Яшчэ адзін памятны знак, звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны, плануюць усталяваць у Гомелі. Прысвечаны ахвярам генацыду помнік будзе мець выгляд скульптурнай кампазіцыі з мноствам рук, што цягнуцца дагары, нібыта з зямлі, і сплятаюцца ў своеасаблівае дрэва жыцця.
Знак плануецца ўсталяваць блізка да месца размяшчэння Гомельскага перасыльнага лагера “Дулаг-121” для савецкіх ваеннапалонных у 1941–1943 гадах. Дакладнае месца (за прыпынкам “8 сакавіка” ці бліжэй да стадыёна “Цэнтральны”) для ўсталявання помніка яшчэ не выбрана.
У канцлагеры Дулаг-121, які месціўся на цяперашняй плошчы Паўстання, было падчас нацыстоўскай акупацыі закатавана больш за 100 тысяч чалавек. У пачатку 1990-х дэмакратычны Гомельскі гарсавет, пасля доўгага замоўчвання праблемы з боку савецкіх уладаў, паспрыяў з’яўленню мемарыяльнага знака на сцяне будынку фабрыкі “Праца”.