Распавядае Яўген Мурашка, які быў кіраўніком прафсаюза цэха на «Гомсельмашы» і стаяў у вытокаў пратэстаў канца 1980-ых – пачатку 1990-ых гадоў. Пазней праз палітычна матываваны пераслед, крымінальную справу ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і цяпер жыве ў Нямеччыне.
Калі казаць пра пачатак нейкіх зрухаў, актыўнасці ў грамадстве, то гэта пачалося на тэме Чарнобыля. У 1986 годзе адбылася трагедыя. Наконт яе была толькі маленькая публікацыя ў «Известиях». Там было сказана, што адбылася аварыя. Пасля гады маўчання, мы жылі і нічога не ведалі.
Пасля, дзякуючы таму, што шведскія атамныя энергетыкі заўважылі падвышэнне радыяцыйнага фону і забілі трывогу, сталі правяраць свае атамныя станцыі, высветлілася, што яны добра працуюць, ніякай уцечкі няма. Тады ўспомнілі пра тое, што адбылося ў саюзе. У той жа момант і стала зразумела, што хаваць няма чаго і не схаваеш. Тады грамадства даведалася.
Чаму Швецыя? Чарнобыльскае воблака, якое ішло на Маскву, яно зрабіла віток на Беларусь, пайшло ў бок Еўропы, дайшло да Вялікабрытаніі, а адтуль да Скандынавіі. Вось такі быў зігзаг. А тыя аблокі, што ішлі на Маскву пасадзілі і забрудзілі нашу Гомельскую вобласць, дзве траціны ад яе.
Калі казаць пра захады ўрада ў той момант, то спробы нешта рабіць былі. Была звярстаная праграма па ліквідацыі наступстваў. Але пачыналася праграма ад 5 кюры, а ў Гомелі быў узровень іншы: на Сельмашы было 2,5 кюры, Цэнтральны раён – 1,5, Валатава – 3,5 і самая чыстая была Навабеліца.
Тады Гомель у чарнобыльскую праграму не патрапіў. У мяне заканамерна ўзнікла пытанне, як так? Вакол нас Хойнікі, Нароўля, Брагін – усе яны забруджаныя. Нароўля – 21 кюры, 40 – у Хойніках, у Брагіне было 20 кюры.
Хойніцкі лес ішоў на Навабеліцкую мэблевую фабрыку, запалкі рабілі з радыяцыйнага лесу. Я працаваў на «Гомсельмашы», 2/3 працаўнікоў былі з вёсак, якія ездзілі дадому ў забруджаныя раёны, адтуль везлі прадукты радыяцыйныя. На колах машын радыяцыя сунулася ў Гомель. Таму ён не мог быць па логіцы чыстым.
У 1989 годзе, сыходзячы з гэтай высновы, я пачаў пісаць пад капірку на лісце паперы патрабаванні да ўладаў Гомеля, Беларусі і саюза, звярнуць увагу і ўключыць Гомель у гэтую праграму. Гэта пачатак дзейнасці ў Гомелі.
У тым жа годзе на «Гомсельмашы» на адной на канферэнцый я выйшаў на трыбуну і зачытаў свае патрабаванні. Калі я сказаў, што будзем дамагацца патрабаванняў нават праз страйк, мяне абсвісталі, сагналі з трыбуны і не дапусцілі да мікрафона.
У пачатку 1990-га я паўтарыў. Вынік быў той жа. З гэтымі патрабаваннямі я пайшоў у прафсаюз «Гомсельмаша», тады Бухвостаў (Аляксандр Бухвостаў, старшыня сучаснага ліквідаванага Свабоднага прафсаюза металістаў, прым.) быў старшынём прафкама. Хацеў ім уручыць гэтыя свае патрабаванні. А мне сказалі: «Можаш схадзіць з імі ў прыбіральню». Такі быў адказ нашых прафсаюзаў.
Тады я стаў рыхтаваць страйк. Свайго цэху, кавальска-прэсавага на «Гомсельмашы», дзе я працаваў. Гэта 250 чалавек. Гэтая падрыхтоўка заняла са снежня да сакавіка – тры месяцы. Я сам быў гатовы, але трэба было, каб людзі падтрымалі. Размаўляў з кожным, тлумачыў, чаму трэба пратэставаць, чаму трэба было патрабаваць.
На той момант зацікаўленасць была ў мяне асабістая ведаць пра радыяцыю як мага больш. Я ўжо трохі быў падкаваны з медыцынскага боку, ведаў пра наступствы радыяцыі, разумеў, што гэта вельмі небяспечная з’ява.
Людзям пра гэта растлумачыў, знайшоў паразуменне. І ўжо 26 сакавіка правёў страйк кавальска-прэсавага цэха на «Гомсельмашы». Гэта быў 1990-ы год.
