Калісьці на месцы Гомеля было мора, а ўжо сёння коцімся ў пустыню

by ZB

Мяркуючы па прагнозах сіноптыкаў на жнівень, апошні месяц лета на Гомельшчыне літаральна будзе смажыць. Ападкаў чакаецца вельмі мала, а спякота будзе стаяць большую частку месяца. Самая нізкая тэмпература жніўня на Гомельшчыне чакаецца ў межах 23 градусаў, і тое ўсяго на адзін дзень. Увесь астатні час – 25 -30°C.

«…Па колькасці і працягласці хваляў спёкі апошнім часам Гомельшчына адрозніваецца ад усіх астатніх рэгіёнаў Беларусі, – напісаў днямі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку эколаг Зміцер Янкоў, які родам з Гомеля. – Мяркуючы па прагнозе, жнівень чакаецца проста катастрафічным. Чым далей, тым часцей нашы гарады накрываюць наступствы кліматычных змен. Для Беларусі самымі характэрнымі з’яўляюцца апустыньванне, адначасовае выпадзенне вялікай колькасці ападкаў (ураганы, ліўні, град) і хвалі спёкі. З неспрыяльных прыродных з’яў перыядычна рэгіструюцца анамальныя вясновыя паводкі, а таксама пакуль не такія частыя, але з вялізнымі перспектывамі росту, смогі ад лясных пажараў».

У якасці аргументу эколаг прывёў фотаздымкі паводка ў Гомелі гэтай вясной, падтапленне самога Гомеля ў выніку выпадзення анамальных ападкаў, апустыньвання сельскагаспадарчых зямель пад Рэчыцай…

Пры гэтым, як адзначыў Янкоў, гаварыць афіцыйна аб існуючых кліматычных праблемах і праявах глабальнага пацяплення ў Беларусі, зрэшты, як і аб памерах шкоды, якія яны прыносяць, на афіцыйным узроўні чамусьці ў нас не прынята.

«У 2022 годзе хвалі спёкі забралі жыцці каля 62 000 еўрапейцаў у 35 краінах. Больш за ўсё пацярпелі Італія, Іспанія і Германія, – працягвае Зміцер Янкоў. – А што ж у Беларусі? 8 жніўня 2010 года ў Гомелі быў зафіксаваны абсалютны тэмпературны рэкорд за ўвесь час назіранняў – +38,9°С. Аднак статыстыкі па дадатковай смяротнасці падчас хваляў спёкі вы нідзе не знойдзеце. У нас нават баяцца называць іх хвалямі спякоты і часцей выкарыстоўваюць тэрмін «хвалі цяпла».

І гэта прытым, што ў тым жа 2010 годзе ў суседняй Маскве дадатковая смяротнасць ад смогу за ліпень-жнівень, па дадзеных, якімі валодае эколаг, склала каля 11 000 чалавек. А гэта 320-340 чалавек штодня (!). Усяго ж у той год у Расіі за два месяцы праз смог памерла каля 41 000 чалавек.

З тых часоў мінула больш за 10 гадоў, і клімат, асабліва на Гомельшчыне, пагоршыўся яшчэ больш. Што чакае Гомельшчыну ў бліжэйшы час, «Штодзень» спытаў у экспертаў.

Ужо сёння Гомельшчына жыве ва ўмовах новай кліматычнай зоны

«За апошнія 1,5 дзясятка гадоў сярэднія тэмпературы Гомельшчыны значна павысіліся, – адзначае навуковец, які па зразумелых прычынах пажадаў застацца ананімам. – Ужо цяпер мы назіраем працяглыя засушлівыя перыяды і аднаразовыя выпадзенні вялікай колькасці ападкаў, якія нярэдка суправаджаюцца ўраганным ветрам і прыносяць даволі сур’ёзныя шкоды.

На думку эксперта, улічваць трэба таксама і магчымасць больш глабальных праблем:

«Узяць, да прыкладу, тыя ж масты. Калі раней іх будавалі з разліку на тое, што сур’ёзныя паводкі здараюцца прыкладна раз на 100 гадоў, то ўжо з цяперашнім кліматам усё адбываецца зусім інакш, і колькасць сур’ёзных паводкаў на той жа Гомельшчыне пачасцілася ў разы, а гэта значыць, што ўстойлівасць мастоў і тэрмін іх эксплуатацыі ўжо не адпавядаюць закладзеным у іх нарматывам, – акцэнтуе наш суразмоўца і развівае сваю думку. – Для жыхароў гарадоў велізарную шкоду, як заўважыў ужо Зміцер Янкоў, сапраўды наносяць тыя самыя хвалі спёкі. Асабліва моцна яны б’юць па здароўі і самаадчуванні пажылых людзей, гіпертонікаў, людзей з залішняй вагой, дзяцей, людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі…

Рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, як гэта робяць улады, нельга. Бо ўсе гэтыя анамальныя з’явы не толькі захаваюцца ў будучым, а будуць толькі ўзмацняцца. І гэты факт абавязкова трэба ўлічваць на афіцыйным узроўні, як мінімум пры гарадскім планаванні, праектаванні і будаўніцтве неабходнай для новых кліматычных умоў інфраструктуры. Да прыкладу, паркі і скверы трэба не высякаць, як у нас, а наадварот актыўна насаджаць. Расліны здольныя ствараць цень і памяншаць тэмпературу аж да 5 градусаў. Пры выбары матэрыялаў аздаблення будынкаў, да прыкладу, на Гомельшчыне, ужо трэба выбіраць іншыя. Прытым не толькі больш устойлівыя да спякоты, але і больш светлыя… Такіх нюансаў мноства. Але ўсе іх можна пераняць у краінах з жаркім кліматам. Гэта нармалёвая сусветная практыка».

