“Тэрмінова! Здыму (альбо куплю) кватэру ў вашым доме, пажадана з мэбляй, на доўгі тэрмін”. Расейцы шукаюць прыстанішча ў Гомелі

by ZB

“Тэрмінова! Здыму (альбо куплю) кватэру ў вашым доме, пажадана з мэбляй, на доўгі тэрмін” – такія абвесткі вісяць не толькі на нашым пад’ездзе, але і на суседніх дамах, і на суседніх вуліцах.

 

Фота: Reuters

 

Суседка-цырульніца на днях прызналася, што здае бацькоўскую кватэру двум маладым расейцам з Курска:

Спачатку страшнавата было. Бо адразу падманулі: у адзін голас напружана адказалі, толькі адзін “мы студэнты”, а другі – “у адпачынак”, – распавяла Вольга. – А на маё пытанне “Што, ваяваць не хочацца?” вочы апусцілі: “А каму ж хочацца?”…

 

Яшчэ з зімы многія суседзі абураліся, што расейцы купляюць у Гомелі кватэры – і не жывуць у іх. Ды ладна, што не жывуць. А на прыбіральшчыцу хто скідвацца будзе? А на новы дамафон? А вунь, Таццяна Паўлаўна ружы перад домам высадзіла, а з расейцаў як грошы ўзяць на прыгажосць і  ўсеагульную карысць?

 

– Проста для іх тут усё танным здаецца, вось і купляюць, – казалі адныя суседзі.

– А што такога, адчуваюць сябе, як дома, у нас жа адна прастора, – сцвярджалі другія.

– У Беларусі прыгажэй, і чысцей, і стабільней – усё для людзей, – даводзілі трэція.

– Панаехалі тут… Ледзь не палова стаянкі з расейскімі нумарамі, не прыткнуцца, – уздыхаў сусед, які штодзень калупае свой стары Фольксваген.

 

І вось на мінулым тыдні ўсё стала на свае месцы. Расейцы выбралі найпрасцейшы варыянт вырашэння праблемы – бегчы ад яе далей.

Кідаць свае дамы, бегчы ў пошуках бяспекі ў іншыя краіны жорсткая і бязлітасная агрэсія Пуціна супраць Украіны прымусіла не толькі саміх украінцаў. Расіяне таксама з’язджаюць. Яны баяцца сацыяльных, палітычных і эканамічных наступстваў, якія выклікае вайна. У Расеі набывае моц строгая цэнзура, за парушэнне якой любы грамадзянін можа сесці ў турму на тэрмін да 15 гадоў.

 

Але паляцець расейцам куды-небудзь зараз нашмат складаней, чым раней: большая частка свету для іх ужо закрытая.

 

Хтосьці выбірае Арменію, Турцыю, Азербайджан, Кыргызстан. Камусьці бліжэй (у прамым і пераносным сэнсе) Беларусь.

 

Ці надоўга гэта – ніхто не ведае. Людзі жадаюць толькі спакою і міру. Адныя едуць толькі з пашпартамі, іншыя – з  вялізнымі торбамі і  чамаданамі.

 

З’язджаюць айцішнікі і бізнесмены; з’язджаюць тыя бацькі з дзецьмі, якія не хочуць палітінфармацыі і патрыятычнага выхавання; з’язджаюць журналісты і дзеячы культуры; з’язджаюць тыя, хто не хоча паміраць салдатам ва Украіне; і нават тыя, хто нядаўна падтрымліваў расейскую агрэсію (бо словы і справы – паняцці зусім розныя).

 

“Немагчыма жыць у роднай краіне, калі  табе затыкаюць рот. Асабліва для чалавека, чый адзіны інструмент – слова” – напісаў вядомы расейскі блогер. – “ А яшчэ я проста не мог дыхаць маскоўскім паветрам, у якім людзі працягвалі абмяркоўваць планы, глядзець кіно, праводзіць мастацтвазнаўчыя дыскусіі, хадзіць на вернісажы і прэм’еры, пакуль ва Украіне забіваюць і паміраюць. Кожная хвіліна такога існавання пацвярджала відавочнае: ты – саўдзельнік».

 

З’язджаюць. Думаючы, што тут, на беларускай зямлі, дзе “чысценка і стабільна”, дыхаецца лягчэй, што адсюль не чуваць гукаў вайны, што тут ёсць правы і законы.

 

І мала хто задумваецца, чаму адсюль з’язджаюць беларусы…

 

 

Штодзень
Мар’яна Ліс

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png