Як нефармалы ў 1980-х адбудоўвалі краіну “талакой”. Гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі Гомеля (частка 2-я)

15 верасня 2021 года Гомельскі абласны суд ліквідаваў Гомельскую моладзевую краязнаўчую грамадскую арганізацыю “Талака”. Іск аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. Талака сталася адной з больш чым 1000 грамадскіх арганізацый Беларусі, знішчаных беларускімі ўладамі пасля восені 2020 г.
У серыі артыкулаў “Штодня”, прысвечаных антысавецкаму супраціву ў 1980-х, будзе распавядаецца гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі рэгіёна – гомельскай “Талацэ”.
Артыкул пра перадумовы ўзнікнення “Талакі” чытайце ТУТ.
 

Кола свядомай беларускамоўнай моладзі ў Гомелі аформілася яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў. У той час на гісторыка-філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта вучыліся некалькі сяброў-аднадумцаў, для якіх беларуская мова і літаратура, а таксама ўменне размаўляць па беларуску, былі нечым большым, чым простым экзаменам ці залікам па спецыяльнасці. У гэтым сяброўскім коле сабраліся такія вядомыя ў культуры Беларусі асобы, як паэт Анатоль Сыс, будучы праваабаронца і Нобелеўскі лаўрэат і Алесь Бяляцкі і іншыя. Тое кола беларускамоўных маладых людзей займалася паэзіяй, сябравала і т.п. – шукала сваю Беларусь. Як пазней апавядаў Алесь Бяляцкі, 25 сакавіка 1983 ці 1984 г. ён ужо ездзіў у Менск да сваіх аднадумцаў, каб у лесе пад горадам, канспіратыўна адсвяткаваць гадавіну абвяшчэння БНР: “Сабралася тады там нацыянальна сведамая моладзь, чалавек з 15, пераважна з Майстроўні: Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў ды іншыя, каго ўжо і ня памятаю. Я спецыяльна прыехаў з Гомеля, дзе тады вучыўся. Спявалі песьні, узнялі бел-чырвона-белы сьцяг, выпілі па чарцы за незалежнасць, да якой тады было, здавалася, так далёка, як да Месяца. Але мы верылі, што гэты час надыйдзе.”

Шляхі гомельскіх аматараў беларушчыны і сям’і Дубаўцоў перасякліся ў канцы 1985 г., калі Сяргей Дубавец прапанаваў гомельскім Алесю Фамічу, Алегу Чыжу, Ларысе Сымаковіч, сям’і мастакоў Цімохавых ды інш. пачаць рэгулярна збірацца ў памяшканні газеты “Гомельская праўда” і заснаваць “Клуб маладых журналістаў” пры рэдакцыі газеты. На сваіх штотыднёвых пасяджэннях маладыя людзі займаліся абмеркаваннем актуальных для іх праблем беларусізацыі горада: як данесці да людзей беларускае слова, як спрыяць пераводу дзіцячых садкоў, школ, ВНУ на беларускую мову. Фактычна там і пачала фарміравацца ідэя будучай арганізацыі “Талака”, хаця такі назоў у яе з’явіўся пазней.

У якасці валанцёраў будучыя гомельскія “талакоўцы” некалькі разоў ездзілі ў Ветку, дзе працавалі валанцёрамі над добраўпарадкаваннем памяшкання і тэрыторый, нядаўна ўтворанага Веткаўскага музея – займаліся будаўнічымі працамі, прыборкай тэрыторыі, вынасам смецця. Першая такая “талака” адбылася недзе ў адной з апошніх субот красавіка 1986 г., у т.зв. “ленінскі суботнік”, што фактычна і сталася першай талакоўскай акцыяй, рэальным пачаткам існавання арганізацыі. Так, валанцёры дапамагалі заснавальніку веткаўскага музея Фёдару Шкляраву, чыя асабістая калекцыя (старасвецкія кнігі, іконы, карціны, абразы, ручнікі, строі ды інш.) лягла ў падмурак экспазіцыі будучага музея.


Неўзабаве галоўнага рэдактара “Гомельскай праўды” сп. Лазько выклікалі ў гаркам партыі і загадалі “недабітых нацыяналістаў” з памяшкання рэдакцыі выгнаць, што і адбылося.



