Алёна Шаўлоўская – фатографка з Рэчыцы. Ейныя фота друкаваліся на старонках сусветна вядомых часопісаў і досыць запамінальныя. Сама яна свае працы эпатажнымі не лічыць, а тлумачыць, што калі на ейных здымках ёсць элементы вар’яцтва, душэўныя хваробы ці нешта як бы непрыемнае вачам, – гэта проста яе адкрыты шчыры позірк на жыццё. “Штодзень” паразмаўляў з Алёнай пра тое, як успрымаюць сваякі яе фотаработы, ці фатаграфуе яна коцікаў і ці лічыць яна сябе аптымістам.
“Штодзень”: Адкуль прыйшло захапленне фатаграфіяй?
Алёна Шаўлоўская: Захапленне фота з дзяцінства. Бацька быў аматар, займаўся слайдамі. Дома на праектары глядзелі сямейныя здымкі, для мяне гэта было дзівосна! У 15 год бацька аддаў мне свой “Зеніт”, я пачала здымаць на стужку, хоць у многіх ужо былі лічбавыя “мыльніцы”. Так і “падсела”!
Ёсць яшчэ адзін бок маёй любові да фатаграфіі – гэта мадэлінг. Я сама часта фатаграфуюся. На шчасце, у мяне ёсць таленавітыя калегі, з якімі мы вельмі сябруем. Мне нават прыйшлося зрабіць асобны акаўнт у інстаграм, бо лічу некарэктным занадта часта выкладаць здымкі, дзе я ў якасці мадэлі, на старонцы-прэзентацыі сябе як творчага фатографа.
“Штодзень”: Што цябе натхняе?
Алёна Шаўлоўская: Творчыя фотапраекты патрабуюць вялікіх намаганняў. Заўсёды збіраецца візуальная інфармацыя: сацсеткі, pinterest, інтэрнэт-прастора. Для мяне cпачатку вельмі важна бачыць, што я імкнуся атрымаць на выхадзе. Досвед паказаў, што ніколі не будзе так, як на сабраных карцінках, але такая візуальная база робіць работу больш зладжанай, мэтавай. Больш за тое. гэта і ідэі наконт аксесуараў, лакацый, вопраткі, макіяжу. Дарэчы, раней я запрашала дапамагаць візажыстаў, але намаганні па арганізацыі і планаванні часу ўсё адно былі на мне. Аднаму чалавеку цяжка арганізаваць каманду, пракантраляваць і яшчэ зрабіць выдатныя здымкі. Часам я ўзгадваю і не ведаю, як давала рады! Мне гэта каштавала нерваў! Зараз я раблю пераважна ўсё сама. І часцей здымаю дома нешта больш простае, таму што, шчыра кажучы, стамілася.
“Штодзень”: Дзе публікаваліся твае фотаздымкі?
Алёна Шаўлоўская: Мае фотаздымкі з 2020 года друкаваліся ў многіх часопісах, гэта асобны сусвет. Ёсць фарматы “прынт”, “вэб”, “дзіджытал”. Канешне, больш прыемны прынт, у мяне каля 15 праектаў надрукавана, але сэнс, калі ты нават выкупіць часопіс не здольны? Мне падабаюцца праекты італьянскіх Vogue і Іconic, туды раз у тыдзень можна адправіць 2 здымкі на свой густ і атрымаць публікацыю, ці не атрымаць. У гэтых праектах прымаюць удзел фатографы ўсяго свету, вельмі прыемна бачыць свае работы з такімі гучнымі лагатыпамі. Дарэчы, часта пытаюць: а што за гэта плацяць? Нічога. Таму гэта ўжо амбіцыі фатографа як творчай адзінкі. І многія не жадаюць страчваць на гэта час.
З друкаванымі серыямі наогул цікава: калі рэдакцыя прымае рашэнне, што твой фотаздымак годны на вокладку, яны прапануюць яе выкупіць! 15, 30, 50 долараў. У залежнасці ад часопіса. Я, канешне, не пагаджалася. Адзін часопіс надрукаваў бясплатна, гэта Піцерскі “Ossma”.
