“Не страшныя нам тыранствы бальшавізму”: 70-годдзе Нарыльскага паўстання

by ZB

Мінае 70 гадоў ад пачатку Нарыльскага паўстання – самага масавага і працяглага паўстання ў гісторыі ГУЛАГу, адным з лідараў якога быў беларус, ураджэнец гомельскай зямлі, Рыгор Клімовіч.

Нас не зламіць рукой раба-салдата

Свабоды кліч згінае сталь штыкоў

І не стрымаць крывавым вадаспадам

Растучы гнеў антыбальшавікоў.

(радкі з гімна Нарыльскага паўстання ў перакладзе на беларускую мову)

Вязні Горлагу

Рэпрэсіі ў часы панавання сталінскага рэжыму прывялі да паўстання вялізных канцлагерных абшараў, месцаў, дзе зняволеныя не проста адбывалі свае вялікія тэрміны, але гублялі здароўе і жыццё. Адным з такіх месцаў стаў Горлаг – адмысловы горны лагер у Нарыльску на Таймыры (Краснаярскі край), створаны ў 1948 годзе.

Зняволенымі Горлагу былі пераважна палітычныя, асуджаныя па 58-м артыкуле, так званыя “ворагі народа”, якіх прымушалі выконваць цяжкія фізічныя працы, да прыкладу, у шахтах. Канцлагер, з якога многія ніколі так і не выйшлі. Акрамя таго, турэмшчыкі Горлагу прыбягалі да непасрэдных забойстваў зняволеных. Вязні галадалі.

ПАЎСТАННЕ: ЯК ГЭТА БЫЛО

У маі 1953 года, пасля смерці Сталіна, у палітычных зняволеных з’явіўся прамень надзеі, але амаль ніхто з іх не трапіў пад амністыю або прынамсі ў менш жорсткія ўмовы ўтрымання. Гэта выклікала бунтарскія настроі сярод вязняў. Але непасрэдным штуршком да пачатку паўстання стала забойства лагернай аховай некалькі вязняў 25 мая 1953 года. Вось як узгадваў пра гэта адзін з лідараў паўстання Рыгор Клімовіч:

– Кіраўнікі нацыянальных грамадаў Горлагу раіліся ўсю ноч. Былі такія, што казалі, быццам без сэнсу пратэставаць. Але на раніцу мы пачалі каваць шаблі, рабіць гранаты, абкладаць грузавікі бетоннымі плітамі дзеля прарыву.

Паўстанне ахапіла ўсе зоны і аддзяленні Горлагу. У зонах вывешвалі лозунгі: “Свабода народам і чалавеку!”, “Свабода або смерць” і іншыя, а таксама чорны сцяг з чырвонай паласой, што сімвалізавала пралітую ў змаганні кроў. Паўстанцы адмовіліся выходзіць на працу, патрабавалі прыезду камісіі з Масквы, перагляду сваіх спраў, скарачэння 12-гадзіннага працоўнага дня.

Адчайны зварот палітычных да грамадскасці

Актыўнымі падчас паўстання былі вязні-украінцы, “заходнікі”, але таксама беларусы.

Па ацэнках Рыгора Клімовіча, у паўстанні ўзялі ўдзел больш за пяць тысяч беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты.

Сярод беларусаў-паўстанцаў быў і Мікола Конан – — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву з Глыбоччыны.

ПАЎСТАННЕ: ПАДАЎЛЕННЕ

У пачатку чэрвеня з Масквы ў Горлаг прыбыла камісія высокага ўзроўню. Аднак яе канчатковай мэтай было не выкананне патрабаванняў паўстанцаў, але задушэнне пратэсту. Хоць перамовы з вязнямі і вяліся.  “Мы адчулі не страх, а пякучую нянавісць да катаў, – узгадваў Рыгор Клімовіч. – Мы не кінуліся ўцякаць ад небяспекі, а рашуча ставалі на месцы забітых”.