У пачатку красавіка ў маім актыве было ўжо больш за 15 цэхаў на заводзе, якія гатовыя былі падтрымаць. Прафсаюз на чале з Бухвоставым выступіў з заявай, дзе адзначылі, што назіраецца рух у працоўных калектывах, пратэсты, на тле гэтага прафсаюзы не могуць быць у баку і прынялі рашэнне ўзначаліць гэты рух.
Сітуацыя змянілася карэнным чынам за кароткі час. Я быў тады старшынём прафсаюзнага камітэта цэха. Кожны аўторак у нас быў семінар, каштоўныя ўказанні давалі, як жыць. І Бухвостаў казаў: «Трэба план выконваць, а Мурашка тут займаецца страйкамі». 14-га сакавіка ён мяне шальмаваў, а ў 20-ых чыслах яны вырашылі ўзначаліць, бо пабачылі, што працэс пайшоў без іх.
Далей быў страйк «Гомсельмаша». Гэта 37 тысяч удзельнікаў. Плюс станкабудаўнічы завод Кірава, аб’яднанне «Луч». 26 красавіка правялі гэты страйк.
Адтуль выйшлі з ініцыятывай правядзення марша «За выжыванне» на Маскву. Гэта было ўжо ў ліпені. Мы прымусілі тады ўрад Рыжкова (Мікалая Рыжкова, кіраўніка Савета міністраў СССР) сесці з намі за стол перамоваў. Мы дабіліся, што Гомельская вобласць і Гомель канкрэтна ўключаецца ў праграму. Былі распрацаваны планы, хто і што павінен канкрэтна рабіць. Праграма павінна была забяспечыць больш-менш цывілізаванае жыццё ў забруджаных раёнах.
1 жніўня мы на Ланге 17 правялі перамовы, падпісалі пратакол, і ён павінны быў запрацаваць. Але тут разваліўся саюз. Усе абавязацельствы былі пах*раны, бо там павінныя былі рабіць справу саюзныя міністэрствы. Прыйшоў да ўлады Лукашэнка і ўсё астатняе загубіў, адмяніў усё тое, што мы дамагліся.
Але калі мы селі за стол урада саюза – прадстаўнікі страйкавых камітэтаў працоўных калектываў прымусілі саюзны ўрад іх выслухаць і падпісаць – гэта быў унікальны вынік.
Што характэрна, колькі я ў інфармацыйнай прасторы ні назіраў інфармацыю пра падзеі 1990-га года, пра Гомель ніхто не кажа. Заўсёды ўсё пачынаецца з 1991-га года ў Мінску. У Мінску было ўсё, а ў Гомелі, падавалася б, нічога і не было. Але насамрэч з Гомеля пайшлі страйкі, з «Гомсельмаша». Гэта слаўная наша гісторыя.
Працяг будзе…
Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net
«Страйк мог і сарвацца» Як пратэставалі на «Гомсельмашы» ў 1990-м
Распавядае Яўген Мурашка, які быў кіраўніком прафсаюза цэха на «Гомсельмашы» і стаяў у вытокаў пратэстаў канца 1980-ых – пачатку 1990-ых гадоў.
У страйку на кавальска-прэсавым цэху на «Гомсельмашы» ўдзельнічалі 250 чалавек за выключэннем майстроў, бухгалтэрыі (падзеі адбываліся ў сакавіку 1990-га года. Пра перадумовы пратэсту чытайце папярэдні артыкул «Штодня» тут – заўв. Рэд.). Я ніколі на іх не сварыўся, бо такая прафесія. Яны заўсёды сядзелі пад бокам у начальніка, рабочаму было лягчэй адкрываць рот, чым бухгалтару, ён адзін, што там з ім разбірацца.
Страйк, дарэчы, мог і сарвацца. Калі ўжо прагучала, што ён будзе, я назваў яго папераджальным і двухгадзінным. Таму што я заўсёды пралічваю наступствы акцыі, якія будуць вынікі, ці не падстаўляю я каго.
У той момант, згодна закону, ад моманту прад’яўлення патрабаванняў да права на забастоўку праходзіла 15-17 дзён. У гэты час адбываліся перамовы і іншае. Цэлая працэдура. Я быў не ўпэўнены, што за гэтыя 15 дзён мае цэхавыя мяне падтрымаюць. Валакіта, самі разумееце.
А папераджальны страйк двухгадзінны не ўваходзіў у закон аб прагулах, па якім можна было абвінаваціць рабочага, калі ён адсутнічае на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Дзве гадзіны нікуды не ўваткнеш. Гэта значыла, што людзей не будуць праследаваць.
