Ілля Міронаў накіраваў апеляцыйную скаргу, у якой выказвае сваю нязгоду, у Віцебскі абласны суд. Ён перакананы, што прызнанне ягонага акаўнта “экстрэмісцкім” адбывалася з парушэннем норм працэсуальнага права. “Грамадзянская справа была разгледжаная без маёй прысутнасці і без належнага інфармавання. Праз тое, што ў мяне не было магчымасці абараніць свае інтарэсы і прадставіць суду доказы, то бок рэалізаваць сваё права на абарону, гэта з’яўляецца падставай для скасавання рашэння суда першай інстанцыі”, – адзначае Ілля.
Таксама аўтар скаргі апелюе да норм міжнароднага права, якія абавязана выконваць Рэспубліка Беларусь. У прыватнасці, гаворка ідзе пра нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Палажэнні дадзенага пакта з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з артыкуламі 8 і 116 Канстытуцыі і артыкулам 36 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь”. У адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі, як зазначае Ілля Міронаў у скарзе, міжнародныя прававыя акты, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, маюць больш высокую юрыдычную сілу ў параўнанні з законамі і ўказамі прэзідэнта. Згодна, напрыклад, п. 2 арт. 19 Пакта, “кожны чалавек мае права на свабоднае выяўленне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова альбо праз друк альбо мастацкіх форм выяўлення…”
“Я вырашыў падаць скаргу на рашэнне так званага суда па той прычыне, што былі груба парушаныя мае правы як грамадзяніна Беларусі. Ані я, ані мае родныя не атрымалі ніякага апавяшчэння. Я не згаджаюся з рашэннем суда аб прызнанні маёй асабістай старонкі ў Facebook так званым “экстрэмісцкім матэрыялам”. Я маю намер сам падаць заяву аб адкрыцці крымінальнай справы ў дачыненні да тых, хто парушыў заканадаўства, каб прыцягнуць іх да адказнасці. Я – чалавек, а не маўклівае быдла!”, – пракаментаваў “Штодню” свой зварот у суд Ілля Міронаў.
Старонка былога палітвязня Іллі Міронава ў сацсетцы Фэйсбук была прызнаная “экстрэмісцкім матэрыялам” 20 лістапада 2023 года рашэннем суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Цяпер за любое ўзаемадзеянне з допісамі на старонцы Іллі (лайкі, каментары, рэпосты і г.д.) беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці і канфіскаваць у іх тэхніку.