Валерый Сляпухін: За мяжой нам варта займацца адукацыяй і дапамагаць тым, хто застаўся ў Беларусі

by ZB

Валерый Сляпухін

Штодзень: Чым ты займаўся ў Беларусі? Як атрымалася, што давялося з’ехаць?

Валерый Сляпухін: Грамадская дзейнасць апошніх пяць-дзесяць год была звязаная з гарадской прасторай, займаўся так званым urban advocacy, фармаваннем калектываў, якія планавалі перайсці з камунальнай гаспадарцы да прыватнага, г.зн. таварыства ўласнікаў. Займаўся абаронай грамадскай прасторы, зялёных зонаў ад ушчыльнення, дапамагаў людзям абараняць свае правы.

У палітычным жыцці з 2001 года прымаў удзел як валанцёр, неаднаразова балатаваўся як кандыдат у дэпутаты, і быў кіраўніком шматлікіх палітычных кампаній рознага ўзроўню ад мясцовых да прэзідэнцкіх. Але перад 2020 годам, 3-5 год, да палітычнай сферы мала меў дачынення, больш істотным для мяне быў менавіта ўрбанізм.

Паспяховыя вынікі кампаній апошніх гадоў – абарона сквера каля гатэля «Турыст», змаганне супраць ушчыльнення на вуліцы Цімафеенкі, на вуліцы Фадзеева, абарона вялікага зялёнага масіву каля стадыёна «Дынама».

Няўдалыя намаганні былі на вуліцы Рагачоўскай, таксама я крыху дапамагаў з тым, каб не ставілі т.зв. флагшток на плошчы Леніна – там шмат людзей з гэтым змагаліся. Але маем, што маем.

З 2010 года амаль кожную палітычную кампанію ў адносінах да мяне былі нейкія суткі, штрафы, сачылі за мной. У 2020 годзе ў мяне было ўжо дзве адміністрацыйных «адседак», адна закончылася вялікім штрафам, і я прыняў рашэнне, што трэба нешта мяняць. Выйсці з той сітуацыі, каб не нашкодзіць сабе, было даволі складана, таму я прыняў рашэнне з’ехаць.

Як змянілася дзейнасць пасля ад’езду?

У Кіеве, куды я прыехаў пасля як з’ехаў з Беларусі, я займаўся падтрымкай уцекачоў, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Мы супольнасцю ладзілі штотыднёвыя, а крыху пазней і штодзённыя акцыі салідарнасці з Беларуссю.

Зрабіў у Кіеве мапу беларускіх месцаў, т.н. тапаніміку. Мы дабіліся выключэння Аляксандра Лукашэнкі з ліку ганаровых дактароў навук у Кіеўскім універсітэце імя Шаўчэнкі. Пасля нашых зваротаў пераназвалі кіеўскі сквер, які цяпер называецца ў гонар Кастуся Каліноўскага. Гэта, напэўна, самыя вялікія вынікі дзейнасці ў Кіева.

Пасля з’ехаў з Кіева, каб гуманітарная віза, якую я атрымаў, не знікла. Гэта адбылося напрыканцы 2021 года. У той час я зрабіў грамадскую арганізацыю, якая, на жаль, нічога ўжо ва Украіне не паспела зрабіць, бо пачалася вайна, вяртацца ў Кіеў магчымасці не было. Я прыняў для сябе рашэнне заставацца ў Польшчы, у Варшаве, неяк дапамагаць тым беларусам і ўкраінцам, якія былі вымушаныя збегчы так жа, як і я са сваёй Радзімы. Валанцёрыў пэўны час.

Зараз знаходжуся ў Варшаве, ёсць думкі пра далейшае добраўпарадкаванне сквера Каліноўскага, які застаўся ў Кіеве. Плануем завязаць нейкую ўзаемасувязь паміж украінцамі і беларусамі, у Варшаве, у Кіеве, каб больш разумець адзін аднаго, падтрымаць і супольнае нешта рабіць на карысць перамогі ад гвалту, цемры, якая насоўваецца на ўсіх з усходу. Хацелася б, каб не толькі я адзін гэтым займаўся, а склалася каманда.

Тут жа, у Варшаве, не марнаваў час, скончыў дадатковыя курсы па праграме Вольнага ўніверсітэта па курсу мясцовага самакіравання. Падцягнуў нейкія свае скілы на вышэйшы ўзровень, атрымаў разуменне, як гэта ўсё робіцца тут, у Польшчы.

