Чужая гісторыя: як расейцы 105 год таму спрабавалі стварыць сваю рэспубліку ў Гомелі

by ZB

У гісторыі Беларусі ёсць старонкі, да якіх, па вялікім рахунку, не разумееш як асабіста адносіцца, які бок заняць. Канешне, савецкая ідэалогія на любую гістарычную падзею мела сваё тлумачэнне, што было “добром”, а што было “злом”, альбо дзе быў “наш” бок, а дзе “не наш”, нават пры тым, што ў “не нашым” беларусаў было значна больш, чым у агульна прызнаным савецкай прапагандай “нашым”. Тыповы прыклад – падзеі 1917-1920 г. і абвяшчэнне БНР, калі атрады ваенных-бальшавікоў у Менску, спрэс укамплектаваныя з мабілізаваных па ўсёй Расейскай імперыі салдат, падаваліся “нашымі”, а разагнаны імі Усебеларускі з’езд снежня 1917 г., на які з’ехаліся 1872 выбраныя (!) дэлегаты з усёй Беларусі і на які была нават дадзеная згода бальшавікоў у Маскве, падаваўся прапагандай як варожая народнаму духу дробнабуржуазная падмена сапраўднай пралетарскай дэмакратыі.

Гатэль “Савой”. Пачатак ХХ ст. Фота: orda.of.by

Былі падобныя неадназначныя падзеі і ў гісторыі Гомеля. Адна з іх – антысавецкі Стракапытаўскі мяцеж 24-29 сакавіка 1919 г., падняты салдатамі 67-га і 68-га палкоў 2-й (тульскай) брыгады 8-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі пад кіраўніцтвам былога капітана царскай арміі Уладзіміра Стракапытава.

Гатэль «Савой», які стаў цэнтрам бальшавіцкага супраціву стракапытаўшчыне. Фота: Вікіпедыя

Падрабязна пераказваць ход бунту (ці паўстання як яго часам называюць) не мае сэнсу, абмяжуемся асноўнымі падзеямі.

Былы капітан царскае арміі Уладзімір Стракапытаў, які пазней перашоў на бок бальшавікоў. Фота: russianestonia.eu

У выніку няўдалых ваенных дзеянняў па савецка-ўкраінскім фронце каля станцыі Славечна (на поўдзень ад Мазыра) ноччу з 23 на 24 сакавіка 1919 г. незадаволеныя чырвонаармейцы 68-га палка зняліся з фронта і паехалі ў Гомель. Па дарозе яны сустрэлі 67-ы полк і вечарам 24 сакавіка разам захапілі Гомель. Першапачаткова яны хацелі толькі вярнуцца на радзіму ў Тулу, але пасля пагрозы бальшавікоў расстраляць кожнага пятага за самавольнае пакіданне фронту паўстанцы рэальна ацанілі перспектывы наступстваў свайго дэзерцірства і вырашылі застацца ў Гомелі, дзе абвясцілі аб стварэнні “Рускай народнай рэспублікі” (26 сакавіка да іх далучылася і Рэчыца). На чале ўсяго руху стаў Уладзімір Стракапытаў, які на той момант быў ужо чальцом партыі РСДРП (партыі камуністаў).

Інтэрнацыянальны атрад з прыблізна 300 гомельскіх бальшавікоў, сярод якіх былі і кітайцы, паспрабаваў аказаць узброены супраціў і забарыкадаваўся ў гатэлі “Савой”. Цэлы дзень 25 сакавіка яны абараняліся, аднак пасля абстрэлу гатэля з гармат здаліся паўстанцам ці былі затрыманы ў горадзе. Арыштаваных камунараў змясцілі ў гарадскую турму, дзе агулам апынуліся 149 чалавек. Сярод іх былі бальшавіцкія кіраўнікі горада Сямён Камісараў (старшыня Рэвкома), Іван Ланге (старшыня Гомельскай Надзвычайнай Камісіі), Сяргей Бочкін (кіраўнік справамі Гомельскай Надзвычайнай Камісіі), Леў Файншмідт (намеснік старшыні Гомельскай Надзвычайнай Камісіі), Песя Каганская (сакратар Рэвкома, грамадзянская жонка І. Ланге), Мікалай Білецкі (рэдактар газеты «Весткі Рэвкома г. Гомеля і павета»), Якаў Фрыд (гарадскі ваенны камісар), Барыс Аўэрбах-Падгорны (камісар аддзелу юстыцыі), Зоя (Зэлік) Песін (супрацоўнік Земаддзела) і іншыя. Па дарозе да турмы калона з арыштаванымі падвяргалася нападкам і пабоям, як з боку салдат-канваіраў, так і з боку мясцовых жыхароў, якія добра памяталі асаблівасці рэпрэсіўнага рэжыму, усталяванага ў горадзе менавіта гэтымі ж камунарамі.

