Край шумлівых лясоў…
Край дрымотных балот…
Край, адвечнаю крыўдай замучаны…
Дзе над доляй людской плакаў сумны чарот
Ды слязіліся вербы плакучыя.
Радкі з верша “Беларусь” паэта Алеся Дудара, напісаныя ў 1924 годзе, і сёння гучаць балюча. Як, зрэшты, і шматлікія іншыя радкі, створаныя таленавітым беларусам, ураджэнцам гомельскай зямлі, жыццё якога абарвалася надзвычай рана ад кулі ў засценках НКВД.
Мова Гомель сабрала некаторыя факты з кароткага і насычанага жыцця Алеся Дудара – беларускага паэта, крытыка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў легендарнага “Маладняка”.
Паходзіў з вельмі беларускай сям’і
Алесь Дудар, сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч. Нарадзіўся 24 снежня 1904 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Навасёлкі. На той час гэта быў Мазырскі ўезд Мінскай губерні Расійскай імперыі, а цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці. Вырас у сям’і, у якой маці гаварыла выключна па-беларуску, таксама як і бацька ў побыце. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Дайлідовічаў, як і шматлікія іншыя, апынулася ў бежанстве ў Расіі, трапіўшы ў Тамбоўскую вобласць, аднак у 1917 годзе Дайлідовічы вярнуліся і пасяліліся ў Мінску.
Завяжу я, завяжу я –
Завяжу я думкі ў вузел:
Песьню нашу – ня чужую,
Ня чужую чуў я ў лузе.
Распляту касу густую
Ды акутаюся ў кудры…
Маладую, агнявую
Я ніколі не забуду…
…
Думкі ў вузел завяжу я
Дый зямельку пацалую –
Не пайду ў зямлю чужую,
Бо сваю мацней люблю я.
(Алесь Дудар, 1925)
З пачатку 1920-х гадоў Алесь Дудар быў актыўным удзельнікам “Беларускай хаткі” – клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі, а пасля сканчэння школы быў акцёрам знакамітага перасоўнага драматычнага тэатра Уладзіслава Галубка, што вельмі паўплывала на яго далейшы творчы лёс.
Заўсёды сярод першых
Алесь Дудар быў паліглотам, свабодна валодаў некалькімі замежнымі мовамі і перакладаў з французскай, нямецкай, англійскай, польскай і рускай моў. У 1923 годзе стаў адным з шасці паэтаў заснавальнікаў легендарнага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.
Першы беларускі крытык. Першы беларускі перакладчык “Фаўста” Гётэ, “Атэла” Шэкспіра, “Яўгена Анегіна” Пушкіна. Пры гэтым Дудар не меў скончанай універсітэцкай адукацыі, хоць скончыў добрыя гімназіі і ўвесь час самаадукаваўся.
Меў унікальную бібліятэку
Алесь Дудар сабраў неверагодную бібліятэку, на якую сыходзіла траціна яго ганарараў. Праўда, гэты кніжны збор моцна пацярпеў у 1930-х гадах падчас вобшукаў НКВД. Паводле сваякоў, тады з дома вывезлі шэсць машын кніг, а Дудар меў вельмі рэдкія выданні. Астатнюю частку бібліятэкі ўвесь час перахоўвалі ў сям’і Дайлідовічаў. Як згадвае літаратуразнаўца, даследчыца Ганна Севярынец, падчас Другой сусветнай вайны маці паэта берагла гэтыя кнігі, а калі Мінск бамбілі, то выносіла кнігі пад яблыню ў двары, каб захаваць бібліятэку, калі раптам дом згарыць.
Бібліятэка Дудара дзякуючы гэтаму захавалася і знаходзілася ў мінскай кватэры яго пляменніцы Лідзіі Маркаўны як сямейная рэліквія. Нават пасля ўсіх трагічных падзей яна налічвала каля тысячы адзінак. Падчас рамонту частку кніг скралі, верагодна, будаўнікі, а некаторыя з экзэмпляраў пазней “выплылі” на аўкцыёнах. Агулам прапала 75 кніг, сярод якіх і аўтарскія асобнікі зборнікаў вершаў Дудара. Вярнуць удалося толькі тры “прапажы”.
