І году не прайшло: на Савецкай ліквідавалі “берлінскія падушкі”

by homieldays

Смяротнае ДТЗ на Савецкай у 2021 годзе

 

«Падушкі» больш не патрэбныя

На перакрыжаванні вуліц Савецкай ды Сялянскай 4 траўня 2021 года 19-гадовы кіроўца Citroen выехаў на чырвоны сігнал святлафора і сутыкнуўся з аўтамабілем Nissan. У выніку Citroen у некіраваным заносе выехаў на ходнікі і збіў двух пешаходаў. Шасцігадовая дзяўчынка ад атрыманых траўмаў памерла.

Рэзанансная аварыя не толькі абудзіла дыскусію сярод гараджанаў пра меры па супрацьдзеянні частым аварыям з удзелам аўтамабіляў і пешаходаў на цэнтральных вуліцах горада, але і вымусіла гарадское кіраўніцтва і ДАІ ўрэшце рэшт прыняць нейкія меры. Ужо ў чэрвені на дадзеным перакрыжаванні вул. Сялянскай з’явіліся ўзмоцненыя металічныя “ляжачыя паліцэйскія”. Каб запаволіць рух транспарта на вул. Савецкай (перад вул. Сялянскай і Жаркоўскага), былі ўсталяваныя т.зв. “берлінскія падушкі” — новы для горада тып штучных няроўнасцей, якія, у адрозненне ад “ляжачых паліцэйскіх”, займаюць толькі частку дарожнага палатна. Меркавалася, што яны будуць прымушаць кіроўцаў легкавікоў скідваць хуткасць, але не будуць замінаць аўтобусам і тралейбусам.

Падушка на Савецкай каля Жаркоўскага

 

Падушкі на Савецкай ужо няма

 

Падушка на Савецкай ля гарвыканкама

 

Падушку прыбралі

 

Берлінская падушка

 

У рэальнасці “падушкі” запавольвалі рух усяго транспарта і хутка пачалі ламацца, пакуль іх не было вырашана дэмантаваць сёлета ў чэрвені. Пакуль што пра выказаныя раней намеры ўсталёўваць такі тып “падушак” і на іншых участках дарог Гомельшчыны нічога не чутно. Але можна прыгадаць, як яшчэ на гомельскіх вуліцах спрабавалі падвысіць бяспеку пешаходаў і кіроўцаў.

Паліцэйскім – ляжаць!

У “нулявыя” ў Беларусь паволі пачалі прыходзіць “ляжачыя паліцэйскія” – канструкцыі, якія ўтваралі штучны бар’ер і вымушалі кіроўцаў запавольваць рух. Зрэшты загад “цэнтра” ў хуткім часе прывёў да таго, што “паліцэйскіх” пачалі класці так часта на вуліцах гарадоў, што нармалёвы рух месцамі станавіўся проста немагчымы. Дарожныя рабочыя часта не ведалі нарматыўных дакументаў, якія рэгулюць шырыню і вышыню падобных канструкцый, у выніку чаго хаос толькі павялічваўся.

Ліквідаваны ляжачы паліцэйскі на вуліцы Быхаўскай

 

Так выглядае дарожнае палатно на месцы ліквідаванага ляжачага паліцэйскага на Быхаўскай

 

Толькі з цягам часу “мода” на “ляжачых паліцэйскіх”, зрэшты як і “флікераманія”, сыйшлі на “не”. Цяпер у беларускіх гарадах можна сустрэць шырокія “ляжачыя паліцэйскія”, канструкцыі з металу і без папярэдняга планавання і аналізу дарожнай сітуацыі іх імкнуцца больш не ставіць.

Выгляд вуліцы Жаркоўскага. На некаторых “ляжачых паліцэйскіх” жоўтай фарбай малююць “зебру”. У выніку гараджане часта блытаюць іх з сапраўднымі пешаходнымі пераходамі

Аперацыя “Антырадар”

Напрыканцы 2019-га году пачаўся наступ на выкарыстанне ДАІ шматлікіх стацыянарных і перасоўных радараў для кантролю перавышэння кіроўцамі хуткасці. Адбылося гэта пасля нарады 17-га снежня з удзелам кіраўніка дзяржавы. Тады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што павелічэнне колькасці “лістоў шчасця ад ДАІ” звязана з фотафіксацыяй, якая з’явілася ў Беларусі пасля 2012-га года. На думку афіцыйнага кіраўніка, яны нярэдка выкарыстоўваліся для таго, каб загнаць кіроўцу ў кут, а не для навядзення парадку на дарозе. А вырашэнне праблемы бачылася простым: зменшыць колькасць радараў, а для кіроўцаў проста ўсталёўваць больш дарожных знакаў. Магчыма, за такім дбайным падыходам да аўтаўладальнікаў стаяла і жаданне беларускага кіраўніка не павялічваць колькасць незадаволеных штрафамі і дзеяннямі ўладаў, каб прадухіліць пратэстовыя настроі.

