30 ліпеня гомельскія чыноўнікі красамоўна віншавалі работнікаў гандлю з прафесійным святам. На канцэртах, урачыстых сходах і справаздачах на працягу ўсяго тыдня гаварылі, наколькі важная гэтая сфера. А таксама пра тое, якіх добрых паказчыкаў Гомельшчына дасягнула ў сферы гандлю за апошні час. Усё гэта гучала так пафасна, што мы вырашылі высветліць, ці сапраўды чыноўнікі так цэняць тых жа прадаўцоў. Да таго ж для гэтага падвярнуўся вельмі зручны момант, бо днямі Белстат паказаў новыя лічбы за чэрвень – намінальную налічаную сярэднюю заработную плату работнікаў Беларусі.
Намінальная зарплата – гэта плата работніку за пэўны аб’ём працы або адрэзак працоўнага часу. Але важна адрозніваць налічаную намінальную заработную плату і рэальную заработную плату. Дык вось налічаная зарплата – гэта ўся належная сума. Яна ўключае ў сябе абавязковы страхавы ўзнос работніка і падаходны падатак. А рэальная – з улікам вылічаных падаткаў. Нагадаем, асноўная стаўка падаходнага падатку ў Беларусі на ўсе даходы фізічных асоб (у тым ліку наёмных работнікаў) складае 13%.
Ну, а цяпер да лічбаў. Паводле звестак Белстата, сярэдні намінальны заробак беларусаў у чэрвені 2023 года склаў 1 927,1 руб.
Ёсць і асобныя лічбы па абласцях. Вы здзівіцеся, але Гомельшчына ў прадстаўленай Белстатам інфаграфіцы выглядае вельмі годна. Больш за тое, па версіі чыноўнікаў, у нас другі паказчык пасля Мінска і Мінскай вобласці. Афіцыйна сярэдні намінальны заробак у Гомельскай вобласці складае 1751,9 рубелі. Такім чынам, калі, адняць, да прыкладу, тыя самыя 13% падаходнага падатку (а гэта 227,7 руб.), то атрымліваецца, што сярэдні рэальны заробак у Гомельскай вобласці па вельмі грубым падлікам складае прыкладна 1 524,2 рублі.
А цяпер паглядзім, колькі на гэты заробак сярэднестатыстычны жыхар Гомеля можа выдаткаваць кожны дзень для аплаты сваіх патрэбаў. Дзелім 1 524,2 рубля на 31 дзень і атрымліваем 49,1 рублі.
Трэба ўлічваць, што мы не адымалі страхавыя і іншыя ўнёскі. Плюс, разумеем, што за гэтыя ж грошы беларусы плацяць камуналку, аплачваюць медыцыну і іншыя жыццёва важныя выдаткі. Паводле звестак таго ж Белстата, на нехарчовыя тавары ў сярэднім беларусы выдаткоўваюць 50,5% свайго заробку. Гэта значыць, што на тую ж ежу сярэднестатыстычны жыхар Гомеля, па версіі чыноўнікаў, можа сабе дазволіць штодня (на памятаем, па самых грубых падліках, а на самай справе менш – рэд.) максімум 25 рублёў (гэтая ёсць тая сума, што засталіся пасля выліку 50% выдаткаў на нехарчовыя тавары – рэд.).
А зараз давайце прадставім рэальнага жыхара Гомеля. Каб не хадзіць далёка, возьмем, усё тых жа работнікаў гандлю, чыю важнасць на гэтых выходных так падкрэслівалі чыноўнікі ў сувязі са святкаваннем Дня гандлю. Заходзім на Рэспубліканскую базу вакансій. Знаходзім у Гомелі вакансію “прадавец”. Гэта, на наш погляд, і ёсць сярэднестатыстычны жыхар Гомеля (не начальнік). Заробкі, на якія прадаўцам з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй прапануюць працаваць на цэлую стаўку цэлы месяц, у Гомелі сёння складаюць у сярэднім 700 рублёў. Ёсць і заробкі ў 500 рублёў, ёсць і 800-900.
Нагадаем, на думку чыноўнікаў, сярэдні налічаны заробак жыхароў Гомельшчыны з улікам ужо вылічанага падаходнага падатку складае прыкладна 1 524 рублі. А гэта нават па сціплых падліках ужо ў два разы вышэй зарплаты, якую прапануюць тым жа прадаўцам, якіх так “цэняць” у гандлі.
А цяпер палічым, колькі ў дзень прадаўцы могуць сабе дазволіць выдаткаваць на ежу. Дзелім іх зарплату (700 рублёў) на 31 дзень. Атрымліваем 22,5 рубля. Прыбіраем яшчэ 50,5% на нехарчовыя тавары і атрымліваем, што ў дзень сярэднестатыстычны прадавец у Гомелі (а гэта чалавек, які працуе з грашыма і нясе фінансавую адказнасць) у дзень можа дазволіць сабе купіць ежы на 10 рублёў з капейкамі…
І вось гэта наша сапраўдная рэальнасць.
Штодзень