“Штодзень”: Ёсць нейкая ідэя, якую ты хочаш данесці сваёй фотатворчасцю, альбо гэта проста эпатаж?
Алёна Шаўлоўская: Я наогул не ўяўляю, як мае работы можна назваць эпатажам. Як я сама ацэньваю? Я заўсёды раблю ці прыгожа, ці праўду. А ўжо тое, як сам глядач ставіцца да нейкіх з’яў, рэчаў, якія існуюць, – гэта асабістая прызма.
Не скажу, напрыклад, што самагубства – гэта добра і прыгожа, гэта жахліва. Але гэта ёсць. Творца абавязаны быць аб’ектыўным.
Таму, калі на маіх здымках ёсць элементы вар’яцтва, душэўныя хваробы ці нешта як бы непрыемнае вачам, – гэта проста мой адкрыты шчыры позірк на жыццё.
“Штодзень”: Ты лічыш сябе песімістам ці аптымістам?
Алёна Шаўлоўская: Я аптымістычны рэаліст. За творчае жыццё я рознае пра сябе чула: былі жанчыны, якія пісалі, што ім мяне шкада, што ў мяне, відаць, нешта з галавою, што мне трэба пайсці да псіхолага і па ўсім відаць, што я ў дэпрэсіі. Мне ад гэтага смешна. Людзі, з якімі я сябрую (а вельмі часта гэта як раз тыя, хто адзін раз прыйшоў на фотасесію), дакладна скажуць, што маёй энергіі і любові да жыцця можна толькі пазайздросціць. У мяне вельмі рэдка нават дрэнны настрой, не тое што дэпрэсія. Мне няма на гэта часу, таму што занадта цікава жыць!
“Штодзень”: Як твае блізкія і знаёмыя ўспрымаюць твой стыль? Не было парадаў кшталту: здымі якіх-небудзь коцікаў?
Алёна Шаўлоўская: Знаёмыя адносяцца па-рознаму. Некаторыя кажуць, што ім падабаецца, але яна самі, напрыклад, такі здымак не хацелі б. Я да гэтага стаўлюся больш чым нармальна! Чалавеку не абавязаны падабацца мой стыль, ці нейкая канкрэтная задумка. Але калі прыходзіць нехта са сваёй ідэяй –я стараюся зразумець і паняць для сябе: цікава мне гэта? Хацела б я гэта зняць? Часта мы проста шукаем кампраміс, я магу нешта падказаць, прапанаваць.
Многія знаёмыя пытаюць, чаму я не здымаю “на паток”. Гэта ўсё ж такі грошы. Але я як падумаю, што буду працаваць з нечым безгустоўным, “калгасным” (кшталту здымкаў пад елкай ў студыі з бутафорскімі падарункавымі скрынкамі), мне становіцца так моташна, што і грошай не жадаю!
Не ўсё ў свеце гэта грошы! Ёсць яшчэ задавальненне ад сябе, сваёй работы, дрыжыкі, калі ты апрацоўваеш фотку і разумееш, што яна класная, годная, арыгінальная. Унутры нейкая хімія адбываецца, выкідванне гармонаў шчасця. Я вельмі ад гэтага залежу, больш чым ад грошай.
Даведка. Працы Алёны Шаўлоўскай удзельнічалі ў міжнародных выставах. Сярод якіх – “Свет вачыма жанчын”, “Мы з Беларусі”. У Рэчыцы Алёна ўдзельнічала ў сумесным арт-праекце “Мама дарагая” з дызайнерам Наталляй Кастрамой-Андрэюк. А таксама яе працы былі прадстаўленыя на сумеснай выставе “Зазеркалье” з Раманам Левіным, які прывёз здымкі Нью-Ёрка – адлюстраванні ў вітрынах крам, луж.
Штодзень
Фота: прадстаўленыя Алёнай Шаўлоўскай