HomelDays_Logo_Main-mobil

“Горшых дарог няма нідзе ў Беларусі”. Мазырчукі абмяркоўваюць ямы, якія перажылі змену кіраўніка

Жыхар Мазыра параўнаў дарогі роднага горада з іншымі беларускімі гарадамі і прыйшоў да несуцяшальнай высновы: дома — найгоршыя. У Threads яго падтрымалі іншыя аўтамабілісты і таксістка, якая чуе падобныя ацэнкі ад гасцей горада. Праўда, знайшліся і тыя, хто прапануе не спяшацца аддаваць Мазыру пяршынства: у Калінкавічах і на другарадных вуліцах Мінска таксама ёсць на што паскардзіцца.

Ілюстрацыйная выява. Фота: glaza.info

Аўтар допісу расказаў, што за апошні тыдзень праехаў шмат беларускіх гарадоў. Раней ён пераважна выбіраўся ў Мінск і думаў, што па-за сталіцай стан асфальту прыкладна такі ж, як у Мазыры. Паездкі змянілі ягонае ўяўленне.

“Я люблю свой горад, вельмі маляўнічы і ўнікальны ў Беларусі. Але мяне здзівіла, што самыя агідныя і разбітыя дарогі менавіта ў маім Мазыры. Патлумачце, чаму менавіта ў Мазыры такія дрэнныя дарогі? Яма на яме, і асфальт няроўны”, — напісаў ён.

“Працую ў таксі — госці горада кажуць тое самае”

Адна з удзельніц дыскусіі расказала, што падобныя ўражанні чула ад пасажыраў.

“Я працую ў таксі, і шмат хто кажа, што такіх дарог, як у нас, няма нідзе ў Беларусі. Я маю на ўвазе гасцей горада”, — удакладніла іншая карыстальніца. Іншы каментатар выказаўся яшчэ карацей: “Згодны, ездзіць немагчыма, усю дарожную сетку неабходна мяняць”. Мазыранка прыгадала паездкі да бацькоў у розныя сезоны. Паводле яе, пасля зімы да разбітага пакрыцця дадаваліся горы непрыбранага пяску. “Потым яшчэ летам была — крыху лепш, вядома, але дарогі так і засталіся разбітымі”, — напісала яна.

У каментарах таксама звярнулі ўвагу на разметку: на многіх участках яна амаль сцерлася, а абнаўляць яе, паводле ўдзельніцы абмеркавання, не спяшаюцца.

Грошы з дарогамі не перасякаюцца

Прычыны гараджане спрабавалі знайсці самастойна. Адна з каментатарак выказала меркаванне, што праблема ў кіраванні рэсурсамі: маўляў, рабілі ўпор на сельскую гаспадарку, а пра дарогі забыліся. Суразмоўца запярэчыў, што сельская гаспадарка і гарадскія дарогі — розныя сферы адказнасці. “Не ведаю ўжо, што і з чым там перасякаецца, але тое, што грошы з дарогамі не перасякаюцца, — гэта адназначна”, — адказала яна.

Аўтару параілі пісаць звароты ў службу 115.бел. Ён адказаў, што да ямаў ужо прызвычаіўся і цяпер хоча зразумець, чаму горад апынуўся ў такой сітуацыі.

Зрэшты, наконт выключнасці мазырскай праблемы пагадзіліся не ўсе.

“Паверце, калі не па цэнтральных вуліцах Мінска праехаць, а па іншых, то мазырскія дарогі не надта адрозніваюцца ад другарадных мінскіх”, — напісаў адзін з каментатараў. Яшчэ адзін дадаў, што ў Калінкавічах не лепш.

Новага кіраўніка яшчэ ў маі прасілі пачаць з дарог

Дарожныя пажаданні мазырчукоў гучаць не ўпершыню. Яшчэ 18 мая 2026 года “Штодзень” пісаў пра прызначэнне Аляксандра Верамеева кіраўніком Мазырскага раёна. Да гэтага ён узначальваў Петрыкаўскі раён і працаваў у сельскай гаспадарцы.

Тады жыхары сфармулявалі для новага кіраўніка цалкам канкрэтную задачу:

“Станеш найлепшым, калі адрамантуеш дарогі!!!”

Аўтар таго каментара тлумачыў, што пасля цяжкага працоўнага дня хочацца нармальна даехаць дадому, “а не пятляць як заяц і не скакаць па ямах”. Асобна жыхары згадвалі праблемныя дарогі ў Зарэчным і на Пхове. З прызначэння прайшло амаль паўгода. Новая дыскусія не дазваляе ацаніць увесь аб’ём зробленага рамонту, але сведчыць: прынамсі для часткі аўтамабілістаў праблема застаецца. Кіраўнік змяніўся, а пажаданне па-чалавечы даехаць дадому пакуль актуальнае.

Штодзень

Слайдар пастоў