У дзень трэцяй гадавіны злачыннага ўтрымання ўлады рэжымам Лукашэнкі ў краіне рэгіянальныя гомельскія прапагандысты пад капірку выдалі адны і тыя ж матэрыялы

by ZB

Гэта і смешна, і сумна адначасова. Не маючы магчымасці і, напэўна, намеру гаварыць штосьці ад сябе, у абставінах татальнай цэнзуры, вынішчанай свабоды слова і беззаконня ўсе як адзін гомельскія прапагандысты, праўладныя выданні і тэлеграм-каналы зраніцы выдалі аднолькавыя навіны пра тое, што “сення спаўняецца тры гады з моманту, як народ Беларусі зрабіў правільны выбар і абараніў мірнае неба і спакой у краіне”.

Адны посцяць відэа в выбарчага ўчастку, на якім пасля галасавання за самога сябе паказваюць Лукашэнку, які “як заўсёды адказвае на пытанні чотка і па справе”, паказальна даюцца матэрыялы пра тое, што ”ў кожнай сям’і ёсць тыя, хто ахоўваў незалежнасць нашай краіны”, пра тое, як “прэзідэнт, як тады, так і цяпер дзейнічае ў інтарэсах краіны і кожнага беларуса”. Пра тое, што тады, тры гады таму, калі пасля закрыцця выбарчых участкаў, беларускія сілавікі пайшлі па загадзе Лукашэнкі са зброяй супраць свайго ж народа, “насамрэч прэзідэнт займаўся ўборачнай кампаніяй, разумеючы, што трэба запоўніць свірны краіны збожжам, а не карміць пустымі абяцаннямі, як гэта рабілі наваяўленыя лідары і лідаркі” (усе гэтыя цытаты “Штодзень” узялі з матэрыялаў сённяшняй Гомельскай дзяржаўнай прэсы – рэд.).

Але прапаганда, хоць і праводзіцца яна мэтанакіравана і вельмі масіравана, ніяк і ўжо нікому не можа заплюшчыць вочы на рэальныя факты. А яны такія:

– Паводле стану на 9 жніўня, па звестках праваабарончага цэнтра» Вясна, у Беларусі налічваецца 1494 палітвязняў. І гэта адзіны з самых вялікіх паказчыкаў у цывілізаваным свеце;

– Кожны дзень у краіне праходзяць палітычныя судзілішчы, а закон у краіне больш не працуе;

– Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне і сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання. За гэтыя тры гады па крымінальных справах былі асуджаныя 3 645 чалавек, 1 440 з якіх – за ўдзел у акцыях пратэсту;

– Жахлівыя рэпрэсіі з затрыманнямі, катаваннямі і парушэннямі правоў чалавека працягваюцца ў краіне кожны дзень. Рэжым жорстка карае ўсіх, хто выказвае сваю нязгоду з яго дзеяннямі (шматдзетнымі матулямі, студэнтамі, пенсіянерамі, лекарамі, настаўнікамі, праваабаронцамі, журналістамі і прадстаўнікамі беларускага прагрэсіўнага грамадства);

– Беларусы, якія засталіся ў краіне, працягваюць жыць у страху і ва ўмовах сур’ёзнага эканамічнага і палітычнага крызісу;

– Былі ліквідаваныя або выцесненыя з краіны ўсе незалежныя СМІ, знішчаныя НДА;

– Міжнародныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі і беларусаў не спыняюцца;

– Рэжым Лукашэнкі (але не беларусы!) увязалі краіну ў вайну супраць Украіны і стаў суагрэсарам, перадаўшы сваю тэрыторыю для перамяшчэння расейскіх войскаў і працягваючы падтрымліваць рэжым Пуціна;

– Больш за 300 тысяч беларусаў (і гэта вельмі сціплыя падлікі) былі вымушаныя пакінуць родную краіну праз палітычны пераслед;

– Сілавікі працягваюць адчуваць сябе беспакарана. Ніводная справа аб забойстве нязгодных з рэжымам беларусаў не была раскрытая, гэтак жа, як і ніводзін сілавік не пацярпеў за свае злачынныя дзеянні (збіццё, катаванні і забойствы грамадзян сваёй краіны);

І менавіта гэта, а не прапагандысцкія артыкулы пад капірку, і ёсць вынік трохгадовага сілавога ўстрымання ўлады з моманту сфальсіфікаваных выбараў 2020 года.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png