Фэйкавы клопат

Аб бяспецы пешаходаў у Гомлі часта клапоцяцца малаэфектыўнымі спосабамі — падсветкай, убудаванай у тратуар, або металічнай агароджай, якая ў выніку аварыі не абароніць мінакоў, а толькі разляціцца на кавалкі ды стыне прычынай дадатковага траўмавання

 

Тым не менш у выніку антырадарнай кампаніі па ўсёй краіне зменшылася колькасць  як стацыянарных, так і перанасных сістэм. У прыватнасці, у Гомелі радары часта ставілі на навабеліцкім пуцеправодзе, але з 2019-га году яны там сталі рэдкімі гасцямі. Пра з’яўленне перанасных радараў ДАІ загадзя інфармуе гараджан праз СМІ і эфект ад гэтага сумнеўны: кіроўцы ведаюць, дзе трэба быць трохі больш павольнымі і ў астатні час нярэдка дазваляюць сабе парушаць хуткасны рэжым. Больш эфектыўным з’яўляецца менавіта размяшчэнне падобных радараў, калі невядома, на якім менавіта ўчастку дарогі яны сёння знаходзяцца.

Да таго ж у большасці анлайн-прыкладанняў з мапамі, якія выкарыстоўваюць кіроўцы для навігацыі, убудаваная сістэма папярэджання пра перавышэнні хуткасці. Ніякага змагання з такімі сістэмамі паводле беларускага заканадаўства не прадуглежана. У той жа час у Нямеччыне за выкарыстанне падобных мабільных дадаткаў прадугледжаны штраф у памеры 75 Еўра.

Змаганне замест дыялогу

На вялікі жаль, падыход да вырашэння існых праблем з бяспекай пешаходаў і кіроўцаў на вуліцах нашых гарадоў з боку ўладаў і ДАІ выклікае шмат нараканняў. Існая сістэма вельмі бюракратызаваная, у ёй адсутнічае неабходны ўзровень прафесійнага аналізу, распрацоўкі адпаведных рашэнняў і нават узаемадзеянне паміж рознымі галінамі ўлады. Бракуе і дыялогу з гараджанамі.

Можна прыгадаць у сувязі з гэтым і сітуацыю, калі гомельскія ўлады захацелі ўсталяваць бетонную канструкцыю-востраў на вул. Савецкай непадалёку ад гарвыканкама. Меркавалася, што пешаходы, што не паспелі перайсці вуліцу змогуць там дачакацца зялёнага сігнала ў бяспецы. Але адмыслоўцы і вялікая частка гараджанаў раскрытыкавалі гэтую ідэю як бессэнсоўную: вуліца Сялянская на дадзеным участку не вельмі шырокая і патрэбы ў такой канструкцыі, якая толькі б запаволіла рух транспарта яшчэ болей не было. У выніку ўлады адмовіліся ад сваіх планаў літаральна за тры дні.

«Востраў бяспекі» праіснаваў на вул. Савецкай усяго некалькі дзён

 

Трымаць руку на пульсе настрояў, трывог і пажаданняў гараджан у такіх пытаннях могуць незалежныя СМІ, якія асвятляюць найбольш актуальныя пытанні жыцця і развіцця гарадоў. А з дадатковай аналітыкай і пошукам рашэнняў уладам маглі б дапамагчы разнастайныя незалежныя арганізацыі ды ініцыятывы. Але пакуль што ў Беларусі вырашылі змагацца з тымі, хто хоча і сапраўды можа дапамагчы зрабіць жыццё у краіне лепшым, а знаходжанне на нашых вуліцах больш бяспечным…

 

 

Большасць вуліц Гомеля абсталяваныя камерамі відэаназірання. Менавіта ўсталяванне сістэмы фіксацыі сярэдняй хуткасці руху аўтамабіляў па горадзе дазволіла б эфектыўна змагацца з перавышэннем хуткаснага рэжыму. Але беларускім уладам цікавей назіраць за грамадзянамі, чым вырашаць іх праблемы.

Штодзень

Аўтар: Юліян Доўгабародаў

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png