Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання

by homieldays

Неўзабаве ў Гомелі з’явіцца знак, прысвечаны ахвярам генацыду беларускага народа. Папярэдне было арганізавана абмеркаванне месца размяшчэння помніка. Але пытанне, ці патрэбны Гомелю яшчэ адзін мемарыял, прысвечаны Другой сусветнай вайне, не абмяркоўвалася.

Праект знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага нарада

 

Канешне, жах вайны павінен быць увасоблены ў мемарыялах, каб нашчадкі на яго не забываліся. Але памяць павінна быць адэкватнай. Каб было зразумела, пра што гаворка, прывядзём прыклад з чалавечага жыцця.

Аўдавелая кабета можа распавядаць унукам, наколькі дзядуля быў цудоўнай асобай, гартаць фотаздымкі, выдаць успаміны, даглядаць месца пахавання – гэта ўсё прыклады адэкватнай памяці.

Неадэкватнай памяццю можна назваць рытуал саці (быў папулярны раней у Індыі) – спаленне жывой удавы разам з целам памерлага мужа. Памяць пра памерлых павінна быць такой, каб не перашкаджаць нармальнаму жыццю жывых.

Помнік апалчэнцам у Гомелі

 

Ці з’яўляецца памяць беларусаў аб падзеях 1939–1945 гг. адэкватнай? Падобна, што не. Галоўная мэта памяці аб вайне – зрабіць усё, што толькі магчыма, каб прадухіліць новыя баявыя дзеянні. Але, як дэманструюць сумныя падзеі ва Украіне, нашая памяць пра вайну аказалася тут мала прыдатнай: частка беларусаў нават не змагла зразумець, хто з’яўляецца агрэсарам і нясе пагрозу…

Значыцца, нешта з гэтай памяццю не так. Але што? Дакладна справа не ў колькасці помнікаў. Паводле дадзеных belta.by, у Беларусі каля 8 000 тэматычных мемарыялаў. З іх амаль 1 200 – у Гомельскай вобласці.

Не ўсе з іх, канешне, можна назваць удалымі з пункту гледжання выканання (прыглядзіцеся да Алеі Герояў па вул. Савецкай), але хапае і добрых прыкладаў. Так, не можа не крануць мемарыял, прысвечаны маленькім ахвярам вайны, у Красным Беразе. Цалкам пазбаўлены манументалізму, сацрэалізму, цьмяных трагічных колераў, выкананы на неверагодным мастацкім узроўні, комплекс дазваляе адчуць маштаб трагедыі і цяжару, што зваліўся на плечы беларусаў у часы нацысцкай акупацыі.

Мемарыял у Красным Беразе. Фота: https://radzima.org/

 

 

Алея Герояў атрымалася няўклюдай і безгустоўнай

 

Помнікаў, як бачна, дастаткова. Ды толькі не прыносяць яны таго эфекту, які запланаваны ініцыятарамі іх узвядзення. Дык ці патрэбны гораду яшчэ адзін?..

Жыццё сучасных беларусаў перапоўнена вайной. Ніводнае агульнагарадское мерапрыемства, нават Дзень горада, не абыходзіцца без згадак трагедыі. Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання. Каб адцягнуць увагу насельніцтва ад сур’ёзных праблем у эканоміцы, ахове здароўя, адукацыі і г.д., улады кажуць: “Паглядзіце, як цяжка жылося ў гады вайны і якія мы шчаслівыя, што маем мірнае неба зараз”. І гэта спрацоўвае, бо трагічныя ўспаміны пры вайну дагэтуль захоўваюцца ў кожнай сям’і.

Мемарыяльны комплекс “Ола”, Светлагорскі раён. Фота: svetlogorsk.by

 

Але ад настолькі частотных згадак памяць пра вайну шмат у чым пераўтварылася ў фармальнасць. У школах могуць яшчэ і дагэтуль даваць заданні пісаць сачыненні пра дзядоў, што ваявалі (пры тым, што дзяды сучасных дзяцей нарадзіліся ўжо пасля вайны). Дарослыя “ўпрыгожваюць” усё навокал стужкамі і партрэтамі Сталіна, не звяртаючы ўвагі на гул самалётаў, што нясуць бомбы ў суседнюю краіну, над галовамі…

Дый час робіць сваё: на беларускіх землях за ўсю гісторыю тачылася столькі войнаў, што немагчыма памятаць кожную як жывы боль. Любы боль паступова сціхае. Любая крывавая падзея паступова пачынае ўспрымацца без эмоцый, як гістарычны факт. Напэўна, надышоў час пачынаць аддаляцца і Другой сусветнай.

Але вернемся да першапачатковага пытання: ці патрэбны Гомелю яшчэ адзін памятны знак, прысвечаны ВАВ? На наш погляд, такіх аб’ектаў памяці і ў нашым горадзе, і ў вобласці, дастаткова. А вось гістарычныя падзеі з іншых перыядаў (за выключэннем шматлікіх помнікаў Леніну і, у невялікай, на шчасце, колькасці, асобам часоў Расейскай імперыі) зусім не ўшанаваныя. Добра было  б выправіць гэты недахоп, а памяці пра вайну вярнуць адэкватную, без прыкмет ідэалогіі і фармалізму, форму.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png