Колішняя гамяльчанка Яна Карслян і стваральніца беларускамоўнага ютуб канала “Янахімічыла”, шчыра прызналася “Штодню”: калісьці яна гаварыла, што з Расеі, а на ейны пераход на беларускую мову паўплываў муж-армянін.
“Мой муж лінгвіст, ён з Арменіі. І ён паўплываў, што я перайшла на беларускую мову. Армяне не кажуць, што яны з Расеі. Яны могуць гадзінамі распавядаць пра сваю мову і гісторыю, нават калі суразмоўца будзе ўжо спаць”.
Яна Карслян – пра хімію, беларускую мову, ідэю стварэння “Янахімічыла”, а таксама, якіх беларускамоўных каналаў не хапае, – у гутарцы са “Штоднём”.
Даведка. Яна Карслян скончыла гомельскую школу № 27, вучылася на хімічным факультэце ў БДУ. Скончыла магістратуру ў Акадэміі навук. Пасля з’ехала ў ЗША ў аспірантуру. У 2020 годзе абаранілася, мае ступень: PhD in Chemistry. Аўтарка ютуб канала “Янахімічыла”, які вядзе па-беларуску. За тры тыдні канал займеў больш за 600 падпісчыкаў, а відэа набралі каля 4 тысяч праглядаў. “Як палепшыць вашу каву?” і “Топ 6 хімічных рэчываў для чысціні ў доме”, – гэтыя відэа можна знайсці на канале.
Штодзень: Ці сумуеш па Гомелі? Што ўзгадваеш?
Яна Карслян: Не сказала б, што нейкія мясціны згадваюцца. Хутчэй сумую па сваяках. Я згадваю цёплым словам сваю школу. Нават скажу больш. Не школу цалкам, а настаўнікаў пэўных, якія далі моцную базу па хіміі і матэматыцы. Тое, з чым я засталася да гэтага моманту. То бок захапленне матэматыкай і хіміяй — з Гомеля. Людміла Фёдараўна Каралёва, мая настаўніца па матэматыцы, навучыла мяне любіць навуку. У тым сэнсе, што ёй можна захапляцца самой па сабе, без нейкіх мэтаў і адзнак. Па хіміі была была настаўніца, якая дала мне базу, бо мы рыхтаваліся да алімпіяд. Гэта была настаўніца, якая любіла сваю прафесію. Я дагэтуль узгадваю добра гэтых настаўніц.
Штодзень: Беларуская мова са школы з сям’і ці ўніверсітэта?
Яна Карслян: Ад сэрца. Да таго, як я пераехала ў ЗША і пражыла тут 2 гады, я ведала толькі аднаго беларускамоўнага чалавека. І я магу сказаць, што не разумела, што гэта жывая мова. Мне здавалася, што мы яе вучым як ангельскую. Маўляў, калі-небудзь кудысьці паедзеш, сустрэнеш беларускамоўнага беларуса і пагаворыш. Як і з ангельскай. Вучыш ангельскую і думаеш, навошта яна мне. Але ў душы спадзяешся ды і бацькі кажуць: “А павучы, можа, і спатрэбіцца”.
У мяне не было ў Беларусі беларускай мовы.
У мяне была мая бабуля, якая рана памерла. Яна размаўляла на трасянцы. Яна была з вёскі, у яе было цяжкае жыццё. У сям’і ў нас размаўлялі па-расейску, бо муж у бабулі быў расеец. І ў мяне было адчуванне, што беларуская мова з вёскі, як мая бабуля. Там у яе была гэтая мова. У дзяцінстве мне нават падавалася, што гэта нейкі дыялект. Але я вельмі любіла сваю бабулю.
Калі я пераехала ў ЗША, то ў мяне часта пыталі, адкуль я, дзе гэтая Беларусь знаходзіцца. Тут такая традыцыя: у ЗША заўсёды пытаюцца, адкуль ты, нават калі з суседняга штата. У пэўны момант я стамілася распавядаць і паказваць, дзе Беларусь. І я пачала казаць, што я з Расеі. Потым я пазнаёмілася са сваім мужам. Ён з Арменіі. Ён вельмі нацыяналістычна арыентаваны. І калі ён пачуў, як я сказала некаму, што з Расіі, ён такі: “Што? Ты нармальная?”. Пасля гэтага я пачала думаць, што важна казаць, што я з Беларусі, хай і дзесяць разоў на дзень паказваць, дзе гэта. Я пачала прыглядацца, як іншыя ставяцца да сваіх моў, да сваёй радзімы.