Але актывісты да таго часу ўжо адчулі смак грамадскай працы і таму прапанавалі свае паслугі, а дакладней, ідэю стаць нейкай баявой адзінкай, структурным звяном буйной арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў ды культуры”, якая фармальна была грамадскай, а фактычна дзяржаўнай і налічвала сотні сяброў, бо, напрыклад, студэнты ў прымусовым парадку былі ейнымі сябрамі, плацілі ўнёскі. У паслугах грамадскіх актывістаў арганізацыя па вышэйназваных прычынах патрэбы не мела, да таго ж актывісты размаўлялі па-беларуску і з гэтае прычыны да іх паставіліся досыць насцярожана.



Але ў краіне імкліва распачыналіся грамадска-палітычныя ды эканамічныя працэсы, якія атрымалі назоў “перабудова”. Стыхійна пачалі ўтварацца, як іх тады называлі, нефармальныя моладзевыя аб’яднанні і кампартыя паставіла сабе на мэту ўзяць іх пад кантроль. З гэтае прычыны камсамолу было даручана згуртаваць вакол сябе гэтыя нефармальныя аб’яднанні моладзі. Так, гомельскім гаркамам камсамолу быў створаны “Фонд маладзёжных ініцыятыў”, куды ўвайшлі, апроч “Талакі”(яна тады мела ўжо такі назоў), арганізацыя “Вытокі”(расейскамоўная, кіраўнік Уладзімір Ліцьвінаў, займалася гісторыяй ды археалогіяй), дыскусійны клуб “Дыялог” (кіраўнік Барыс Жарскі), “Ракурс” (прадзяржаўная моладзвая арганізацыя створаная пры ўніверсітэце), фотаклуб “Палессе” ды інш.

Для чальцоў фонда арганізоўваліся круглыя сталы, маніторыліся іх праблемы, прапаноўвалі дапамогу. Для талакоўцоў на той час самай актуальнай праблемай была адсутнасць памяшкання для сталых пасяджэнняў. Гарадскія ўлады на выбар прапанавалі ім некалькі памяшканняў, пераважна ў якіх-небудзь дзяржаўных установах. Талакоўцы адмовіліся, бо меркавалі збірацца ўвечары, а гэныя ўстановы зачыняліся пасля заканчэння рабочага дню. Сярод іншых, талакоўцам прапанавалі памяшканне закінутага бамбасховішча па вуліцы Першамайскай 18, якое адразу ўпадабалася сябрам арганізацыі. Надалей дасціпныя сябры арганізацыі пераназвалі яго ў “талакасховішча”, правялі работы па ўпарадкаванню, ачысцілі ад смецця, праветрылі, аздобілі плакатамі, карцінамі, ручнікамі, абразамі, і нават ліштвамі і пачалі рэгулярна збірацца шточацвер а 19-й.


На “Талацэ” амаль адразу быў уведзены моўны рэжым: размаўляць толькі па-беларуску, бо на пасяджэнні пачало прыходзіць багата людзей якія, натуральна, размаўлялі па-руску. Талакоўцы толькі самі пачалі размаўляць па-беларуску і таму мова ў іх была яшчэ вельмі слабая, недасканалая. Але пераносіць з вуліцы расейскамоўнае асяроддзе яны не хацелі, таму ўсім, хто наведваў “Талаку”, было прапанавана размаўляць выключна па-беларуску. На пасяджэннях талакоўцы слухалі лекцыі па гісторыі, культуры Беларусі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці “Талакі” на той час былі вывучэнне, даследаванне, папулярызацыя краязнаўства, этнаграфіі, фальклору, гісторыі пераважна Гомельшчыны, а таксама экалогія, ахова, абарона ад руйнавання архітэктурных помнікаў, старых будынкаў. Так, талакоўцы, пачалі збіраць прыгожыя, старыя ліштвы з акон дамоў, што зносіліся па вуліцы Стара-Чарнігаўская, Нова-Палеская. Асноўная заслуга ў захаванні драўлянага дэкору г. Гомеля належыла талакоўцу Андрэю Валер’евічу.



Працяг будзе…

Штодзень

Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net

Наступны

Матэрыялы