Адкуль бярэцца вулічны бруд

by ZB

Бруд на вуліцах беларускіх гарадоў – звычайная рэч, незалежна ад сезона

Бруд на адной з гомельскіх вуліц

Узімку крыніца апясочвання гарадской прасторы відавочная: пясчана-салявая сумесь, якой камунальнікі шчодра пасыпаюць усё навокал у бязмернай колькасці, нават тады, калі пагроза галалёду адсутнічае.

Камунальнік шпурляе пясок. Фота: zviazda.by

З надыходам вясны вуліцы актыўна прыбіраюцца дворнікамі, мыюцца дажджамі і залевамі, але бруд і не знікае. І гэта не дзіўна, бо стала існуе іншая пагроза чысціні – АДКРЫТЫ ГРУНТ, які трапляе на дарогі падчас дажджоў, пераносіцца ветрам і г.д. Пра тое, як уплываюць на забруджанне дарог аднагадовыя кветкі, што патрабуюць рэгулярнага перакопвання клумбаў, “Штодзень” пісаў раней. Але кветкі, канешне ж, не галоўныя дзеючыя асобы ў траплянні пяску на дарогі і ходнікі. Ёсць куды больш уплывовыя чыннікі.

ПАМЫЛКІ Ў ПРАЕКТАВАННІ СЦЕЖАК

Жыхары горада перасоўваюцца не толькі па магістральных вуліцах і праспектах. Усе мы за дзень, каб дайсці да працы, у краму і г.д., паспяваем прайсці па вялікай колькасці сцежачак. І кожны намагаецца крочыць найбольш кароткім шляхам. Калі маршрут, запланаваны праекціроўшчыкамі, не з’яўляецца зручным, мы збочваем, ідзём па траве. Праз нейкі час зеляніна знікае і паказваецца той самы адкрыты грунт. У якасці эксперыменту прайдзіцеся па ім і потым паглядзіце, колькі пяску застанецца на падэшвах.

Двор ля Гомельскага абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Яскравым прыкладам памылак архітэктараў з’яўляецца двор ля Гомельскага абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Двор актыўна эксплуатуецца і жыхарамі прылеглых дзевяціпавярховікаў, і наведвальнікамі цэнтра. Пры гэтым сцежкі маюць форму кола. Ці даводзілася б вам бачыць каго, хто хадзіў бы кругамі? Нават матулі з дзіцячымі вазкамі мала карыстаюцца афіцыйнымі ходнікамі. У выніку ўся тэрыторыя пакрылася сеткай вытаптаных шляхоў.

ПАРКОЎКА НА ГАЗОНЕ

Паколькі комплексна праблема паркоўкі ў жылых раёнах Гомеля не вырашаецца, такую карціну можна пабачыць у розных кутках горада. Пясок прыляпляецца да шын і потым, падчас руху, патроху асыпаецца на асфальт.

Аўто прыпаркаваныя там, дзе павінна расці трава

Каб кіроўцы перасталі паркавацца на газонах, у першую чаргу трэба стварыць больш зручныя для захоўвання аўто месцы (крытыя вялікія паркоўкі ў спальных раёнах, падземныя паркінгі з вольнымі ад аўто дварамі ў навабудах і г.д.). Для той часткі аўтааматараў, якія ўсё роўна будуць пакідаць машыны на месцы, прызначаным для раслін, бо так бліжэй, варта было б увесці практыку буйных штрафаў. Але яшчэ адно, на першы погляд відавочнае, рашэнне – стварэнне высокіх бровак, каб не было магчымасці заехаць у зялёную зону, – прымяняць нельга. Зараз вытлумачым чаму.

СТВАРЭННЕ ДАРОГІ НА НІЗКІМ УЗРОЎНІ

У савецкай практыцы горадаўладкавання прынята было дарогі ў дварах рабіць на ўзроўні, ніжэйшым за ўзровень газона. Гэта прыводзіць да таго, што зямля з адкрытага грунту падчас дажджоў трапляе на дарогі і застаецца там. Да таго ж на дарогах утвараюцца лужыны, бо высокія броўкі не даюць вадзе сцякаць у траву, а ліўнёвак у значнай колькасці гомельскіх двароў забудовы 1960–1980 гадоў не прадугледжана. А павінна быць наадварот: неаддзелены высокай броўкай газон знаходзіцца адносна дарогі на такім узроўні, каб дажджавая вада з яе сыходзіла ў траву, а з вадою сыходзіў з дарог і бруд.

Нават у мікрараёнах апошніх дзесяцігоддзяў пабудовы ўзроўні дарогі і газона часцей не заўсёды робяцца належным чынам. А пры рэканструкцыі старых двароў кладзецца новы асфальт, старыя броўкі замяняюцца новымі, але ўсё, на жаль, застаецца на сваім узроўні. Ці таму, што так танней і хутчэй, ці мо наўпрост нікому не прыходзіць у галаву, што трэба нешта мяняць.

ТРАВА ЗАМЕСТ ГАЗОНАЎ

Хіба трава і газон не адно і тое ж? Не. Сапраўдны газон пакрывае зямлю такім густым дываном, што зямля закрытая цалкам і не вымываецца дажджом. Ідэальны варыянт для гарадскога асяроддзя – заслаць паверхню адмыслова вырашчаным рулонным газонам. У нас жа – у мэтах эканоміі, канешне ж, – у лепшым выпадку кідаецца насенне і ненадоўга прыкрываецца. А часцей выкарыстоўваецца самы танны метад стварэння зялёных зон “хай само зарасце”.

Месца, дзе трава павінна вырасці самастойна. Гомель

Сапраўдны газон (ілюстратыўнае фота). Фота: www.myheronhome.com

АДСУТНАСЦЬ ПРЫСТВАЛОВЫХ РАШОТАК

Пад ценем дрэў трава можа не расці. Каб закрыць грунт даволі даўно прыдумалі прыстваловыя рашоткі. Колісь іх было багата на гомельскіх вуліцах, але цяпер яны  дэмантаваныя.

Дрэвы без прыстволавых рашотак на пр. Перамогі

Дрэвы з прыстволавымі рашоткамі, Мельбурн (ілюстратыўнае фота). Фота: citygreen.com

Кавалкі грунту, якія немагчыма закрыць рашоткай, варта засыпаць галькай, гравіем і г.д. Непрыбранае сухое лісце таксама добрае пакрыццё для супрацьдзеяння вымыванню грунту.

АДСУТНАСЦЬ ДОБРАЎЛАДКАВАННЯ СХІЛАЎ

Відавочна, што па схіле зямлі прасцей скаціцца на дарогу. Таму такія тэрыторыі ў гарадской мяжы трэба цалкам засяваць паўнавартасным газонам і мнагалетнімі раслінамі, якія б умацоўвалі грунт. Унізе ж, на мяжы тратуара і зямлі, зрабіць дрэнаж.

Такім чынам, пакуль бруд з глебы пераносіцца на дарогі дажджамі і ветрыкам, падэшвамі абутку і аўтамабільнымі шынамі, ён будзе вечным спадарожнікам нашага жыцця. І не знікне, пакуль мы не пачнём больш адказна і прадумана ставіцца да арганізацыі гарадской прасторы. Як паказвае практыка розных еўрапейскіх гарадоў, гэта задача цалкам вырашальная. Спадзяемся ў будучыні пабачыць гомельскія вуліцы чыстымі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png