Як рэагавала кіраўніцтва заводу на пратэст працоўных? Начальнік цэха сабраў сход, на які запрасілі генеральнага дырэктара і ўсю ягоную «цяжкую артылерыю», якую ён прывалок з сабой: сам, 9 намеснікаў, парторг Барабанаў і прафкам Бухвостаў. Уся гэтая брыгада прыйшла ў цэх. Уяўляеце, актавы зал, народу, не скажу, што ўвесь цэх, бо ўсе не ўлезуць, але даволі шмат, чалавек 150 было. Адразу рабочыя ваяўніча настроеныя: «Жэня, мы ім зараз дадзім!»
Прэзідыум на сцэне: я сяджу як старшыня прафкама цэха, начальнік цэха, гендырэктар і іншыя. Пачынаецца сход: «Людзі выказвайцеся». Тут народ ваяўнічы, крычаць: «Кватэраў няма!», «Мыла не даюць!», «Рукавіц таксама!» Такія бяскрыўдныя пытанні, але патрабуюць. Дырэктар Станіслаў Дрозд піша ўсё на паперку.
Запытваюцца ў мяне: «Мурашка, будзеш выступаць?» Я адказваю: «Ды не, пагадзі». Я не спяшаўся, ведаю, як у іх працуе схема. Спачатку даюць людзям выказацца, а начальнік можа адказаць, і сваімі паводзінамі яны заглушаюць эмоцыі. Таму сяджу. Ужо дырэктар устае: «Ну вось, тут справядлівыя патрабаванні людзей». Людзям цікава, дырэктар адказвае. Дрозд адказаў і зноў у мяне пытаюць: «Будзеш выступаць?» Кажу: «Пачакай». «Ну тады», – і вырашылі ўжо закрываць сустрэчу.
І тут я ўскакваю… І мае словы былі апошнімі: «Мы так жыць не жадаем і не будзем! Хто за страйк?» І практычна ўсе «за».
Вы б бачылі, як яны пайшлі, генеральны дырэктар, галаву ў плечы, сагнуўся.
Тады мы называлі гэта акупацыйны страйк. З моманту абвяшчэння забастоўкі ўся паўната ўлады пераходзіць да страйкавага камітэту. Калі баставалі ў цэху 2 гадзіны, гаспадаром быў Мурашка. Кранаўшчыцы і ўсе астатнія падпарадкоўваліся толькі мне. Начальнік цэха сядзеў у сваім кабінеце наверсе, і ён быў ніхто. Усе загады толькі мае.
Калі баставаў «Гомсельмаш», тады быў галоўным Бухвостаў. Па розных прычынах я ўключыў яго ў камітэт, быў прагматычны падыход.
Людзі павінны былі прыйсці на работу, пераапрануцца, выйсці ў цэх і ісці на свае працоўныя месцы. Але не працаваць. І так усю змену. Ніхто не мог раней сысці з працы, бо мы маглі залічыць яму прагул.
Гаспадаром прадпрыемства станавіўся працоўны калектыў. Начальства не магло бегаць па цэхах і пужаць людзей. Прадстаўнікоў кіраўніцтва «Гомсельмаша», якія не былі на змене, на завод не дапускалі. Проста закрылі.
Вось розніца з пазнейшымі забастоўкамі, у тым ліку ў 2020 годзе. Яны выйшлі ў горад, а пасля іх саміх не пускалі ўжо на прадпрыемства. Мы, працоўны калектыў, сядзім у цэху як у крэпасці. У любы момант гэта тысячы людзей, якія могуць узяць у рукі арматуру і манціроўкі. У гэтым была сіла.
Калі мы сыходзілі з цэхаў, мы пакідалі там дружыны. Не было сабатажу, дыверсіяў. Калі мы бралі адказнасць за прадпрыемства, то адказвалі і за яго бяспеку.
Чаму тады атрымаліся страйкі, а пазнейшыя не былі такімі?
Гледзячы што ставіць за мэту. Гаспадаром прадпрыемства з’яўляецца той, хто аддаў паўжыцця прадпрыемству: бацькі працуюць, дзяды працавалі. Гэта было іх асабістае, частка жыцця. Мы ж тады хацелі замахнуцца і прыватызаваць свой цэх. Згодна з гэтым, кожны чалавек, які звальняўся, меў бы права на частку прыбытку, ягоны цэх адлічаў яму дывідэнды. Людзі ведалі, што абараняць, за што змагацца.
Мы ніколі не выстаўлялі прэтэнзій тыпу выбары нелегітымныя, дэмакратыя. Не. У нас былі чыста жыццёвыя патрабаванні. Усё жыццё залежыць ад матэрыяльнага становішча менавіта кожнага з нас на сваім працоўным месцы. А «За родину, за Сталина» – такое не праходзіць.
Рабочаму не хапае адзінага – звычайнай павагі. Я начальнік – ты дурань. Так заўсёды было. Чалавек працы заслугоўвае павагі.
Працяг будзе…
Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net