Як стала вядома, будынкі Камбіната хлебапрадуктаў і былога Сударамонтнага завода разам з прылеглай тэрыторыяй былі прададзеныя кітайскай кампаніі «Пекінска-Мінская кампанія па развіццю нерухомасці “БіЮСіСі” за 52 млн. бел. руб.
Інвестар, які ўжо больш за 10 год актыўна займаецца будаўніцтвам у сталіцы РБ, вырашыў сварыць у абласным цэнтры рэкрэацыйна-гандлёвую зону. Некаторыя дэталі праекту ўжо можна пабачыць на сайце Гомельаблмаёмасці. Распавядзём пра самыя цікавыя моманты.
ХАБ АЛІЭКСПРЭС
Верхнія паверхі будынка (каля 150 тыс. м2) будуць адведзены пад рознічныя крамы кітайскіх тавараў, што прадаюцца на вядомай анлайн-пляцоўцы. Такім чынам, у гомельцаў з’явіцца магчымасць набыць недарагія вопратку, абутак, тавары для дома з прымеркай і без доўгага чакання. Але цэны будуць на 20% вышэйшыя з-за ПДВ.
Плануецца правесці конкурс для выбару беларускіх турыстычных кампаній, якія арганізавалі б рэгулярныя шоп-туры ў гандлёвы цэнтр для жыхароў іншых абласцей і памежных Браншчыны і Смаленшчыны.
На першым паверсе плануецца размясціць каворкінгавыя пляцоўкі і арт-прастору. Вядуцца перамовы з Веткаўскім музеем, які прапанаваў адкрыць там рамесніцкія воркшопы і сталую выставу гомельскіх ліштваў, якіх у фондах музея назбіралася нямала. Таксама аб жаданні ў будучыні змяніць лакацыю заявіла арт-прастора “Зялёны дом”.
РЭСТАРАЦЫЯ ВЫСОКАЙ КУХНІ “КОСМАС”
Трубы элеватара будуць перабудаваныя часткова ў рэстарацыю, часткова ў гасцінічныя нумары. Паколькі такія памяшканні непазбежна будуць мець праблемы з інсаляцыяй, абрана канцэпцыя касмічнай тэматыкі, наведвальнікі будуць пачуваць сябе нібыта ў адсеках касмічнага карабля. На кожным паверсе размесціцца адзін пакой, патрапіць у які можна будзе пры дапамозе ліфта. Замовіць ежу можна будзе без афіцыянта – праз сэнсарны манітор.
Гэткі праект нельга назваць унікальным. Наданне новага жыцця элеватарам – трэндавая тэма ў Заходняй Еўропе, асабліва ў скандынаўскіх краінах. Але прыемна, што першы такі эксперымент у Беларусі, будзе мець месца ў Гомелі.
ГАТЭЛЬ З ПІВАПРАВОДАМ
Як распавялі Штодню супрацоўнікі Сожскага хаба (не хвалюйцеся, вашая ўлюбёная лакацыя не знікне), абавязковай умовай продажу тэрыторыі было захаванне тут ужо існуючых прадпрыемстваў. У гомельскіх бізнесменаў была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з праектам кітайскага інвестара. Падчас абмеркаванняў нарадзілася цікавая ідэя, якая можа стаць сапраўднай турыстычнай цікавосткай. Некалькі былых прамысловых будынкаў з чырвонай цэглы запланавана зрабіць лофтамі. Частка кватэр будзе прададзена. Частка – прыстасавана пад гатэль, да якога падвядуць… піваправод. Праект яшчэ знаходзіцца на стадыі абмеркавання, але ўжо вядома, што забаранаваць жыллё можна будзе толькі па пашпарце (асобам, старэйшым за 18 год). Перад засяленнем трэба будзе прайсці абавязковы інструктаж па тэхніцы бяспекі (не такая гэта лёгкая справа, наліваць піва ў куфель). Праз спецыяльны мабільны дадатак госць зможа ўсталяваць ліміты спажывання піва (калі перавысіць ліміт, падача піва спыніцца), да дадатку трэба будзе прывязаць банкаўскую картку, сродкаў на ёй павінна хапаць на аплату азначанага ліміту.
СМЕЦЦЕПЕРАПРАЦОЎЧЫ ЗАВОД
Там, дзе зараз месцяцца груды рэшткаў караблёў, узвядуць высокатэхналагічны і цалкам бяспечны для экалогіі завод па перапрацоўцы смецця па праекце бразільскага архітэктара Пайяса Тонты. Па гэтым праекце ўжо пабудаваны аналагічныя заводы ў багністай мясцовасці ў Бразіліі, на астраўных мястэчках Tranebjerg (Данія) і Kållekärr (Швецыя). Таму праект з лёгкасцю можна будзе дапасаваць да тэрыторыі, што знаходзіцца побач з воднымі аб’ектамі. Каб падкрэсліць бяспечнасць праекту для навакольнага асяроддзя, на даху плануецца размясціць тэнісны корт і дзіцячую пляцоўку.
На дадзены момант вядзецца прыём прапаноў, што яшчэ гомельцы пажадалі б бачыць на рэанімаванай пляцоўцы. Як паведамляцца, у чат-бот кіраўніка гарвыканкама ўжо паступіла некалькі цікавых прапаноў: усталяваць статую кракадзіла (пра тое, як гомельскі гісторык знайшоў у архівах узгадку пра асабістага кракадзіла Гомельскага старасты Міхаіла Радзівіла, чытайце тут. стварэнне алеі ў гонар Шабунеўскага, адкрыццё кавярні пад назвай “Гомельскае метро” і іншае. Падаць прапанову можа кожны.
Кітайскія інвестары абяцаюць даць дэталёвы праект рэнавацыі ўжо напрыканцы дзейснага года. Скочыць будаўніцтва плануецца да 2026 г.