У ноч на 4 жніўня 1953 года Нарыльскае паўстанне было канчаткова задушана. Пачаліся арышты, збіванні, допыты, новыя тэрміны. Некалькі гадоў таму гомельскія журналісты Мікола Бянько і Юлія Сівец запісалі ўспаміны сына Рыгора Клімовіча – Юрыя Клімовіча. Пра падаўлення паўстання ён распавядаў так:

– Зразумела, як яно было падаўленае. З гэтых успамінаў, канешне, мяне найбольш уразіла не столькі само паўстанне, колькі яго канец. Тады калону людзей у тысячы чалавек вывозілі з лагера ў Тундру. А трэба разумець, што такое Тундра ў чэрвені: гэта сантыметраў 10 вады, мох, вада. І людзей станавілі на калені. І вось поле, дзе стаіць тысяч 10 чалавек, і сотню за сотняй, тысячу за тысячай, як яны выходзяць, становяць на калені.

Нарыльскае паўстанне ахапіла перыяд з 26 мая па 4 жніўня 1953 года. Паводле афіцыйных звестак, у выніку загінула 150 чалавек (неафіцыйна называецца да 1 тысячы). Пры гэтым самі паўстанцы выяўлялі не гвалтоўны характар супраціву. Паводле архіваў, лік асуджаных, якія пратэставалі адначасова, даходзіў да 16 378 чалавек.

Паўстанне было задушанае, але ў выніку і Горлаг быў расфарміраваны. Само ж Нарыльскае паўстанне паклала “пачатак канца” рэпрэсіўнай сталінскай сістэмы.

МОЦНЫ ДУХАМ: РЫГОР КЛІМОВІЧ

Адзін з лідараў Нарыльскага паўстання, аўтар паўстанцкага гімна, Рыгор Клімовіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Шляхецкая Ваколіца, сёння гэта вёска Цярэшкавічы Гомельскай вобласці (у расійскіх крыніцах у 1926 г.). Паходзіў са шляхецкай сям’і, з Клімовічаў-Цераніцкіх. Паводле ўспамінаў Рыгора Клімовіча, яшчэ ў дзяцінстве ён чытаў беларускія кніжкі, што не прайшлі цэнзуры, і гэта паспрыяла яго далучэнню да беларускай ідэі. Паступіў ў Гомельскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, у якім вучыўся да пачатку вайны.

Адзін з кіраўнікоў Нарыльскага паўстання Рыгор Клімовіч

 

З маладосці Рыгор Клімовіч пісаў вершы. Узгадвае яго сын Юрый Клімовіч:

– Пісаў вершы, прычым дапісаўся да таго, што запрасілі яго на дачу Янкі Купалы. І ён паехаў у шэрагу некалькіх маладых хлопцаў і дзяўчат. Ну там якая сустрэча была: прывялі іх, пасадзілі, слухаў-слухаў Купала іх вершы, а потым кажа, што “хадземце гарбату піць”. І потым жонка Купалава частавала іх сочывам. Аб надвор’і гаварылі. 39-40 год, аб чым там можна гаварыць? Толькі аб надвор’і, і Купала гэта таксама выдатна разумеў.

У 1943 годзе Рыгор Клімовіч быў арыштаваны і асуджаны на 10 год за тое, што быў пад акупацыяй. Пасля яму прысудзілі яшчэ 15 год – за напісаныя падчас зняволення вершы. Так ён трапіў у Горлаг, дзе пазней стаў адным з кіраўнікоў паўстання. Яго ўзгадвалі як дзёрзкага, здольнага ісці на рызыку чалавека.

Упершыню інфармацыя пра Нарыльскае паўстанне адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве на сусветным Кангрэсе ўкраінскіх палітзняволеных. Тады ж упершыню быў публічна названы і аўтар гімна паўстанцаў “Не страшны нам тиранства большевизма” – Рыгор Клімовіч, яго пазнаў адзін з былых вязняў. Гімн быў напісаны ўжо пасля задушэння паўстання.

Пасля вызвалення (быў у зняволенні да 1956 года) Рыгор Клімовіч вярнуўся на радзіму. Яго імя стала шырока вядомым сярод ветэранаў ГУЛАГу. Напісаў успаміны “Канец Горлагу”. У сваёй публікацыі “Паўстанне духу” ён адзначыў: “Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль не ведаюць пра паўстанне, у якім беларусаў загінула больш, чым зняволеных іншых нацыянальнасцей”.

Рыгор Клімовіч памёр 1 ліпеня 2000 года ў Гомелі, маючы 75 гадоў, і застаючыся шчырым патрыётам. Усе гады пасля вызвалення ён пражыў пад наглядам спецслужбаў.

Штодзень

Фота: homsk.com, be.wikipedia.org

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png