Праўладны «блогер» абурыўся цяпліцамі каля помніку на лініі абароны Гомеля ў 1941 годзе

by ZB

Ва ўрочышчы Семень, дзе ўлады па некалькі разоў на год праводзяць мітынгі ў гонар абароны Гомеля ў 1941 годзе, праўладны «блогер» Аляксандр Глінскі заўважыў змяненні на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу.

Адразу за акопамі ўзнікла агароджаная тэрыторыя з цяпліцамі

Урочышча Семень

Пад Гомелем у 1941 годзе разгарнуліся цяжкія баі. Ва ўрочышчы Семень абарону трымала гомельскае апалчэнне і нквдэшнікі. Па звестках дзяржСМІ, баі ішлі амаль двое сутак, за час якіх было ад 500 да 2 тысячы загінулых. Ва ўрочышчы ўсталявалі некалькі памятных знакаў. Але, як аказалася, захавалася не ўся кампазіцыя.

Што адбылося

Глінскі параўнаў, як выглядала месца са здымкамі 12-гадавой даўніны. Памятныя знакі захаваліся ў мінулым выглядзе, а вось акопы змяніліся карэнным чынам: знікла іх умацаванне, яны сталі заўважна карацейшымі. Адразу за акопамі была агароджаная тэрыторыя з цяпліцамі.

Гэтаму пытанню ўжо сем год. Як пісала раёнка ў 2017 годзе, агароджа была ўсталяваная «прадпрымальнікам Ігарам Саўчуком, які ўзяў у арэнду зямельны ўчастак у 100 гектараў для вядзення фермерскай гаспадаркі». Як мінімум на той момант ён кіраваў фермерскай гаспадаркай «Наш питомник», якая займаецца вырошчваннем разнастайных раслінаў.

У гэтых умовах улады нечакана прызналіся, што ўвогуле не ведаюць, дзе абарона праходзіла і павінна праходзіць ахоўная тэрыторыя помніку.

«На гэты момант няма афіцыйных дакументаў, якія ўстанаўліваюць дакладнае месцазнаходжанне лініі абароны Гомеля ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Па сутнасці, да гэтага памятны знак проста знаходзіўся на землях ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы”, але не меў статусу воінскага пахавання ці помніка гісторыі і культуры», – распавёў старшыня Пакалюбіцкага сельвыканкама Уладзімір Чаркас. Паводле яго, фермер «не парушыў тэрыторыі памятнага знака, і нават высадзіў тут кветкі, паабяцаў і надалей дапамагаць з добраўпарадкаваннем».

Значэнне ўрочышча для прапагандысцкай дзейнасці ўладаў, безумоўна, – вялікае. Сюды рэгулярна выпраўляюцца дэсанты чыноўнікаў, сілавікоў і студэнтаў, да памятнага знака ўскладаюць кветкі, праходзяць мітынгі.

Толькі за 2023 год ва ўрочышча выязджалі як мінімум пяць разоў: праўладныя «патрыёты», праўладныя прафсаюзы, супрацоўнікі камітэта судэкспертызаў, дэпартамента аховы і студэнты гомельскага каледжу БелДУТа.

«У гэтым месцы час нібы памятае водгаласы вайны. А ландшафт з некранутымі ўмацаваннямі і акопамі захоўвае памяць аб гераізме і подзвігах салдат Чырвонай арміі», – натхнёна распавядалі прадстаўнікі прафсаюзаў.

Улады Беларусі намагаюцца стварыць сабе рэпутацыю самых вялікіх абаронцаў спадчыны Другой сусветнай вайны. Але на практыцы сітуацыя выглядае так, што пры патрэбе з лёгкасцю можна тую спадчыну ўрэзаць. А праз нейкі час удзельнікі дзяжурных мітынгаў і не прыгадаюць, што ўмацаванні і акопы пасля такой рэканструкцыі, наўрад ці, можна назваць некранутымі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png