Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка падзяліўся на старонках сваіх сацсеткак меркаваннем пра тое, як арганізаваны працэс “завочных крымінальных судоў” у дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму і ацаніў юрыдычныя механізмы абароны сваіх правоў у цяперашняй Беларусі.
Сёння заканчваецца 10-дзённы тэрмін для апеляцыі на завочны прыгавор пра 5 гадоў майго “страгача”. Але атрымаць вердыкт, каб падаць абгрунтаваную скаргу, не атрымліваецца. У будынку з шыльдаю “Гомельскі абласны суд” мне параілі звярнуцца да прызначанага адваката. Атрымаць прысуд наўпрост па пошце, аказваецца, немагчыма, няма такога ў беларускім законе, толькі асабістая яўка.
Прызначаная адвакат маўчыць як вады ў рот набрала. Скажу больш – хаваецца ад мяне. І хавае мой прыгавор, тым самым пазбаўляе магчымасці яго абскардзіць! Спадзяюся, змагу саўдзельніцы задаць пытанне на гэты конт у вочы, калі ў Беларусь вернецца канстытуцыйная законнасць…
Між іншым, у кожнага беларуса ў пашпарце чорным па белым прапісана, што яго ўладальнік знаходзіцца пад абаронаю дзяржавы. А абарона нашых правоў і свабод, паводле беларускай Канстытуцыі, з’яўляецца вышэйшай каштоўнасцю і мэтаю дзяржавы. То бок жыццё і здароўе кожнага з нас мае прыярытэт над усім іншым, у тым ліку і над інтарэсамі дзяржавы!
Ехаць у сінявокую, каб атрымаць прыгавор, для мяне смерці падобна. Я ведаю аб чым кажу. 5 год строгага рэжыму маё здароўе дакладна не вытрымае, значыць, пад пагрозу я пастаўлю сваё жыццё і прысуд для мяне можа пераўтварыцца ў смяротны! Тым больш, што ў Беларусі па палітычных справах фактычна не засталося ніякіх прававых сродкаў абароны. Адмаўляючыся ехаць туды, я ратуюся яшчэ і ад катаванняў, праз якія прыйшлося прайсці падчас першага тэрміну…
Задаў пытанне галоўнаму суддзі краіны: “Валянцін Алегавіч, дзе ўзяць прыгавор, у якія дзверы грукацца, каб пачулі голас вышэйшай каштоўнасці дзяржавы?”
17 чэрвеня Гомельскі абласны суд прысудзіў вядомаму праваабаронцу і былому палітвязню Леаніду Судаленку пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 650 базавых велічыняў (26 тысячаў рублёў). Новая крымінальная справа на Леаніда Судаленку паводле арт. 361-4 частка 1 і 2 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») была заведзеная ў лістападзе 2023 года.