HomelDays_Logo_Main-mobil

“Мы стаміліся мерзнуць!” Гамяльчане заклікаюць стварыць петыцыю за ўключэнне ацяплення

У Гомелі патрабаванні ўключыць ацяпленне перарастаюць у заклікі да калектыўнага звароту. Жыхары скардзяцца на холад і сырасць у кватэрах, а ў Threads з’явіўся допіс з пазнакай “Петыцыя” і просьбай падтрымаць патрабаванне падаць цяпло.

Такая тэмпература паветра і вільготнасць у кватэрах жыхароў Навабеліцы па стане на 16 кастрычніка. Фота: з сацсетак

“Гомель! Петыцыя! Каб убачылі і дайшло куды трэба! Падтрымайце. Просім (патрабуем): уключыце ацяпленне!!! Мы стаміліся мерзнуць!!! SOS”, — напісала аўтарка допісу.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу публікацыя сабрала больш за 19 тысяч праглядаў. У каментарах гамяльчане пакідаюць плюсы і словы падтрымкі: “Падтрымліваю”, “Уключыце”. Пры гэтым у прыведзеным допісе няма спасылкі на асобную петыцыю — пакуль гаворка ідзе пра збор падтрымкі ў сацсетцы.

Цвіль на сценах кватэры ў адным з дамоў на Сельмашы праз падвышаную вільготнасць. Фота: сацсеткі

Да патрабаванняў цяпла дадаюцца скаргі на іншыя камунальныя праблемы.

“Чачэрская, 13. Ацяплення няма, ваду адключаюць праз дзень, яшчэ і ліфт пастаянна не працуе. Затое ў маі яшчэ, напэўна, ацяпленне было”, — напісала адна з удзельніц абмеркавання.

Як “Штодзень” паведамляў 15 кастрычніка, жыхары ўжо скардзіліся на мокрыя вокны, бялізну, якая не сохне, і халодныя ночы. Адна гамяльчанка расказвала, што ўдзень тэмпература ў яе кватэры падымаецца да +19 °C, а ўначы апускаецца ніжэй.

“Спаць даводзіцца ў касцюме, шкарпэтках і пад ватнай коўдрай, але прачынаешся — усё роўна нос і рукі халодныя. І гэта новабудоўля”, — дзялілася іншая жыхарка.

У адказ на скаргі канал “Гомель афіцыйна” напярэдадні нагадаў: падставай для запуску ацяплення ў жылых дамах стане сярэднясутачная тэмпература +8 °C і ніжэй на працягу трох дзён запар. Рашэнне прымаюць выканкамы з улікам тэмператур і прагнозаў Белгідрамета.

“Пры наяўнасці падстаў ацяпленне ў абласным цэнтры будзе ўключана”, — гаварылася ў паведамленні. Канкрэтнай даты ў ім не назвалі. Пры гэтым папярэдзілі, што пасля запуску выхад сістэмы на нармальныя параметры і развоздушванне стаякоў могуць заняць да дзесяці дзён.

Мяркуючы з новых допісаў, такое тлумачэнне жыхароў не супакоіла: замест чакання “падстаў” яны патрабуюць цяпла і спрабуюць разам дамагчыся адказу ад гарадскіх уладаў.

Штодзень

Слайдар пастоў