Карга-культ на гомельскіх пляжах

by homieldays

З надыходам цёплага надвор’я шматлікія гомельцы накіроўваюцца да вадаёмаў, каб адпачыць на вольным паветры, прыняць сонечныя ванны і, калі магчыма, пакупацца. Ці гатовы сустракаць наведвальнікаў гомельскія пляжы, вывучаў “Штодзень”.

САВЕЦКІ РАЁН

Мы скіраваліся да месца адпачынку на Шведскай горцы, бо гэты пляж новы, шмат хто з гараджан яго яшчэ не бачыў.

Дадатковае месца адпачынку было неабходнае, бо Заходні пляж з пабудовай цэлага мікрараёна быў перагружаны.

Месца досыць, шырокая паласа даволі чыстага пяску. Есць забаўкі для дзяцей, сцежкі для шпацыру, лавы, міні-паркоўка для ровараў. Рэдкі для Гомеля выпадак – крама зусім побач. Агульнае ўражанне ад пляжа добрае, хочацца выказаць падзяку тым, хто яго стварыў. Але амаль ва ўсім, што б не рабілася ў сучаснай Беларусі, можна знайсці культ карга.

Культ карга (ад англ. cargo cult — пакланенне грузу) – рэлігійны рух, які быў шырока распаўсюджаны ў Меланезіі пасля Другой сусветнай вайны. Калі тутэйшыя, не знаёмыя з навукай і прагрэсам, плямёны пабачылі, які дабрабыт маюць асобы з больш развітых краін, яны вырашылі, што прыгожыя рэчы даюць белым багі (дакладней, прысылаюць з неба самалёты з каштоўнымі грузамі). Адпаведна, каб дасягнуць такога ж узроўню жыцця, трэба паўтараць за прыезджымі ўсе магічныя рытуалы. Напрыклад, белыя маюць самалёт. Значыцца, трэба зрабіць такі ж самы. Так на палях паўставалі копіі лятальных апаратаў… з саломы і какосавых пальмаў, рабілася імітацыя ўзлётнай паласы. Меланезійцы скрупулёзна паўтаралі рухі па нібыта абслугоўванню тэхнікі, чысцілі паласу і г.д. Адкуль непісьменным туземцам было ведаць, што акрамя таго, што бачна звонку, самалёт унутры напоўнены рознымі дэталямі і механізмамі, і без гэтага начыння  рэч не мае сэнсу?.. Рабілася шмат, але, паколькі гэта была імітацыя дзейнасці без глыбокага разумення сэнсу, плёну дзейнасць не прыносіла.

Саламяны самалёт. Фота: https://images.squarespace-cdn.com/content/v1/5e6d5df1ff954d5b7b139463/1597861219922-8MDH6BZVCKE2Z5SR4P8Q/cargo+cult.png?format=750w

 

Добры прыклад культу карга ў пераносным значэнні можна знайсці ў аповесці Л. Лагіна “Стары Хатабыч”. Джын намагаўся рэалізаваць жаданне хлопца мець гадзіннік, таму зрабіў гэтую рэч максімальна каштоўнай – з цэльнага кавалка золата. Здаецца, шчыра хацеў як лепей, але гадзіннік, дзе няма колаў і вінцікаў, не мог паказваць час. Не хапіла старому адукацыі і прагрэсіўнасці мыслення.

Здавалася б, што агульнага паміж меланезійскімі містычнымі практыкамі мінулага і Беларуссю ХХІ ст.? Зараз пабачым.

Да пляжа вядуць дзве лесвіцы. Спецыялісты па эрганоміцы даўным-даўно падлічылі, які памер павінна мець прыступка, каб карыстанне ёю было зручным для сярэднестатыстычнай асобы. Але праектанты шведскагорскага пляжа пра гэта, падобна, не ведаюць. Невысокія і занадта шырокія прыступкі не дадуць нікому ісці нармальнаю хадою. Такое ўражанне, што іх намалявалі мастакі, а не запраектавалі архітэктары ці дызайнеры. Чым не культ карга? Лепей было б увогуле не рабіць прыступак, схіл нястромкі, можна было б зрабіць паласу-пандус з бетону, па якой і ісці добра, і вазок скаціць не праблема.