Пясчаныя буры на Гомельшчыне сталі ўжо звыклай з’явай для мясцовых людзей. Фота: Planeta BELARUS

Паводле слоў спецыяліста, падладжваць інфраструктуру Гомельшчыны пад новыя кліматычныя ўмовы, актыўна шукаць слабыя месцы і хутка іх устараняць трэба ўжо сёння. Таму што ўжо цяпер Гомельшчына жыве ў новай агракліматычнай зоне.

«Раней (да пачатку 70 – х гадоў 20 стагоддзя) у краіне былі тры асноўныя агракліматычныя зоны, – працягвае навуковец. – І калі ў той час першая агракліматычная і найбольш халодная зона (на поўначы Беларусі) займала каля 40% ад усёй тэрыторыі краіны, то цяпер ад яе засталося максімум 10-12%. Другая і трэцяя агракліматычныя зоны пакуль што засталіся ў тых жа маштабах, але ссоўваюцца на поўнач, выцясняючы першую. Прыкладна ў 2015 годзе ў Беларусі з’явілася новая, чацвёртая агракліматычная зона, дзе гадавая сума тэмператур вышэй на цэлых 10 °C. Гэта адбылося праз змены клімату і зрух зон на поўнач краіны. Умовы надвор’я там параўнальныя з поўначчу Украіны».

Па словах экспертаў, у новую чацвёртую агракліматычную зону ўваходзяць Лельчыцкі, часткова Жыткавіцкі, Брагінскі, Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці, а таксама Маларыцкі, Драгічынскі, Лунінецкі і Столінскі раёны Брэсцкай вобласці.

Пры гэтым да 2030 года, на думку спецыялістаў, паўночная агракліматычная зона ў Беларусі цалкам знікне, новая паўднёвая значна пашырыцца, а на яе месца прыйдзе яшчэ больш цёплая зона. А ўжо ў перыяд з 2040 па 2060 год ад былой паўднёвай зоны застанецца толькі маленькі астравок на поўначы.

Мільёны гадоў таму ў Гомелі дыхалі вулканы, раслі трапічныя лясы і шумела мора

Пагадзіцеся, гучыць гэта ўсё неяк вельмі фантастычна. А як вам інфармацыя пра тое, што мільёны гадоў таму на месцы Гомеля было цёплае мора. Гэта даказаны навукоўцамі факт, і было гэта ў сярэднім дэвонскім перыядзе, прыкладна 387-393 мільёны гадоў таму. Зубы старажытных акул з тых часоў не раз знаходзілі ў пясках, намытых пры будаўніцтве мікрараёна «Мельнікаў Луг» у 70-80-х гадах мінулага стагоддзя. У той дэвонскі перыяд, дарэчы, на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны пачала адкладацца сучасная гліна, і менавіта тады ўтварыліся запасы мінеральнай вады, якімі да гэтага часу лечаць у гомельскіх санаторыях. Затым мора змяняла суша.

А вось так Гомель мог выглядаць, на думку навукоўцаў, у дэвонскі перыяд

У познім дэвоне каля цяперашняга Гомеля дыхалі агнём вулканы. Сляды іх дзейнасці былі адкрыты ў 12 кіламетрах на захад ад Гомеля – пласт туфу і іншых вулканічных парод таўшчынёй 600 метраў ёсць там і цяпер.

У неагенавы перыяд, а гэта было прыкладна 2,5 млн гадоў таму, на Гомельшчыне раслі густыя вільготныя лясы і панаваў гарачы субтрапічны клімат. А ўжо пасля яго наступіў Ледніковы перыяд. І ўсё перавярнулася.

Калі ўяўляеш сабе падобныя перамены, сумнявацца ў тым, што пасля ўмерана-кантынентальнага клімату Гомельшчына адносна хутка можа загразнуць у пустынных пясках (а ў Рэчыцкім раёне праблема апустыньвання зямель ужо стаіць), ужо не прыходзіцца. Рэальнасць такога прагнозу пацвердзілі, дарэчы, і кліматолагі-эксперты ААН, якія ў жніўні 2021 года прадставілі свой маштабны даклад аб будучых кліматычных зменах.

Аднак важна памятаць, што новыя кліматычныя ўмовы – гэта не катастрофа, а ўсяго толькі новыя ўмовы жыцця, да якіх проста трэба своечасова падрыхтавацца і адаптавацца на ўсіх узроўнях.

Штодзень 
Фота: ЧП Гомель, Planeta BELARUS

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png