100-годдзе мовазнаўцы і аднаго са стваральнікаў ГДУ імя Францыска Скарыны Уладзіміра Анічэнкі

by ZB

20 ліпеня спаўняецца 100 год са дня народзінаў вядомага беларускага мовазнаўцы, доктара навук, ветэрана ІІ Сусветнай вайны, аднаго са стваральнікаў ГДУ імя Францыска Скарыны Уладзіміра Анічэнкі.

Доктар філалагічных навук Уладзімір Анічэнка. Менавіта яму належыць заслуга ў тым, што ГДУ носіць імя Францыска Скарыны. Фота: Зеленкова, А. И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (1930–2015 годы)

Як адзначаецца ў кнізе А.І. Зелянковай  “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (1930-2015)”, “на пасяджэнні навуковай рады 30 жніўня 1988 года абмяркоўвалася пытанне пра мерапрыемствы па падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны. У. В. Анічэнка выказаў меркаванне, што імя Ф. Скарыны мусіць быць дадзенае Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, паколькі ВНУ з’яўляецца навуковым цэнтрам вывучэння спадчыны Ф. Скарыны, у ім прадугледжана адкрыццё медыцынскага факультэта, а Ф. Скарына меў ступень доктара медыцыны.

Біяграфічная даведка. Уладзімір Васільевіч Анічэнка – доктар філалагічных навук, прафесар. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Спачатку працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. А з 1970 г. — загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым – беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уладзімір Анічэнка з’яўляецца складальнікам грунтоўнай працы — трохтомнага “Слоўніка мовы Скарыны”. У гады ІІ Сусветнай вайны ён быў партызанам на польска-чэшскім памежжы, за што атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медаль “Чэхаславацкі партызан”.



Як распавядаў у адным з інтэрв’ю кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Паўлавец, на той час У. В. Анічэнка атрымаў Дзяржаўную прэмію за Скарыніяну лінгвістычную. Ён з Барысам Бокуцем (рэктар ГДУ) пайшлі да Камая (з 1985 па 1989 Аляксей Камай займаў пасаду першага сакратара Гомельскага абкама КПБ  заўв.рэд.) і давялі яму, што імя Скарыны будзе садзейнічаць пераўтварэнню ўніверсітэта ў сапраўдны навукова-даследчы цэнтр Беларускага Палесся. Усе гэтыя аргументы ў рэшце рэшт пераважалі астатніх прэтэндэнтаў.  29. 10.1988 Савет міністраў БССР выдаў пастанову. У пастанове той гаварылася, што за значны ўклад у вывучэнне спадчыны выдатнага гуманіста эпохі Адраджэння, усходнеславянскага і беларускага першадрукара Францыска Скарыны Гомельскаму дзяржуніверсітэту надавалася імя Францыска Скарыны”.

Дарэчы, нягледзячы на ўсе вялікія заслугі Уладзіміра Анічэнкі перад Гомелем і ўніверсітэтам, чамусьці дагэтуль не знайшлося ніводнай вуліцы ў абласным цэнтры, каб назваць яе ў гонар навукоўца. Здаецца, 100-годдзе з моманту нараджэння выбітнога даследчыка – добрая нагода выправіць гістарычную несправядлівасць і ўшанаваць нашага земляка належным чынам.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png