Зялёная зона з натуральным ценем месціцца далёка ад вады. Значыцца, патрэбны штучны цень, які і ад сонечных промняў абароніць, і дасць прахалоду. Фармальна тутака ёсць два навесы. Але дах у іх… з празрыстага полікарбанату. Гэты матэрыял добры для цяпліц. Але такі цень, які патрэбны на санцапёку, ён стварыць не здольны. То-бок на паперы інфраструктура ёсць, для камісіі, што прымала пляж, ёсць. Але для адпачываючых – няма. Вось вам і культ карга.

Да таго ж гэты танны і нізкаякасны матэрыял згубіў свой знешні выгляд яшчэ да таго, як пляж ўвялі ў эксплуатацыю.

На велізарным пляжы ёсць усяго толькі адзін біятуалет. Запоўніцца ён вельмі хутка. Што рабіць наведнікам пляжа, бегчы дахаты? Да таго ж адсутнічае фантанчык. Няма дзе памыць рукі, не кажучы ўжо пра набраць пітной вады.

Фантанчык ёсць на суседнім Заходнім пляжы, але праз велізарныя лужы, што засталіся ад веснавога разліву, дайсці да яго атрымаецца хіба што ў гумавых ботах.

НАВАБЕЛІЦКІ РАЁН

Пляж Навабеліцкага раёна можна прызнаць самым утульным гомельскім пляжам. Далёка ад горада і магістраляў, ціха і спакойна. Шмат месца, добрыя краявіды. Пляж цалкам прыгатаваны для выкарыстання.

Хапае лаў, грыбкоў з ценем (побач таксама шмат дрэў, што даюць натуральны цень), кабінак, дзе можна пераапрануцца. Есць трохі забавак для дзяцей.

З мінусаў: ісці да пляжа далёка, пераход праз мост без пандусаў, што робіць пляж маладасяжным для мам з немаўлятамі і вазочнікаў. Няма ані фантанчыка, ані кіёска ці аўтамата, дзе можна было б набыць вады. Спадзяваемся, што нейкі выязны гандаль тут з’явіцца, як наведвальнікаў пабольшае.

ЦЭНТРАЛЬНЫ РАЁН

На галоўным гомельскім пляжы яшчэ вядуцца падрыхтоўчыя працы, але ім ужо цалкам можна карыстацца (хаця чысціць бераг і дно варта было б больш старанна).

Гэта фактычна адзіны пляж, які мае ўсю без выключэння неабходную інфраструктуру.

Галоўны мінус – дарога сюды даволі рызыкоўная, бо мост праз Сож даўно падлягае капітальнаму рамонту, але грошай на гэта няма. Пэўны час таму праход нават быў закрыты, бо мост прызналі аварыйным. Але дзіры ў асфальце падлаталі і вырашылі, што канструкцыя ад гэтага стала больш трывалай.

Яшчэ адно ўлюбёнае месца адпачынку жыхароў Цэнтральнага раёна – на Абкамаўскім возеры – можна назваць суцэльным культам карга, бо пляж носіць паўлегальны характар. Купацца тут забаронена, але есць кабінкі для пераапранання, дзяжурыць “Таварыства ратавання на вадзе”. Пясок падвезены, але не раскладзены, дно нячышчанае, ні прыбіральні, ні іншых элементаў інфраструктуры няма. Для якога адпачынку прызначана месца – незразумела.

Трэба адзначыць, што ў асноўным гомельскія пляжы да сезону гатовыя. А што да культу карга, здаецца, жыць нам з ім побач яшчэ доўга, калі кожны на сваім на працоўным месцы не пачне памятаць, што ўсё, што робіцца, робіцца не дзеля папер, не для вышэйшых інстанцый, а выключна для чалавека.

Штодзень

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png