Толькі ў ліпені за адзін дзень разабралі ўсе 40 кватэраў у доме па Рэчыцкім праспекце (каля ГІППО). Сярод ахвотных набыць кватэру ў новым доме ўжо некалькі год існуе народная чарга.
Скульптура лодачніка ў Гомелі вядомая сярод гамяльчан не проста як кампазіцыя. Менавіта тут запісваюцца ў народную чаргу на новыя кватэры. Паводле аўтарскай задумы, скульптура Вячаслава Далгова (вобраз “Лодачніка”) мусіла ўвасобіць першага гомельца, які прыплыў у гэтыя мясціны па рацэ Сож. Па іроніі лёсу цяпер жа яна ўвасабляе гомельца, які паспеў набыць кватэру ў новым доме. Кожны чацвер увечары на кватэры ў новых дамах па долевым будаўніцтве запісваюцца менавіта каля Лодачніка.
– А вы ведаеце, што ў Гомелі, нават калі ў цябе маюцца грошы, ты не зможаш набыць сабе кватэру. Паколькі попыт перавышае прапанову і не ўсім хапае квадратных метраў, то часам да рукапрыкладства ў дзень падачы заявы даходзіць, то людзі вырашылі арганізавацца. І калі пачынае будавацца дом, усе згодна нумару ў чарзе ідуць і набываюць жытло. Кожны чацвер каля Лодачніка збіраюцца тыя, хто жадае набыць кватэру, удзельнічаюць у пераклічцы. Не прыйшоў – выкрэсліваюць са спісу. — Гаворыцца ў адным з ролікаў у Tik Tok пра долевае будаўніцтва ў Гомелі.
Некаторыя ў каментарах пад ролікам засумняваліся ў наяўнасці такой чаргі.
— Не магу зразумець, прыйшлі ў УКС у 8 раніцы, сказалі, што хочаце набыць кватэру, яны вам што, скажуць ісці чаргу займаць да Лодачніка?
— У 8 раніцы прыйшлі, а перад Вамі 200 чалавек, якія год хадзілі да Лодачніка. І???
— Прыйду а 3-й ночы і займу чаргу каля дзвярэй. Сумняваюся, што там будзе 200 чалавек стаяць.
— Ну, калі б так проста было ўсё. Я толькі за. Але, на жаль, Вы ўсё роўна будзеце 201-й, нават калі за двое сутак прыйдзеце.
Дарэчы, на кватэры па Рэчыцкім праспекце, якія распрадалі за адзін дзень, была народная чарга. Як адзначаюць гомельцы ў тэматычных чатах, гэта быў адзіны з нямногіх дамоў, пабудаваны для звычайных пакупнікоў, а не тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. “Усе астатнія дамы, якія маюцца на дадзены момант ва УКСа – для патрабуючых. Мала будуюць жытла не для патрабуючых, а для тых, хто проста хоча набыць жытло. Жытла рэальна мала, а ахвочых многа”, — адзначаюць гомельцы.
І сапраўды, калі паглядзець на прыблізны графік будаўніцтва на 2024 год на сайце УКСа па Гомельскай вобласці, то з 17 дамоў у Гомелі, толькі два пабудаваных і для патрабуючых, і не для патрабуючых. Адзін пачалі будаваць на ўскраіне горада ў ліпені 2023. І гэта дом у 94-м мікрараёне, дзе яшчэ не маецца ў дастатковай колькасці паліклінік, дзіцячых садкоў і школ. Другі – у сакавіку 2024 года. І гэта менавіта той самы дом, дзе кватэры раскупілі за адзін дзень.
На сайце УКСа пазначана, што “ў дзяржаўнага прадпрыемства “Гомельскае абласное УКС” няма вольных жылых і нежылых памяшканняў”.
У мікрараёне “Хутар” кошт квадратнага метра для патрабуючых складаў 1963 беларускія рублі, для іншых – 2078. Калі паглядзець на сайтах рэкламы аб продажы кватэр у новабудоўлях, то цана ўзрастае. Напрыклад, у гэтым жа раёне цана за квадратны метр узрастае амаль да 3000, а тое і да 3200 беларускіх рублёў.