HomelDays_Logo_Main-mobil

Апошні шанец сказаць “не”: у Хойніках абмяркуюць ядзерны могільнік

10 верасня ў Хойніках пройдзе апошняя вочная сустрэча ў межах грамадскага абмеркавання будучага пункта захавання радыеактыўных адходаў. Хойніцкі раён застаецца адным з трох магчымых месцаў для будаўніцтва аб’екта.

Сустрэча пачнецца а 14:00 у Цэнтры культуры Хойнікаў па вуліцы Калесніка, 13, паведамляе БелРАА.

На значэнне гэтай даты звярнуў увагу эксперт па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб:

“Нагадваю, што 10.09.2026 у Хойніках пройдзе апошняе (!) грамадскае абмеркаванне ядзернага могільніка. Пасля закрыцця трэда ўжо нічога зрабіць будзе нельга”.

Хойніцкая пляцоўка — адна з трох, якія разглядаюцца для размяшчэння сховішча. Іншыя знаходзяцца ў Астравецкім і Мсціслаўскім раёнах, дзе вочныя абмеркаванні ўжо адбыліся.

Пры гэтым менавіта на Палессі праект сутыкнуўся з найбольшым супрацівам. Яшчэ вясной прадстаўнікі БелРАА прызнавалі: паводле іх уласнага апытання, больш за палову жыхароў у раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка не падтрымлівалі будаўніцтва аб’екта.

Пасля сустрэчы ў Хойніках серыя вочных грамадскіх абмеркаванняў завершыцца. Аднак пісьмовыя заўвагі да справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе яшчэ можна будзе падаваць да 30 верасня. Затым дакументацыю павінны дапрацаваць і перадаць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Канчатковае месца будаўніцтва пакуль не вызначана. Але для Хойнікаў 10 верасня стане апошняй магчымасцю абмеркаваць праект непасрэдна з яго прадстаўнікамі да пераходу працэдуры на наступны этап.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
5 рызык беларускага сховішча радыеактыўных адкідаў

Слайдар пастоў