У гэты час салдаты-паўстанцы пачалі ў горадзе чарговы яўрэйскі пагром. Стракапытаў спрабаваў кіраваць парадкам у горадзе, выдаваў пракламацыі і звароты да мясцовага насельніцтва, наладзіў кантакт з часткай мясцовых чыноўнікаў па пытаннях жыццядзейнасці горада. Пасля вяртання бальшавікоў да ўлады ў Гомелі за гэтыя “сношенія с мятежнікамі” будуць судзіць гарадскога архітэктара С.Д. Шабунеўскага, якому будзе вынесена мера пакарання ў выглядзе “грамадскага ганьбавання” (“общественного порицания”). Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што гэта тыповы для савецкай улады падыход у працы з насельніцтвам: даць ворагу захапіць гарады і вялізныя тэрыторыі, аддаць іх пад абсалютную і бескантрольную ўладу захопнікаў, а пасля вяртання (адваявання) жорстка караць усіх, хто кантактаваў з захопнікамі, не звяртаючы ўвагі на тое, што гэта былі проста спробы мясцовых людзей не дапусціць татальнага знішчэння насельніцтва ці гарадской маёмасці (“проживал на оккупированной территории”).

У сувязі з падыходам моцных бальшавіцкіх сіл з боку Добруша і Жлобіна, у ноч з 28 на 29 сакавіка 1919 г. войскі Стракапытава пакінулі Гомель, накіраваліся ў Рэчыцу і далей на Мазыр. Аднак пры пад’ездзе да Мазыра высветлілася, што чыгуначны мост праз Прыпяць быў узарваны. Каля 6 000 салдат узялі з сабой толькі самае неабходнае, каб ніжэй па Прыпяці пераправіцца праз раку. У далейшым яны перайшлі на бок войск Украінскай народнай рэспублікі, а яшчэ пазней былі інтэрніраваны палякамі.

Перад адступленнем з Гомеля паўстанцы жорстка закатавалі 21 з затрыманых бальшавікоў.

Пасля вяртання ў горад бальшавіцкай улады целы закатаваных абаронцаў “Савоя” былі выяўленыя ў хляве на чыгуначнай станцыі Гомель-Палескі. Грунтуючыся на паказаннях сведак, Г. Лялевіч, які ў 1923 г. выдаў брашуру прысвечаную Стракапытаўскаму мяцяжу, даў такое апісанне знойдзенаму месцу забойства і цел у ім:

«На полу виднелись огромные лужи крови, несколько черепных костей и целый головной мозг. Получалась картина форменной бойни. … Видно было, что товарищи были убиты лишь после неслыханных издевательств и истязаний. У всех было по нескольку ранений холодным оружием в разных частях тела. Лицо Ланге было сплошь покрыто синяками и кровоподтеками, на лбу виднелись несмертельные удары приклада, грудь у сердца была пронзена штыком, и, наконец, сквозь проломленный череп был виден мозг. У Файншмидта тоже был проломлен череп и, кроме того, выколоты штыком глаза и чем-то тяжелым приплюснут нос. Билецкий был пронзен штыком, а на лице у него запеклись струйки крови. Мозг, валявшийся в роковом сарайчике, принадлежал заведующему отделом юстиции Ауэрбаху (Подгорному), которому бандиты зверским ударом снесли черепную коробку, так, что у трупа осталась лишь половина лица, мертвенно-бледная. Большинство трупов невозможно узнать, и родственники опознавали, их по разным мелким приметам».

Нябожчык Мікалай Білецкі. Целы іншых забітых бальшавікоў не публікуем з этычных меркаванняў. Фота: catalog.shm.ru

Ахвяры стракапытаўскага мяцяжу былі ўрачыста пахаваныя на адной з цэнтральных плошчаў Гомеля – у Гогалеўскім скверы. Гэты сквер тады ж быў перайменаваны ў “Сквер 25 сакавіка” у памяць аб абароне гатэлю “Савой”, якая і адбывалася менавіта ў гэты дзень (зараз гэта сквер імя Дзяржынскага паміж будынкам КДБ і былой фабрыкай “Палесдрук”). Імёнамі забітых камунараў былі названы шматлікія вуліцы г. Гомеля – вуліца Аляксееўская стала вуліцай імя Бочкіна, князя Паскевіча – імя Камісарава, Барона Нолькена – імя Ланге, Мільённая – імя Білецкага, Лугавая – імя Песіна, Скобелеўская – імя Аўэрбаха, Мясніцкая – імя Камунараў.