У Гомелі была прыватная фірма, займаўся камп’ютарамі, сеткамі, відэаназіраннем, адміністраваннем. Нешта такое рабіў і ў Кіеве, і тут таксама крыху займаюся тым жа. Але тут трохі складаней, больш трэба дакументаў, больш перашкод, каб займацца і развівацца.

Таксама бачу, з якімі праблемамі сутыкаюцца большасць беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць. Гэта пацвярджэнне сваіх дыпломаў, моўная адаптацыя. Амаль нашы людзі ў сваёй справе нешта ўмеюць, але не могуць пацвердзіць гэта альбо паперамі, альбо маюць складанасці з мовай. У выніку вымушаныя займацца працай крыху меней кваліфікаванай, чым тая, на якую яны здольныя.

Зрабіў нешта накшталт беларускага ІП (Jednoosobowa działalność gospodarcza), намагаемся з сябрамі працаваць у розных кірунках: будоўля, сеціва, камп’ютары, таксама дапамагаю людзям атрымаць першасныя дакументы.

Польшча – твая трэцяя краіна жыцця. Як, па-твойму адрозніваецца праца актывіста, які турбуецца пра гарадскі асяродак? Дзе мэты дасягаць прасцей?

Калі я прыехаў да Варшавы, тут я абляніўся. То бок, гарадская прастора тут амаль цалкам ужо гатовая да камфортнага жыцця, ёсць транспарт, дарожкі, скверы, дзіцячыя пляцоўкі, даступнасць навучальных установаў. Усё прывабна і камфортна.

Калі параўнаць мясцовых чыноўнікаў, то, на мой погляд, прасцей крыху ў Польшчы. Але ёсць тонкі момант: некаторыя справы прасцей рабіць ва Украіне. Напрыклад, доўгі шлях да перайменавання сквера, гэта даволі складаная працэдура, не ведаю, ці атрымалася б гэта ў Польшчы. З плюсаў таксама, у Польшчы можна вырашыць амаль усе пытанні анлайн, не выходзячы з дому.

Дзесьці ў Польшчы структуры не так якасна працуюць, але гэта дробныя перашкоды, якія не істотна ўплываюць на вынік. У Беларусі ёсць дробныя і глабальныя праблемы. Ва Украіне ёсць магчымасці, і калі ёсць жаданне, калі прыкласці сілы і ўпартасці, можна вырашыць любое пытанне.

Што могуць рабіць актыўныя беларусы за мяжой?

Першае, гэта адукацыя, дапамога тым, хто застаўся ў Беларусі. Мы можам перадаць наш досвед. Нехта – праз мемуары, нехта – праз адукацыйную дзейнасць. Варта таксама ўлівацца ў супольнасць, знайсці сваё асяроддзе і камунікаваць і рыхтаваць нейкую глебу для рэформаў, зменаў у нас, у Беларусі, як гэта адбываецца ва Украіне і Польшчы.

Што ты як гарадскі актывіст забраў бы з сабой у Беларусь з Украіны і Польшчы?

Адзін з лепшых момантаў, якія ёсць у Польшчы, гэта бюджэт удзелу (партысіпатыўны бюджэт). Калі кожны плацельшчык падаткаў можа вырашаць, куды аддаваць частку з іх.

У Польшчы ёсць выдатны прыклад сумеснага развіцця дамавой і прыдомавай тэрыторыі, частка камунальных складак ідзе на яе. І гэта бачна, кожны можа адчуваць, куды ідуць грошы.

Ва Украіне ёсць магчымасць дагрукацца да свайго дэпутата любога ўзроўню, данесці сваю думку, меркаванні, паўплываць на нейкія перамены і дзеянні. Таксама ўкраінскі досвед прыемны тым, што людзі і грамада вырашаюць, і ўлады з гэтым лічацца, гэта вельмі моцны ўплыў.

То бок, калі ў Польшчы гэта індывідуальныя магчымасці на больш высокім узроўні, то ва Украіне грамада вырашае. У Беларусі на сёння ні дэпутат, ні асоба, ні грамада не можа ніяк паўплываць на сітуацыю як на сваёй дваравой тэрыторыі, так і глабальна ў краіне.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png