 36. Гэта практычна перакрывае «дасягненне» адкрытых за 30 год.
Далей – болей: у 1990/1991 навучальным годзе ў сістэме адукацыі БССР у Гомельскай вобласці, паводле звестак выдання «Флагшток», было 878 школ. Такім чынам, за 34 гады суверэнітэту зніклі 372 школы.
Ці ёсць тут чым хваліцца чыноўнікам і прапагандзе? Нам падаецца, не.