Пасля вызвалення горада ад паўстанцаў было праведзена следства, суд і пакаранне вінаватых. Паводле падлікаў даследчыкаў, па прысудах Рэвтрыбунала і Надзвычайнай камісіі было расстраляна 158 чалавек.

Пасля апісання агульнага хода падзей паўстання можна задацца лагічным пытаннем: на чыім баку тут гістарычная праўда, агульначалавечая мараль? І хто тут “нашы” для гамяльчан?

Давайце разгледзім бакі канфлікта. Відавочна, што ад пачатку яны абодва былі чырвонаармейцамі, што сведчыць пра ўнутраныя разборкі ў адным лагеры. “Руская народная рэспубліка” і ўсё звязанае з ёй з’явяцца пазней.

Удзельнікі аднога (тульскага) боку канфлікта адмовіліся ваяваць і проста хацелі вярнуцца дамоў, але ўчынілі яўрэйскі пагром у горадзе, адзначыліся жорсткім забойствам 21 свайго апанента. Гэта не былі гамяльчане, гэта былі чужыя людзі, якія сілай захапілі горад, таму назваць іх “сваім” бокам у гэтым канфлікце жыхарам Гомеля не выпадае. Жорсткасць, з якой яны расправіліся з сваімі апанентамі, таксама не пакідае за імі нейкай маральнай перавагі.

Сярод удзельнікаў другога боку было шмат гамяльчан, у тым ліку сярод закатаваных. Але гэтыя людзі такім жа сілавым спосабам захапілі Гомель у студзені 1919 г., пасля вываду з яго кайзераўскіх нямецкіх войск, іх таксама ніхто з гараджан не выбіраў, іх улада грунтавалася выключна на праве зброі. Але гістарычна склалася так, што менавіта яны і іх паслядоўнікі і кіравалі Гомелем наступныя 70 гадоў. У плане этычнасці абраных метадаў змагання з ворагамі бальшавікі, у тым ліку і гомельскія, нічым не адрозніваліся ад сваіх апанентаў-стракапытаўцаў. 158 расстраляных чалавек па выніках следства па мяцежу добра гэта пацвярджаюць. Вынікі і метады “ўдарнай працы” гомельскіх бальшавікоў звярнулі на сябе ўвагу нават іх маскоўскіх таварышаў. І. Такоева ў сваёй кнізе пра ўзнікненне Гомельскай губерніі прыводзіць наступны дакумент, дасланы з Масквы ў 1919 г.:

“30 мая. Секретно.

В Гомельскую Губернскую Чрезвычайную комиссию по борьбе с контрреволюцией, спекуляцией и проч.

До меня дошли слухи, что трупы присужденных революционным трибуналом к расстрелу и расстрелянные весьма небрежно зарыты, так что части некоторых трупов видны из-под земли. И потому предлагаю таковые сведения проверить и принять соответствующие меры, чтобы в дальнейшем это не повторялось.

Ответственный уполномоченный ЦК РКП(б) Правдин”.

Канешне, можна сказаць, што гэтая бальшавісцкая жорсткасць ёсць заканамерным вынікам помсты за забітых таварышаў. Але гэта не зусім так. Бо крывавая жорсткасць – “рэвалюцыйны тэрор”, з’яўляецца неад’емнай часткай ўсяго спосаба мыслення бальшавікоў, ва ўсе часы і паўсюль, у тым ліку і ў Гомелі. У якасці маленькага прыклада можна прывесці вытрымку з мемуараў Ірэны Галынскай, былой гамяльчанкі, адной з апошніх уладальніц “Паляўнічага доміка” (у якім пасля вяртання ў Гомель бальшавікоў у студзені 1919 г. размесціцца Гомельская Надзвычайная Камісія – “ЧК”).

