У Гомелі зноў выкідаюць грошы на петуніі

by homieldays

Пачатак вясны – час актыўнай падрыхтоўкі Гомеля да зялёнага сезона. Гарадскімі ўладамі ўжо анансавана аб 500 000 кветак, што сёлета павінны ўпрыгожыць нашыя вуліцы, паркі і скверы. Такой навіне можна было б толькі ўзрадавацца, каб не адзінае, ды даволі сур’ёзнае “але”: пераважная большасць гэтых кветак – петуніі.

Працаўніца “Зелянбуда” палівае кветкі ля “Гіпа”. Фота: belkagomel.by

 

Што ў гэтым дрэннага? Па-першае, гэтая расліна жыве на клумбах адзін сезон, то бок штогод трэба выдаткаваць шмат грошай, каб узгадаваць і пасадзіць кветкі. Па-другое, яна патрабуе больш вады, чым значная колькасць іншых раслін, таму як да клумб, так і падвесных канструкцый, раскіданых па ўсім Гомелі, трэба штодня накіроўваць палівачную машыну. Гэта зноў выдаткі. Па-трэцяе, петуніі дрэнна пераносяць рэгулярныя праявы кліматычнай нестабільнасці, характэрныя для Гомельшчыны ў апошнія дзесяцігоддзі. Надвор’е непрадказальнае: то звышактыўнае сонца, то зацяжныя дажджы, то моцныя вятрыскі. Петуніі на клумбах яшчэ могуць неяк да гэтага прыстасавацца, а вось расліны ў падвесных кашпо хутка губляюць прыдатны выгляд. Так у мінулым годзе металаканструкцыі з петуніямі насупраць Белтэлекама (на пр. Леніна) былі ўсталяваныя недзе ў сярэдзіне лета. Але да канца сезона кветкі не дажылі, двойчы даводзілася іх выкідаць і саджаць новыя.

Канешне ж, мы не прапаноўваем зусім адмовіцца ад кветак. Расліны на гомельскіх вуліцах неабходны і як дэкаратыўны элемент, і як паляпшальнікі паветра. Але, напэўна, прыйшоў час разбурыць гомельскі стэрэатып пра тое, што петунія – адзіная вулічная кветка. Раслінны сусвет вельмі багаты і разнастайны. Можна падабраць мнагалетнікі, якія зробяць выгляд горада больш разнастайным і дазволяць сэканоміць на вырошчванні і даглядзе.

Клумба са шматгадовымі раслінамі. Друскенікі, Літва. Фота: www.123rf.com

 

Некалькі дзесяцігоддзяў таму на гомельскіх вуліцах было куды болей традыцыйных бэзу і шыпшыны (у дварах яны і зараз засталіся, іх ніхто не стрыжэ і не палівае, але яны штогод радуюць прыгожымі кветкамі). Камусьці гэтыя расліны могуць падацца занадта банальнымі, але падлічыце, колькі кіслароду выпрацуе адзін такі куст у параўнанні нават не з адной, а з пяццю-дзесяццю петуніямі!

Кавалачак бэзавых насаджэнняў па вул. Катуніна, які цудам захаваўся

 

Узімку адналетнікаў няма, і вуліцы выглядаюць шэрымі і няўтульнымі. Частка ж мнагалетнікаў здольная цешыць вока круглы год. Куды менш дагляду, чым петуніі, патрабуе лаванда, барбарыс, асака, ядловец і г.д. Можа, гэтыя расліны і не буяюць кветкамі ўвесь сезон, затое ачышчаюць паветра непараўнальна лепш за петуніі.

Люпін – шматгадовая кветка з абочын беларускіх трас – можа ўпрыгожыць любую клумбу. Фота: https://waterwisegardenplanner.org/wp-content/uploads/2016/12/08164432/Lupinus-excubitus.jpg

 

Мнагалетнікі могуць знайсці сваё месца не толькі на клумбах, але і ў вертыкальным азеляненні. Адна з візітных картак Гродна – увіты плюшчом універсітэцкі будынак. (Традыцыйны спосаб пасадкі плюшчу аказвае разбуральнае ўздзеянне на сцены і падмурак, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырошчваць расліны на фасадзе без шкоды будынку). Плюшч не квітнее так, як петуніі, але хіба не выклікае такі краявід захаплення буяннем колераў?! Параўнайма выгляд гэтага будынка з адной з гомельскіх канструкцый з петуніямі. Розніца ў эстэтыцы відавочная…

Будынак універсітэта ім. Янкі Купалы ў Гродна. Фота: https://www.grsu.by/component/k2/item/27364-ulybajtes-vas-snimayut-v-ob-ektive-grgu-imeni-yanki-kupaly.html

 

Пластыкава-металічныя канструкцыі на пр. Леніна. Фота: https://krasnayagvozdika.by/portfolios/rabota-2

 

Яшчэ адна, даволі нечаканая, праблема адналетнікаў, пра якую хацелася б пагутарыць, – адкрытая глеба на клумбах як крыніца бруду на гарадскіх вуліцах. Вы ніколі не задумваліся, чаму ў еўрапейскіх краінах вуліцы чыстыя, а на постсавецкай прасторы патанаюць у брудзе? Справа не ў колькасці дворнікаў, а ў разумнай арганізацыі гарадской прасторы. Бо бруд не толькі ўзімку, калі пясок шчодра шпурляецца кілаграмамі без патрэбы. Брудам ходнікі і дарогі насычаюцца і ў цёплы час, бо адкрыты грунт не ахоўваецца належным чынам (справа, канешне, не толькі ў клумбах, але гэта, на думку ўрбаністаў, адна з крыніц забруджвання). Вось як выглядаюць тыповыя клумбы з адналетнімі раслінамі:

Клумба ля Гомельскага драматычнага тэатра. Фота: krasnayagvozdika.by

 

Што мы тут бачым? Грунт адкрыты, значыцца, дождж і вецер могуць спрыяць разносу бруду па навакольным асяроддзі. Да таго ж зямля з клумбы прасыпаецца на ходнік і без непагадзі, бо яе ўзровень вышэйшы за дарогу, ёсць схіл, але ўскраек ніяк не абаронены.

Што ж рабіць у такіх выпадках? Прывядзём некалькі прыкладаў належнай арганізацыі тэрыторый з зелянінай. На здымку – горад Варшава, з вельмі падобным да беларускага кліматам. Мнагалетнікі разрастаюцца такім чынам, што зямлі не відаць. Да таго ж звярніце ўвагу на прывабны выгляд раслін у лістападзе, калі гомельскія петуніі даўно ўжо вывезеныя на сметніцу.

Вось як абаронены край клумбы ў адным з гарадоў ЗША. Але, пагадзіцеся, умацоўваць перыметр гравіем мае сэнс тады, калі на клумбе мнагалетнікі. Штогод прыбіраць камяні, каб перасадзіць расліны, — не лепшы варыянт.

Фота: https://tema.livejournal.com/1620372.html

 

Сучасная ўрбаністыка патрабуе арганізацыі гарадской прасторы ў адпаведнасці з правілам трох “Э”: эстэтычнасці, экалагічнасці, эканамічнасці Аздабленне прасторы менавіта мнагалетнімі раслінамі цалкам адпавядае гэтым крытэрыям. Спадзяваемся пабачыць на гомельскіх вуліцах больш шматгадовых раслін у наступныя гады.

Мнагалетнія кветкі ў Новавалынску (Украіна). Фота: https://telegra.ph/Zam%D1%96na-odnor%D1%96chnim-roslinam-chi-mozhlivo-03-07

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png