Свята на родах: беларуска параўнала радзільні ў Польшчы і Беларусі

by homieldays

Валерыя з’ехала з Беларусі пасля 2020-га. Першае дзіця яна нарадзіла яшчэ ў Беларусі. А вось другое – ужо ў Польшчы. “Штодзень” папрасіў жанчыну параўнаць роды ў Польшчы і Беларусі.

Штодзень: Якое самае першае адрозненне, якое кідаецца ў вочы?

Валерыя: Гэта атмасфера. Яна вельмі пазітыўная. Нам уключылі ароматэрапію, спакойную музыку, прыбралі яркае святло.

Калі ў Беларусі ў перадродавай быў проста ложак, а ў платнай палаце яшчэ і фітболы, гавораць, ёсць, то тут было ўсё. Фітболы, гамакі, прыстасаванні для вертыкальных родаў, ванная. Я спачатку саромелася, неяк нязвыкла было. Але мяне акушэрка ўгаварыла. Кажа, паспрабуй, залезь, не спадабаецца, то вылезеш.  У перадродавай былі душ і туалет. У Беларусі даводзілася хадзіць у канец калідора, што было нязручна, асабліва, калі яшчэ і кропельніцу паставілі. Увогуле ў польскай радзільні такое адчуванне свята на родах.

А яшчэ ў Польшчы дзіця не забіраюць для розных маніпуляцый. Ад моманту нараджэння дзіця з табой. У Беларусі адразу забралі, каб узважыць, памыць, зрабіць прышчэпку.

Штодзень: Ці былі ў вас у Польшчы партнёрскія роды?

Валерыя: У Польшчы ўсе роды апрыёры партнёрскія. Мужу не трэба здаваць нічога, каб прысутнічаць на родах. У Беларусі, напрыклад, флюараграфія патрабуецца. Мы калі ў Беларусі з мужам думалі пра партнёрскія роды, там быў цэлы спіс, што трэба мужу зрабіць. А тут нічога не трэба. Ужо тое, што з’яўляецца мужам, дае яму права знаходзіцца на родах. Мы не планавалі партнёрскія, бо не ведалі, ці зможам знайсці на каго пакінуць старэйшае дзіця. Але ў радзільні мужу сказалі, калі ён мяне прывёз: „Ну, што вы ўжо заставайцеся, калі прыехалі.

 

Штодзень: А ў Беларусі?

Валерыя: У Беларусі мы не пайшлі на партнёрскія роды, там такая сістэма, што калі платная перадродавая будзе занятая, то партнёрскіх родаў не будзе. Так у мяне і здарылася падчас першых родаў, што платная перадродавая была занятая і мне давялося ісці ў бясплатную, дзе маглі быць і іншыя жанчыны. А паколькі ў Мінску шмат людзей нараджае, то было мала шанцаў патрапіць у платную адзіночную перадродавую. А тут усе перадродавыя асобныя. Кожны знаходзіцца ў сваёй.

Штодзень: Ці тлумачаць медыкі маніпуляцыі, якія праводзілі з табой?

Валерыя: Так, усе маніпуляцыі тлумачылі. Клізмы тут няма. Запіс КТГ ідзе ў пастаянным рэжыме. Калі ў Беларусі запісваюць КТГ, то нельга рухацца і трэба ляжаць. А тут усё бяздротавае: мне на жывот датчык павесілі і троху вышэй, каб мае паказнікі замяраць. І на ЖК-маніторы не тое што гадзіну глядзяць, а цягам усіх схопак назіраюць. І з гэтым пастаянна ходзіш, яно не перашкаджае, бо няма дротаў. Толькі калі ў ванную заходзіла, то тады толькі датчыкі здымала.

Муж пераразаў пупавіну дзіцяці, калі яна адпульсавала. Дзіця не мыюць, а толькі праціраюць. Пасля родаў гінеколаг прапанаваў нас пафоткаць. Увесь час не пакідала адчуванне, што роды — гэта свята.

Штодзень: Якія былі побытавыя ўмовы?

Валерыя: У Беларусі трэба прыходзіць з пакетамі. Гэта тлумачаць, каб не занесці бактэрыі. А тут усе з чамаданамі, бо зручна ж каціць. Хаця тут і самой насіць не трэба, бо муж прысутнічае на родах.

Пасля родаў нас з мужам пакінулі пабыць разам на дзве гадзіны ў перадродавай. А потым я перайшла ў звычайную палату. І там муж не мог ужо знаходзіцца кругласутачна. Але муж маёй суседкі па палаце сядзеў з ёй па 6 гадзін кожны дзень.

Мая палата была на дзвюх жанчын. Калі ў Беларусі ў нас былі металічныя ложкі, то тут з пад’ёмным механізмам, каб можна было сядзець, вышыня рэгулюецца. Побач апарат для розных медычных маніпуляцый. Душ і туалет у пакоі. Ежу прыносяць, а ў Мінску трэба было хадзіць. Вопратка свая. Калі ты забыў, то выдадуць аднаразовую кашулю.

Радзільню можна выбіраць любую і ў любым горадзе. Роды пакрывала страхоўка, дадаткова мы нічога не плацілі.

У беларускіх радзільнях дзецям даюць сумесь. Тут такога не прапаноўвалі. У Беларусі не прыходзіў кансультант па грудным кармленні. А тут была кансультантка па грудным кармленні, якая паказвала што да чаго. Акрамя яе таксама прыходзіў фізіятэрапеўт, які распавядаў, як хутчэй аднавіцца пасля родаў.

У палату можа прыходзіць муж. Толькі дзеці не могуць, бо, як нам патлумачылі, яны могуць пераносіць хваробы. У палаце муж можа знаходзіцца колькі заўгодна, абмежавання па часе тут няма. Са мной ляжала дзяўчына, з якой муж кожны дзень па 6 гадзін знаходзіўся.

Штодзень: Ці не напружвала цябе, што ў палаце цэлы дзень знаходзіўся госць?

Валерыя: Я цалкам нармальна ставілася, мне не перашкаджала, што муж суседкі быў у палаце.

Штодзень

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png