Мой муж лінгвіст і паўплываў моцна, што я перайшла на беларускую мову. Прытым, што іхняя мова жывучая. І армяне не кажуць, што яны з Расіі. Яны будуць вучыць на армянскай мове. І будуць расказваць пра сваю мову і гісторыю гадзінамі, нават калі суразмоўца будзе ўжо спаць (смяецца). Я за ўсім гэтым назірала ў армянскай суполцы. А яшчэ ў мяне сябры з Ірана, Мексікі, Філіпін. І я глядзела на іх і разумела, што гэта важна казаць, хто ты і адкуль ты. Усё гэта паўплывала на мяне, я пачала цікавіцца беларускай гісторыяй беларускай. Пачала гугліць. Зразумела тое, што калі гуглю па-расейску, то гэта адрозніваецца ад таго, калі гуглю па-беларуску. Гэта нейкія дзве паралельныя гісторыі. Супярэчнасцяў было багата. І я, як нейкі крыміналіст, пачала разбірацца. І даразбіралася да таго, што перайшла на беларускую мову. І сама стала нейкай нацыяналісткай.
Мне стала крыўдна, што да гэтага я жыла ў падмане, жыла ў нейкіх дэкарацыях у Беларусі. Не бачыла вось гэтага паралельнага сусвету, дзе зусім іншая гісторыя, дзе людзі беларускамоўныя.
У ЗША я сустрэла тут шмат беларусаў і беларускамоўных. І пазл у мяне склаўся. Так я перайшла на беларускую мову.
Штодзень: #янахімічыла – канал па-беларуску. Тут ты не сумнявалася, на якой мове яго ствараць?
Яна Карслян: Ютуб канал па хіміі – гэта як крык пра тое, што я хачу, каб на беларускай мове былі звычайныя рэчы. Проста цікавыя.
Я спачатку думала дзесьці праз год стварыць. Бо цяпер нарадзілася дзіця. І мне падавалася, што будзе цяжка і з дзіцём, і з працай. Бо тут, у ЗША, няма дэкрэту. Але пайшла на школу відэаблогераў. А ў гэтай школе ўмова, што на наступны ўрок пераходзіш, калі зробіш заданне. А заданні, напрыклад, такія: стварыце канал, стварыце кароткі ролік. Кожны тыдзень заданні. Так я і стварыла гэты відэаканал як умову ўдзелу ў школе.
Штодзень: Каля 700 падпісчыкаў, каля 4 тысяч праглядаў — добры вынік за тры тыдні існавання канала.
Яна Карслян: Я адчувала, што беларускамоўнай супольнасці не хапае чагосьці проста цікавага і звычайнага. Калі карыстальнікі ўбачылі інфармацыю пра гэты канал, то столькі пайшло рэпостаў. Я здзівіліся, што яшчэ нічога не зрабіла, а настолькі гэтага чакалі, настолькі гэта патрэбна. І там каментароў колькі было. Я адкрыла канал, там нават не было першага відэа, а людзі ўжо распаўсюдзілі інфармацыю, дзякавалі. І я зразумела, што я павінная працаваць. Я цяпер разумею, што гэта вельмі важна, што ёсць запыт і давядзецца яго выконваць.
Штодзень: Ці ёсць ідэі для наступных праграм?
Яна Карслян: Ідэй проста велізарная колькасць. Хімія ў нас усюды. Любы звычайны працэс, які мы бачым, — там усюды можна знайсці хімію. У мяне як у чалавека, для якога хімія – галоўны прадмет з 8 класа, іншы светапогляд. На звычайныя рэчы (напрыклад, як памыць галаву) я заўсёды гляджу з пункту гледжання таго, як гэта адбываецца на малекулярным узроўні. І я хачу распавесці пра гэта іншым людзям, каб таксама разумелі сутнасць з’яў. Ідэй многа, бо вакол нас шмат чаго цікавага адбываецца.
Штодзень: Якіх беларускамоўных каналаў не хапае?
Яна Карслян: Шмат якіх. Нейкіх кулінарных прыгожых каналаў. Не проста, каб у цемнаце паказваць, як дранікі нагатаваў нехта. А прыгожых каналаў пра кулінарыю, бо гэта кожнаму было б цікава: усе ж гатуюць. Нейкіх каналаў пра развіццё, псіхалогію. Бо ўсе мы кантактуем адно з адным. Насамрэч любы чалавек, які з’яўляецца экспертам у чымсьці, можа пайсці ў ютуб. І стварыць свой канал. Мала ніш закрыта. А нават калі нешта закрыта, то можна інакш ствараць. Так жа ў Амерыцы, у англамоўным ютубе: тут на кожную тэму сотні чалавек будуць штосьці распавядаць. А ты ўжо выбіраеш: любіш, калі такім голасам гавораць, ці калі распавядаюць весела, задуменна; калі фон як на дыскатэцы альбо нейкі акадэмічны. Усе тэмы адкрытыя.
І толькі хочацца, каб людзі беларускамоўныя рабілі і стваралі гэты кантэнт. Неслі тое, што яны ўмеюць, каб захапіць не проста беларускай мовай, а каб успрымалася, што гэта проста нейкая мова, на якой ёсць цікавыя людзі, з якімі хочацца сябраваць і праз гэта вучыць іхнюю мову, каб даведацца нешта цікавае.