Меў добрыя адносіны з Купалам, але Колас яго недалюбліваў
Янка Купала цаніў Алеся Дудара. Пра гэта сведчыць у тым ліку наступны факт. Да стагоддзя з дня смерці Пушкіна ў 1937 годзе ўсім савецкім рэспублікам даручылі перакласці спадчыну вялікага паэта на нацыянальныя мовы. Рыхтавацца да падзеі пачалі яшчэ ў 1935 годзе. У БССР спецыяльную камісію ў гэтай справе ўзначаліў Янка Купала, які і даручыў жамчужыну спадчыны Пушкіна, “Яўгена Анегіна”, перакладаць Алесю Дудару.
Затое Якуб Колас лічыў Дудара “малацэнным хлопцам”. Пра гэта ён напісаў у лісце да жонкі ад 3 верасня 1926 года: “Прыглядаюся да Дудара і знаходжу яго ўсё больш і больш малацэнным хлопцам. Прыехаў сюды ў мяккім вагоне на казённыя грошы, назад збіраўся ляцець на аэраплане…” (гаворка ў лісце ішла пра курорт Есентукі). “І вочы ў яго моргаюць, як у старога”, — дадае Колас у лісце.
Што цікава. У Дудара сапраўды была нервовая звычка: ён часта і сутаргава міргаў. Ён быў бунтаром, завадатарам спрэчак.
Дарэчы як крытык Дудар быў вядомы пад іншым псеўданімам – Тодар Глыбоцкі, і ў гэтым рэчышчы пакінуў не адназначную спадчыну.
Арышты і высылкі
Першы раз Алесь Дудар быў арыштаваны ў сакавіку 1929 года за публікацыю цяпер ужо знакамітага верша “Пасеклі наш край папалам…”. Яго выслалі ў Смаленск. Падчас высылкі быў арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1931 зноў трапіў у Смаленск. У міжчасе жонка паэта Наталля Вішнеўская падала на развод, што стала для Дудара моцным ударам і асабістай драмай, ён нават меў самагубчыя думкі. Аднак у 1932 годзе паэт атрымаў магчымасць вярнуцца ў Мінск, дзе працягнуў літаратурную дзейнасць.
Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.
І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…
…
А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: “Дабрыдзень”.
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем. (1928)
Чарговы арышт адбыўся 31 кастрычніка 1936 года. З гэтага арышту ён ужо не выйшаў. 28 кастрычніка 1937 года сумна вядомай “тройкай” ён быў прысуджаны да расстрэлу за ўдзел у “антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”.
“Чорная ноч” беларускай культуры
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года Алесь Дудар быў расстраляны. У гэтую самую ноч у падвале ўнутранай турмы НКВД у Пішчалаўскім палацы Мінска было расстраляна больш за сотню чалавек, сярод якіх – беларускія пісьменнікі, паэты, навукоўцы, выкладчыкі, сцэнарысты…
Ішлі людзі праз Себеж на захад,
Не згубіўшы, шукалі чагосьці.
I пад замчышчам сохнуць і чахнуць
Беларускія белыя косці…
(“Себеж”, Алесь Дудар, 1927)
Алесь Дудар быў рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 годзе. Паводле Ганны Севярынец, маці чакала яго да апошняга, не верыла ў смерць сына, а памерла яна ў 1962 годзе, перажыўшы ўсіх трох дзяцей. “Зусім старэнькая, яна была напісала паэму пра сына. Ну як напісала: пісаць яна асабліва не ўмела, проста прыдумала паэму і расказвала на памяць. Спрабавала чытаць яе ўсім, каму магла, па тэлефоне – пад канец жыцця ў яе ўжо быў нават тэлефон. Але ніхто паэму тую не запісаў, ды і слухалі ў палову вуха”, – напісала даследчыца.
Алеся Дудара няма ў школьнай праграме, яго магіла – Курапаты. Але яго спадчына – надалей з намі.
Выкарыстаныя матэрыялы з https://www.facebook.com/alesdudar/, а таксама з апублікаваных інтэрв’ю з Ганнай Севярынец.