Ірэна Галынская апісвае падзеі за год да Стракапытаўскага мецяжу, падзеі канца зімы 1918 г., калі пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Петраградзе і Маскве, бальшавікі пачалі сілай захопліваць уладу таксама і ў Гомелі. У выніку заможныя слаі насельніцтва, у тым ліку мясцовыя буржуазія і духавенства, былі вымушаны тэрмінова ратавацца і ўцякаць на Украіну, дзе бальшавікоў яшчэ не было. Напрыканцы лютага, зімовай заснежанай дарогай, шматлікі абоз уцекачоў выехаў з Гомеля праз Навабеліцу ў кірунку Чарнігава. Амаль усю дарогу да мяжы Чарнігаўшчыны за імі назіраў атрад гомельскіх бальшавікоў. Праз некалькі тыдняў, пасля таго як 1 сакавіка 1918 г. у Гомель увайшлі нямецкія кайзераўскія войскі, уцекачы вярнуліся ў горад, дзе ўжо не было камуністаў. Гэта дало ім яшчэ амаль год больш-менш спакойнага жыцця ў родным горадзе, перш чым у студзені 1919 г. назаўжды пакінуць яго разам з адыходзячымі нямецкімі войскамі.

Апісваючы свой ад’езд з Гомеля Ірэна Галынская падае наступны выпадак:

“… Праехалі Клімавічы, Церашковічы, Пясочную Рудню. Ехалі ажно да новай карчмы, дзе спыніліся на начлег. Хатка была вельмі цесная, маленькая, мы не маглі змясціцца, так што мы, мой брат Янэк, Стась Гардзялкоўскі адправіліся на 2 км далей да хутара багатага селяніна. Ён прыняў нас вельмі гасцінна, падаў вячэру – капусняк на ялавічыне, яечню, манную кашу на малацэ, нават паставіў гарэлку. Паклаў нас спаць на пярынах мякка і зручна. Вялікая гліняная печ была разагрэтая да найвышэйшага ўзроўню. Мы адразу заснулі. Дом быў аддалены ад астатніх, акружаны частаколам з моцнай брамкай, было спушчана 4 сабакі. Вакол ціха. … Перад світаннем пакінулі мы гасцінны хутар паважанага Раменька. Калі мы ўжо потым вярталіся з Чарнігава, праязджалі мы міма попелу і руін спаленага хутара. Уся сямʼя Раменькі з-за нас была заколатая штыкамі атрадам, які сачыў за намі. Бедны Раменька, памятаю стаіць перад маімі вачыма, высокі моцны брунет з невялікай барадой. Спалены разам з жонкай і дзецьмі за прадстаўлены нам начлег. … ” (пераклад М. Булавінскай, змешчаны ў краязнаўчай суполцы “У пошуках старога Гомеля”).

Сучасны мемарыял чэкістам-камунарам у Гомелі. Фота: Вікіпедыя

Гэта толькі адзіны прыклад, а іх можна прывесці вельмі шмат і не толькі па Гомелю, а па тэрыторыі ўсёй былой Расейскай імперыі. Бо такая ідэалогія камунізма – рэвалюцыйны тэрор.

У гэтым кантэксце крыважэрнасць гомельскіх бальшавікоў 1918-1919 г. нічым не чыстаплотней за крыважэрнасць стракапытаўцаў, нават яшчэ большая за іх, калі ўлічыць, што стракапытаўцы, маючы ў турме 149 чалавек, забілі толькі 21 з іх, а ўсіх астатніх пазней з турмы вызвалілі новапрыбылыя камуністычныя атрады. Параўнаем гэтыя лічбы са 158 расстралянымі па пастановах Рэвтрыбунала і Надзвычайнай камісіі пасля падаўлення Стракапытаўшчыны.

Наяўнасць сярод гомельскіх камунараў нашых землякоў таксама не робіць іх учынкі аўтаматычна маральнымі – маньяк-забойца Чакаціла ці Джэк Патрашыцель, альбо нават Адольф Гітлер таксама прыходзяцца камусьці землякамі, але гэта абсалютна не апраўдвае іх злачынствы.

Падводзячы вынік разгляду пытання, што ёсць “дабро”, а што “зло”, дзе “нашы”, а дзе “ворагі”, у падзеях Стракапытаўскага мяцяжу, трэба прызнаць, што для гамяльчан абодва бакі гэтага канфлікту, іх мэты і метады, з’яўляюцца абсалютна чужымі і амаральнымі. Там няма нашых герояў, там ёсць прыхільнікі і непасрэдныя рэалізатары чалавеканенавісніцтва, якія былі здольныя забіць свайго апанента і частка з якіх самі былі жорстка забітыя, тымі ж метадамі, якія прапагандавалі. І кожны з гэтых бакоў увесну 1919 г. меў у горадзе сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў. Як, у прынцыпе, і цяпер.

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png