“Эдуард ніколі не мог заплюшчыць вочы на несправядлівасць”. Загінулага пад Бахмутам беларускага ваяра згадвае ягоны гомельскі сябар

by homieldays

У Варшаве хаваюць загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава. “Штодзень” згадаў разам з ягоным найлепшым сябрам Андрусём Цянутам (гомельскі актывіст) пра тое, якім быў Эдуард.

Эдуард Лобаў і Андрусь Цянюта. Фота: са старонкі Андруся Цянюту ў Фэйсбук.

 

Штодзень: Як вы пазнаёміліся?

Андрусь Цянюта: Мы пазнаёміліся, калі мяне перавялі ў 103-ю Вiцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Мы сышліся на нацыянальных каштоўнасцях. Эдзік заўважыў, што я іду супраць рэжыму, размаўляю па-беларуску, гэта яго зацікавіла. Ён на той момант шукаў сябе і не размаўляў яшчэ па-беларуску, але бы прыхільны да Беларушчыны. Калі мяне скіравалі ў частку, там ужо ўсе добра ведалі, што палітпрызыўніка накіравалі ў вайсковую адзінку. Ён сам падышоў да мяне. І сказаў, што ўсіх папярэдзілі наконт мяне і што кожны можа даносіць на мяне.

Штодзень: Якім Эдуард быў чалавека?

Андрусь Цянюта: Ён быў адданым сябрам. Згадваецца выпадак з беларускага войска. Мяне тады за ўдзел у выбарах мясцовых саветаў саслалі на гаўптвахту. У знак нязгоды з гэтым Эдзік расклеіў улёткі на тэрыторыі вайсковай часткі і па-за яе межамі з інфармацыяй пра вайсковае беззаконне. Эдуард ведаў, што за такі ўчынак ён таксама паедзе на гаўптвахту ўслед за мной, але Эдуард ніколі не мог заплюшчыць вочы на несправядлівасць. Ён ведаў, што паедзе наступным пасля мяне, але гэта яго не спыніла. Улёткі яму нехта надрукаваў. За гэтыя ўлёткі ён на 10 сутак патрапіў на гаўптвахту.

А яшчэ, калі я прыязджаў у Мінск у 4 раніцы, ён заўжды мяне сустракаў. Тады аўтобусы так рана не хадзілі, і ён пешшу ішоў з дому, каб мяне сустрэць. А ён жыў у Мінску не ў цэнтры, а ў Малінаўцы. То бок яму доўга было ісці, каб мяне сустрэць.

Ён заўжды хацеў быць вайскоўцам, хацеў быць беларускім афіцэрам. Але разумеў, што войска мусіць быць нацыянальным, а не такім як цяпер – філіялам расейскага войска. Ён ведаў усе тактыка-тэхнічныя характарыстыкі амаль усёй зброі на памяць.

Эдуард Лобаў быў упарты і прынцыповы. Верыў у Бога і дэмакратычныя каштоўнасці, марыў змяніць увесь свет да лепшага. Беларускі рэжым баяўся такога рашучага і адкрытага чалавека, па гэтаму амаль адразу пасля службы ў войску Эдуарда кінулі за краты на 4 гады. Эдуард Лобаў тры разы адмаўляўся пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні і на волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. (Эдуарда Лобава затрымамлі 18 снежня 2010, пасля чаго асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. – Заўв. рэд.)

Фота са старонкі Андруся Цянюты ў Фэйсбук.

 

Штодзень: Чаму ён вырашыў паехаць ваяваць ва Украіну?

Андрусь Цянюта: Ён быў шчырым патрыётам. І разумеў, што гэта і нашая вайна таксама, бо без незалежнай Украіны не будзе незалежнай Беларусі. Ён пайшоў абараняць украінскіх мірных грамадзян ад расейскай агрэсіі.

З 2015 па 2017 Эдуард быў добраахвотнікам. У 2017 годзе, калі ва ўкраінскае войска дазволілі набіраць замежнікаў, падпісаў на тры гады кантракт у 8-ы асобны полк спецыяльнага прызначэння ў Хмяльніцкім. Улетку 2020 года падпісаў кантракт у 72-ю механізаваную брыгаду “Чорных Запарожцаў”.

Штодзень: Ці з’яўляецца стратай для Беларусі ягоная смерць?

Андрусь Цянюта: Гэта вельмі вялікая страта, бо ён мог быць дасведчаным беларускім афіцэрам у будучым беларускім войску, нацыянальна арыентаваным. Ён быў палітыкам і патрыётам. Такіх мала людзей.

А яшчэ ён быў маім найлепшым сябрам. Для мяне гэта страта.

Штодзень: Ці памятаеш апошнюю размову, пра што размаўлялі.

Андрусь Цянюта: Апошні раз стэлефаноўваліся, калі ён быў у Чарнобылі. Яны выбілі расейскія войскі з той тэрыторыі. І пакуль іх не перакінулі на новы ўчастак фронту ў Бахмут, у яго было трохі вольнага часу. Мы абмяркоўвалі палітыку, асабістае жыццё. Згадвалі старыя прыгоды.

Штодзень: Якая ў яго была ацэнка бягучай палітычнай сітуацыі.

Андрусь Цянюта: Ён заўжды быў упэўнены, што Беларусь можа змяніць нацыянальная сіла. І ён верыў у перамены. І быў упэўнены, што перамены адбудуцца. І верыў, што Беларусь будзе нацыянальнай дзяржавай.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png