У  Гомелі дэмантавалі галубятню, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў была сімвалам аднаго з  двароў у самым цэнтры горада

by ZB

Пра тое, як у Гомелі страчваюцца мясцовыя адметнасці, кранальны пост напісаў эколаг Дзмітрый Янкоў.

Фота: Дзмітрый Янкоў

Дзмітрый Янкоў:
“Пайшла эпоха”, – менавіта гэтымі словамі  пракаментавалі падзею некалькі датычных да гэтага месца землякоў. Гавораць, што жыхары дома 27 па вуліцы Песіна, дзе стаяла галубятня, перажываюць страту як сваю ўласную. Двор пазбавіўся сваёй індывідуальнасці, сваёй самасці. З “двара з галубятняй” ён ператварыўся проста ў “двор”.

Ад пачатку і да гэтай фатаграфіі гісторыя з галубамі разгортвалася прама ў мяне на вачах. Не памятаю, як з’явіўся ў нашай хаце Леанід, але тое, што ён вырашыў разводзіць у двары галубоў для суседзяў стала сапраўднай сенсацыяй. У 1990-я гады з экранаў не схадзіла рэклама АТ “МММ”. Леанід маментальна стаў Лёням Галубковым.

Немагчыма ацаніць ніякімі адзінкамі колькі светлых пачуццяў прынеслі Лёніны галубы не толькі навакольным жыхарам, але і проста мінакам. А колькі маладых пар выпусцілі яго галубоў у ЗАГСах, колькі школьных званкоў было ўпрыгожана гэтымі белымі птушкамі. І намаляваны выпальвальнікам на дошцы партрэт Ясеніна на адной з галубятняў, і Лёня, які ганяе птушак воплескамі па двары, – усё гэта ўжо гісторыя. Лёні не стала сёлета. Галубоў раздалі калегам па хобі. Сёння вывезлі галубятню. Пайшла эпоха.

А чаму б гэтую гісторыю не захаваць у гарадскім ландшафце? Напрыклад, прама на тым месцы, якое вызвалілася, паставіць скульптуру ўсмешлівага чалавека з галубамі. Гэта ж натуральная гісторыя гараджан, натуральная гісторыя Гомеля. А не выдуманае глупства пра якога-небудзь шаўца… Калі зніклі жывыя птушкі міра, то хаця б замяніць іх бронзавымі.

 

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png