Куцця, круп’янка, піражкі з дзікімі грушамі. – Што гатуюць беларусы на Каляды

by homieldays

Каляды працягваюцца. Не ведаеце, што прыгатаваць у гэтыя святочныя дні? Самы час звярнуцца да беларускіх традыцыяў. Нашыя чытачы падзяліліся рэцэптамі калядных страваў.

Рэцэпты Лоеўшчыны

“У вёсцы Абакумы, што на Лоеўшчыне, на Раство гатавалі ў асноўным мясныя стравы: сальцісон, каўбасы і г.д. Я думаю, што вось гэтая страва цікавая. Яна называецца “круп’янка”. Гатуюць як наступным чынам: надранай на тарцы бульбай з дабаўленнем сала начыняюць свіныя кішкі, а потым абсмажваюць на тлушчы на патэльні.

Яшчэ гатавалі піражкі з начынкай з сухіх дзікіх груш: грушы замочвалі, каб яны сталі мяккія, потым перакручвалі на мясарубцы, дабаўлялі мёд ці цукар. Цеста гатуецца як звычайна: на дражджах з дабаўленнем малака, потым апару ў дзежцы ставяць на цёплую печ, накрываюць палатняным ручніком, каб падышло. Потым дабаўляюць яйкі, масла, цукар, вымешваюць і лепяць піражкі. Печ падрыхтоўваюць загадзя: калі яна вытапіцца, разграбаюць вуглі і ставяць процівень на металічную трыногу і выпякаюць. І, канешне, назіраюць, каб не пагарэлі. Вось і ўсё. На жаль, мы такое ўжо не гатуем.”

Куцця і наліснікі з каўбасамі

“У нас дзве канфесіі ў сям’і: грэка-каталікі і праваслаўныя. Мы святкуем абодва Раства. У гэтыя дні абавязкова на стале стаіць куцця. Пэўны час рабілі класічную куццю на аснове ячных круп. Крупы за дзень-два трэба замачыць, каб сталі мяккімі, праварыць у кіпню троху, але не даварыць да канца. Затым дадаць маку, мёду, разынак. Разынкі трэба асобна замачыць, каб яны размоклі, ачысціліся. Усё гэта перамешваем, крыху падсольваем. І ставім у духоўку дапарваць – атрымліваецца класічная, вельмі смачная куцця. Але зусім нядаўна ад сваёй бабулі я даведалася, што ў ейным дзяцінстве куцця была рысавая. Мая бабуля была 1930 года нараджэння, вёска знаходзілася ў 14 км ад горада, сваёй крамы там не было. І атрымлівалася, што ячныя крупы былі паўсядзённымі. А рысавыя былі экзатычнымі. Таму іх да гэтага свята, відаць, прымяркоўвалі. І вось у гонар памяці маёй бабулі, якая адышлі паўтара года таму, я стаўлю рысавую куццю.

А другая страва абавязковая ў нашай сям’і: на праваслаўнае Раство, але на ранак 7 студзеня, калі людзі разгаўляліся і маглі есці ежу жывёльнага паходжання. Мая маці з дзяцінства памятае, што яе бабуля, мая прабабця, гатавала наліснікі, тонкія блінцы. І абавязкова запякала каўбасы пальцам пханыя. І штогод 7 студзеня мая матуля па памяці з дзяцінства робіць блінцы: мука, малако, яйка. І каўбасы.”

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png