Дацягнуўся да Месяца: як нараджэнец Гомельшчыны ствараў месяцаход

by ZB

Беларус Васіль Старавойтаў разам з нараджэнцам украінскага Жытоміра Сяргеем Каралёвым працаваў над стварэннем месяцахода. І ў выніку стаў аўтарам 18 вынаходак, многія з якіх да гэтага часу трымаюцца ў сакрэце.

Васіль Старавойтаў нарадзіўся 21 студзеня 1919 года ў вёсцы Марозавічы Буда-Кашалёўскага раёна ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Гомелі. У 1941 годзе скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Баўмана – адна з самых знакамітых савецкіх навучальных устаноў.

Васіль Старавойтаў

На фронт не ўзялі, пайшоў працаваць на Чэлябінскі трактарны завод, на якім акурат і разгортвалася вытворчасць легендарных Т-34 і самаходных артылерыйскіх установак СУ-152.

Толькі за 4 гады Васіль Старавойтаў прымудрыўся вырасці ад канструктара да начальніка канструктарскай групы танкавага ўзбраення. Без перабольшанняў, у тым, што Т-34 стаў лепшым танкам Другой сусветнай, была і заслуга Старавойтава.

Цягам часу канструктар сышоў працаваць у Канструктарскае бюро Наркамата танкавай прамысловасці ў Ленінградзе. Пры ім заводскае КБ ператварылася ў вядучы навукова-даследчы інстытут саюзнага значэння, які ў 1960 годзе Старавойтаў і ўзначаліў.

Менавіта да яго з праектам месяцахода звярнуўся канструктар ракетна-касмічнай тэхнікі Сяргей Каралёў. Ён быў шмат чуў пра заслугі Старавойтава і цвёрда вырашыў, што хадавую частку хоча рабіць менавіта з «піцерскімі танкістамі» пад кіраўніцтвам Старавойтава.

У тым, што Т-34 стаў лепшым танкам Другой сусветнай, была і заслуга Старавойтава

Логіка і ўжо існуючы ў 1964 годзе макет месяцахода ўказвалі на карысць гусеніц. У пачатку 60-х гадоў аб месячным грунце мелі вельмі смутны ўяўленне. Лічылі, што паверхня месяца падобная на нейкую багну з мясцовага пылу.

Зацвердзіць эскізны праект месяцахода Каралёў не паспеў. Прадчуваючы смерць, перадаў зачыны свайго ОКБ – 1 у канструктарскае бюро Георгія Бабакіна. З наказам: “Эскізны праект глядзець трэба. Дапамагаць ВНДІ-100 (яго ўзначальваў Старавойтаў-Рэд.) таксама трэба”.

Галоўным канструктарам шасі месяцахода Старавойтаў прызначыў Аляксандра Кемурджыяна. Ім дапамагалі Астрасавет у Маскве, радыёфізічны інстытут у Ніжнім Ноўгарадзе, Пулкаўская і Крымская абсерваторыі, армянскія геолагі (яны сабралі два вагоны туфаў, падобных, на думку астраномаў, на месяцовыя камяні), веласіпедны завод у Харкаве, дзе рабілі спіцы і балансавалі колы месяцахода…

Васіль Старавойтаў у коле сям’і

Праца кіпела ўдзень і ноч. Амаль стварыўшы гусенічны варыянт, вырашылі ад яго ўсе ж адмовіцца: у гусеніцы адно вядучае кола, а канструктары вырашылі, што іх павінна быць восем.

Для выпрабаванняў шасі стварылі палігоны пад Ленінградам, Сімферопалем і нават на Камчатцы, недалёка ад вулкана Шывелуч, якія называлі месяцадромамі. У выніку дамагліся таго, што колы праязджалі да 100 кіламетраў.

17 лістапада 1970 года «Месяцаход-1» з’ехаў з пасадачнай прыступкі на паверхню спадарожніка Зямлі і прапрацаваў там дзесяць з паловай месяцаў, прайшоўшы па Месяцы 10,5 кіламетра.

Падобных касмічных апаратаў у той час не было нават у амерыканцаў. У 1971 годзе Васіля Старавойтава ўзнагародзілі Залатым медалём імя Каралёва.

Эксперты ўпэўненыя: шмат з таго, што распрацоўвалася пад кіраўніцтвам Старавойтава, яшчэ чакае апісання будучых гісторыкаў навукі і тэхнікі. У тым ліку ўнікальны апарат СТР-1, які працаваў на даху трэцяга энергаблока Чарнобыльскай АЭС пасля катастрофы, і многія іншыя навуковыя працы і вынаходкі Старавойтава, якія дагэтуль засакрэчаныя.

Штодзень
Фота: “Інфармацыйны выпуск да 100-годдзя Васіля Старавойтава”

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png